Блюз уцекачоў
Кажуць, гэта буйны дзесяцімільённы горад,
нехта жыве ў палацах, нехта жыве ў норах:
але нам пакуль тут не месца, мая дарагая, але нам тут ня месца.
Калісьці мы мелі свой край і думалі, што гасцінны,
ты адшукаеш на мапе нашы мясціны,
мы не можам туды вярнуцца, мая дарагая, не можам туды вярнуцца.
Стары ціс расце на царкоўным двары -
ён штовясну аднаўляецца зноў, але пашпарт стары
так не можа зрабіць, мая дарагая, так не можа зрабіць.
Консул прамовіў, бразнуўшы кулаком:
-- Калі ты ня маеш пашпарту, ты лічышся мерцвяком! -
але мы яшчэ жывыя, мая дарагая, мы яшчэ жывыя.
Мне прапаноўваў сесці дабрадзей з камітэту,
а потым параіў звярнуцца сюды налета,
але куды нам ісці сёння, мая дарагая, куды нам ісці сёння?
Прыходзім на мітынг; там маладзёны
кажуць: «Калі ўпусцім іх, яны адбяруць хлеб наш надзённы!» -
яны кажуць пра мяне і цябе, мая дарагая, пра мяне і цябе.
Мне здалося, што гром у небе - і скаланула мой слых,
бо Гітлер крычаў Еўропе: «Вынішчыць іх усіх!»;
іх - гэта нас, мая дарагая, іх - гэта нас.
Вось дагледжаны коцік чакае вячэры,
вось швейцар адчыняе для пудзеля дзверы -
ім лепш за нямецкіх габрэяў, мая дарагая, лепш за нямецкіх габрэяў.
У порце стаім на прыстані параходнай,
плаваюць рыбы ў вадзе свабодна -
усяго ў пяці кроках ад нас, мая дарагая, усяго ў пяці кроках ад нас.
Крочым па парку, бачым птушак на дрэвах;
яны не маюць палітыкаў - няма пратэсту ў іх спевах,
бо птушкі - не людзі, мая дарагая, бо птушкі - не людзі.
Я прымроіў тысячапавярховы будынак,
дзе тысячы вокнаў, дзвярэй і паштовых скрынак -
але нашай між імі няма, мая дарагая, нашай між імі няма.
Стаім у заснежаным полі, і дзесяць тысяч салдат
маршавым крокам праходзяць туды і назад -
яны палююць на нас, мая дарагая, яны палююць на нас.
(пер. з ангельск. 2008, 2010)
{
спасылка на арыгінальны тэкст}