Feb 27, 2013 17:00
Галоўныя героі фільма, дзеі ў якім адбываюцца праз дзесяцігоддзі пасля Другой Сусветнай, - тыя пілоты-камікадзэ, якім пашчасціла выжыць. Трагедыя лёсаў смяротнікаў раскрываецца праз іх штодзённае жыццё і іхнія ўспаміны.
У тым, што ў фільме на такую тэму, як лёсы лётчыкаў-камікадзэ, ёсць чалавечыя пачуцці але няма ніякай ідэялогіі (ані мілітарысцка-імперскай, ані антываеннай), - у гэтым ёсць нешта вельмі японскае. І такое, што добра спалучаецца з кнігай Айвана Морыса (Айван Моррис "Благородство поражения. Трагический герой в японской истории") і з тымі японскімі сюжэтамі (мастацкімі і дакументальнымі), якія давялося пабачыць, - і робіцца пэўная выснова наконт японскай традыцыі гераізацыі. Асаблівасць духу гэтай традыцыі ў тым, што для японцаў вартасць героя не залежыць ад таго, перамог ён ці пацярпеў паразу, меў ён рацыю ці памыляўся (асабліва стратэгічна), прадстаўляў ён інтарэсы большасці народа ці нейкай групоўкі (яшчэ ім усё роўна, якой групоўкі)), які вынік на практыцы атрымаўся ад ягоных дзеяў... Важная толькі высакароднасць душы, ахвярнасць, храбрасць і маральная чысціня. Карацей, калі герой - сябар спецыфічнай і сумнеўнай групоўкі, памыляўся, пацярпеў паразу, і ўвогулле ягоная дзейнасць не прынесла карысці а то і прынесла шкоду, - гэта ўсё зусім не згашае гераічны німб у свядомасці японцаў. А то і надварот. Галоўнае - высакароднасць і чысціня.
Увогулле, японская традыцыя гераізацыі мне імпаніруе (яна бы мне зусім імпаніравала, калі б не шырокае выкарыстанне забойства як сродка палітычнай барацьбы).
Тым больш што ў святле гэтай традыцыі падаюцца смешнымі пытанні кшталту "ці ёсць Каліноўскі беларускім нацыянальным героем"...
японія,
япония,
развагі,
жыццё,
японскія фільмы