Фота - (с) Анна Макарова
1
горад краіна застылыя дні
стогнаў няма ад нямога жалю
нам навязалі законы гульні
мы ж неабдумана іх прынялі
па рэзервацыях нас загналі
мы жа на гэта сказалі дзякуй
мы акупанты радзімай зямлі
калабаранты і маскалякі
2
можна злавацца і ненавідзець
адрэналінам тым упівацца
можна гуляць у ахвяру тыдзень
ці ўсё жыццё абы не змагацца
можна штодзённа абвінавачваць
урад ці народ горкі лёс Расію
многа рэцэптаў віну прыгладзіць
і не зважаць што і мы такія
3
той выпадак калі аздобіць
гэта значыць нагадзіць крыху
то стрыт-арт ён у нас выходзіць
трагедыйны з шматзначнай пыхай
нібы прагнуць крыві праспекты
нібы хоча трагедый сэрца
твайго горад маркер гэты
ён нярвовы у паняверцы
4
мірны час гэта перавага
і магчымасць свайго змагання
персанальнай сваёй адвагі
на спатканні на скрыжаванні
гэта Мінск то падман маўклівы
у цывільным нябачны позірк
мірны час гэта годных дзіваў
плынь падводная тонкі дрыжык
5
беларуская смерць яна ўласна якая
ці бывае раптоўная куля ўрачыстай
падазрэнне якое ў кантэксце ўзнікае
барацьба вырашэнне праблем асабістых
што лагічна бо болей цікавых сюжэтаў
не бывае за дзеі і лёс персанальны
не бывае аповядаў лепш за партрэты
і працяг паміж датамі зачаравальны
6
усё прасцей чым здаецца ў тэорыі
вызваленне ўнутры пачынаецца
гарады нібы абсерваторыі
бачаць знічак з'яўленне з іх памяці
што сатрэцца адразу што ў шчыліны
уваб'ецца энэргіяй дзеяння
ну а смерць праменадам акрыленым
йдзе па вуліцах дбайна адмераных
7
імбрык завараны
ноч за аблокамі
шыбаў і ўскраінаў
спі сінявокая
ціха чакаю я
можа заверціцца
лінія тайная
малай мядзьведзіцы
8
а калі б не было грахоў
мяне б вабіла блізасць смерці
як акрэсленасць аркушоў
паэтычнае формы дзьверцы
хай бы жарсці мае грахі
не спынілі ў мірах паганых
хай замежныя берагі
будуць радасці вострай брамай
9
мірны час гэта добра бо можа
весці кожнаму свой джыхад
апантана ці асцярожна
ў палітычны ці іншы лад
ціхіх мінскіх праспектаў-вуліц
дух падмецены добры фон
пакрысе ўсё што трэба будзе
пад царкоўна-касцельны звон
10
беларуская цішыня
можа стацца яна падманам
мо зламаецца ўся гульня
і адкрыецца страшнай ранай
кленчыць з вераю па начох
і згаджацца на смешнасць дзеяў
мо і збудзецца што з радкоў
і галоўнае з тых надзеяў