Як бы сюжэт не заблыталі дні
бюракратычнай машыны,
усё зразумела ў краіне хлусні
ў час, калі ты - Джэльсаміна.
Чысты аркуш падарожных вачэй
бачыць: наўкол дыктатура;
дзіўнай хлусні яе вучаць дзяцей -
ды не здаецца натура.
"Праўду казаць" і "брахаць" - памяняў
нейкі тыран усе сэнсы,
толькі хлуснёй застаецца хлусня.
Выскачыў надпіс на сценцы:
"Лысы кароль Джакамоне, і то -
чыстая праўда!" - І шпарка
зноў адэкватнее горад катоў,
што развучыліся мяўкаць...
Казка нясе перамогу дабра
дзецям, і болей - дарослым:
вось не чакала я гэтакіх драм
зведаць у рэальнасці проста!..
Як бы не ўводзілі рэкі хлусні
ў транс - голас твой не адзіны;
адзінадумцы і вецер вясны
будуць з табой, Джэльсаміна.