Капіталізьм у Зялёным лузе, як і вясна, наступае вельмі позна. Калі я першы раз пабачыў яго, у 1975-м, гэта была вёска. І цяпер гэта, як ні круці, усяго толькі прадмесьце, мінская Поўнач, чо.
Мае паўднёвыя сябры даўно прайшлі азы капіталістычнага спажываньня. Прынамсі, німа ніводнага, хто б ня ведаў: харошае сьвята - гэта калі многа фотак з пралангіраванымі камэнтарамі, харошая музыка - гэта маса пазытыву на якасных носьбітах, а харошая літаратура - гэта калі кніжку не чытаў ні я, ні ты, але прэзэнтацыя ужо грэе сэрца.
Давайце ня блытаць "лібэральнасьць" зь "лібэраламі", а заможнасьць і рэспэктабэльнасьць - з "капіталізмам". Зь пісьменьніка Адама Глобуса такі ж буржуа, як з палітыка Уладзімера Коласа - лібэрал. Як на мяне, хай сабе буржуазны аўтар і шэляга ламанага за душою ня мае, але ты ўсё адно хочаш яго з'есьці. Усяго цалкам, усе анонсы, прасьпекты, сустрэчы у клюбах графаманаў, усе сэрыі і пасьлямовы, нахабныя самапаўторы і благія пераклады. Не, сыквэлаў не прапаноўваць, Календу ня хаваем.
Я яго ем, таму што ён мой. Я-такі стаў беларускім буржуазным чытачом, і маю права на свайго беларускага буржуазнага празаіка. Вершаў ня нада - іначай на прэзэнтацыі паэты хадзіць саўсем перастануць. Як тады ацэньваць калярыйнасьць ежы? Два дзясяткі да-індустрыяльных адраджэнцаў ня лічацца, яны гарадское мяса ўвогуле не стравуюць.
Буржуазны празаік - "гаранція якасьці", але мы, прафэсыйныя спажыўцы, ведаем, што "канешне, ж нам нравіцца ня ўвесь". Мы не фанаты, мы кушаем. Зрэшты, дома на паліцы ніводнае пушкі з Прадуктам, усё з'едзена, чо.