Натхненне са смакам капучына

Apr 14, 2012 16:24




Капучына мяне натхняе.Так прыемна бывае заехаць па дарозе на працу ў адну кафейню і ўзяць з сабою кубачак гарачага напою з густой малочнай шапкай і абільнай карычнай посыпкай.Апошнія пару прыпынкаў звычайна еду ў тралейбусе і смакую маленькія малочныя пульхіры са смакам карыцы і водарам моцнай кавы.Рэдкія спадарожнікі кідаюць тады на мяне крывыя позіркі, але жаданне напіцца капучына перамагае кожнага разу маю сарамлівасць.
Але дома я рэдка п'ю каву.Настолькі рэдка, што нават бліскучая джэзва прастаяла колькі год ў самым далёкім куце шафы з крупамі, і яе абрала сваім раскошным палацам тлустая-тлустая моль.Але вось сёння мне захацелася зрабіць сабе дома свята, і моль ляніва пакінула сваю сядзібу, нешта буркнуўшы на развітанне, а я не паспела яе прыхлопнуць. Тут жа на гарызонце з'явіўся цікаўны Макс і завірашчаў, каб яму аддалі ў непадзельнае карыстанне новы "рондальчык" з даўгой лыжкай. Прапановы пагуляцца з іншымі кухоннымі прадметамі былі прынцыпова адвергнуты таму давялося рабіць каву пад гукавое суправаджэнне Максавай сірэны.Макс сціх толькі , калі я дастала міксер, каб узбіць гарачую малочную пенку.Яшчэ хвіліна і кава ўжо дыміцца на стале, а Макс нарэшце атрымаў джэзву з даўгой лыжкай.
Ах, гэтыя маленькія малочныя пульхірыкі са смакам карыцы! На дне майго кубка мяне чакалі два вершнікі , Эйфелева вежа, егіпецкая піраміда, доўгі шлях ды сацір на ім граў нешта аўтэнтычнае на дудзе.....
А Макс не піў і не глядзеў на дно кубка, але вырашаў паказаць мне пару "фокусаў" з джэзвай.Файна...
Пайду ствараць чарговую сукенку








Previous post
Up