Яе больш няма з намі.Калі я сказала аб гэтым сястры, то пачула ў адказ: "Яна так шмат чаго зрабіла добрага проста мімаходам,а ў мяне засталася толькі яе фотка ў тэлефоне.Шкада."
Хочацца верыць і маліцца аб тым, каб ёй было там лепш.
Пакунак з Канады не даваў мне спакою.Ужо больш за месяц, як ён сіратліва чакаў сваю гаспадыню,Ружану.Але тая ўсё не ішла.Маё цярпенне растала недзе 24 сакавіка.І вось я набрала даўно мне вядомы на памяць нумар тэлефону.У слухаўцы я нечакана пачула голас Арыны....
-А чаму вы не ідзеце за запрашэннем?
-Ой, Рэгіна, я зараз дап'ю каву і прыеду,-схамянулася Арына.-Недзе праз гадзінку.
Гадзінка, як заўжды, ператварылася ў дзьве, пасля ў тры, пасля амаль у чатыры.Нарэшце, калі я канчаткова страціла надзею,у дзверы пазванілі.На парозе стаяла Арына.У чорнай шырачэзнай куртцы, у фіялетавых гумовіках з торбай на плячы.Загарэлая...Яна ўсміхнулася ды й прамовіла такое знаёмае і ўласцівае ёй адной,ціхае і мілае: "Прывітанне!"
Мы сядзелі на кухні, я карміла Макса цыцкай, Арына піла гарбату і распавядала пра сваё жыццё.Мы не бачыліся цэлых ТРЫ гады! А вось здаецца толькі ўчора.
-Я жыву то тут, то ў Польшчы.Ведаеш, мне падабаецца Варшава,але там дорага для мяне.У Беларусі пасля Польшчы я задыхаюся..Вось думаю лета правесці ў Мікушэва.....
-Ты ведаеш, я так ганаруся Франакам... Раней я-гэта была я, Вінцук быў вядомы таксама, а зараз я прыехала да Франака, а я-гэта ПРОСТА МАМА Франака. Я ніколі не думала, што ў мяне вырасце такі сын!
-Ведаеш, у мяне ж праблемы са здароўем.Я думала ў які санаторый з'ездзіць, але Франак мне прапанааў з'ездзіць на Канары.Уяўляеш, я была на Канарах,там, дзе амаль няма рускіх!...
-Я перажываю за Даніка, ён пайшоў у школу, і ў яго праблемы з каталонскай мовай.Радзе даводзіццца з ім дадаткова займацца....
-А ведаеш, як класна ў Барсэлоне! Ты абавязкова павінна прыехаць у Барсэлону,з Вільні можна вельмі танна даляцець,толькі жыллё трэба там знайсці загадзя....
Яна ўсё гаварыла і гаварыла.А я ўсё слухала яе ды разглядала яе загарэлы твар.Як даўно мы не бачыліся. я стала ёй распавядаць пра Макса, пра яго нараджэнне,прыгоды ў сямёрцы.Раптам я заўважыла, што позірк Арыны стаў нейкі шкляны: "Зрабі мне можа кавы, а то я засынаю, а мне яшчэ на лецішча ехаць!" Я зрабіла ёй кавы, а яна дастала з торбы свае бутэрброды:" Усёроўна я на лецішча ненадоўга еду, а есці ўжо зараз хачу."
Я вырашыла не мучыць Арыну сваімі расповядамі.Яна выпіла каву, павесялела дый заспяшалася на электрычку.
-Я пагутару з Радай наконт жылля для беларусаў,- сказала Арына, апранаючы сваю чорную шырачэзную куртку.
І яна пайшла, а я толькі глядзела на яе фіялетавыя гумовікі, што пераступалі парог маёй хаты..Хто б мог падумаць, што гэта ў апошні раз....