А як будзе больш па-беларуску? Ці па-большбеларуску?

Aug 03, 2014 13:02

Дзясятую частку "Праклёна" Гапеева ўчора прачытала. Уражаннямі ад рамана падзялюся потым абавязкова. Пакуль што крык душы, які больш датычыцца, напэўна, не Гапеева, а карэктара і рэдактара. Выкладнік універсітэта і загаднік кафедры - гэта што такое наогул? Самае жудаснае, што гэтых выкладнікаў яндэкс выдае ажно 242 адказы, загаднік - 198. Гугліць лянотна. У бібліятэку мне зараз не патрапіць, каб пакапацца ў слоўніках, але на слоўніку.орг гэтыя перліны знойдзены толькі ў Трасянка-беларускім слоўніку (Пацюпа). Адгадайце, хто рэдактар рамана.

Ну вось навошта, навошта гэтыя моўныя вычварэнні? Я яшчэ разумею, калі ты прапаноўваеш знаёмым купіць пячэнне да чаю, а яны вельмі так выразна згаджаюцца, што да гарбаты трэба было б печыва купіць. І што ў варыўні стаіць лядоўня, а халадзільнікі толькі саўкі купляюць. Гэта я яшчэ магу зразумець. Але такія простыя і звыклыя словы навошта перамяняць. Якім чынам адзін суфікс стаў лепшым за другі? Давайце тады і "Перапісчыка" Багдановіча на перапісьніка заменім. А што? Ці, напрыклад, будзем пісаць загадоўца і выкладоўца.

Апошнім часам усё часцей адчуваю, што не ведаю беларускай мовы. Што кожны, хто не лянуецца, а тым больш той, хто лічыць сябе элітай, мае права ў любы момант адкапаць нешта ў нейкім слоўніку ці, яшчэ лепш, выдумаць, а ўсё астатняе абвясціць састарэлым хламам.

П.С. Вось толькі што знайшла яшчэ: "на ўсю патоку".

Яшчэ адно П.С. Я ведаю, што мова развіваецца, змены непазбежныя, савецкі варыянт беларускай мовы моцна зрусіфікаваны і г.д. Я зараз не пра гэта.

беларуская мова, мова, літаратура

Previous post Next post
Up