Страшна хацелася на які канцэрт выпліснуць усё набалелае, ды эканамічны крызіс нешта не даваў. І на гэты рок-фэст вельмі хацелася, але надзеі было мала. Так атрымалася, што вельмі пашасьціла: і спонсар знайшоўся, і кампанія. Праўда, у выніку адна прабралася пад сцэну і зразумела, што танчыць, як і гуляць па эўрапейскіх гарадах, адной нават у кайф.
Адзін пантовы фотакор усё любіць мне паўтараць, што трэба бы вызначыцца, хто ты на тых ці іншых мерапрыемтвах: фотакор ці ўдзельнік. На такіх я адназначна ўдзельнік, не без жаданьня пафоткаць, канешне) Праўда, пару чалавек побач не хапала, на каго фоцік моржна сплавіць і прыгаць… Але гэта ўсё вырашальна)
Пра само мерапрыемства. З аднаго боку, узгадваюцца канцэрты лета-верасьня 2006 года на Бангалёры, калі канцэрты насілі больш палітычны характар, танчыць заміналі палітычныя выступы, але затое сымволікай машы-не-хачу. Яшчэ павольней на Басах ці ВіФры якіх, але там народу паменш і ўсе ў асноўным сьпітыя. Таму адрозьненьне Bela Music-2009 менавіта ў такіх фактарах, як амаль поўная адсутнасьць пьяных (што плюс), але і немагчымасьць сьцягам там памахаць (мінус, але што не зробіш для музыкі).
Чула, безумоўна, якія намаганьні прыклалі арганізатары, каб дадзенае мега-мерапрыемства адбылося, цяжка тое ў нашай бюракратычнай дзяржаве, але яны героі, і зноў прамялькнула слова “лібэралізацыя”) Карацей, крута, што можна патанчыць пад любімыя беларускія гурты на роднай зямлі, а не за бугром. Гук, сьвятло, экран на фоне, вагні - усё ўражвала. І невялікія тэхнічныя недарэчнасьці абсалютна не заміналі.
Пра выступоўцаў. Прыкольныя вядучыя, але хацелася б, канешне, у ідэале, каб усе вялі па-беларуску. Даўно не бачыла Дзяцей Дзяцей, настрой паднялі. Нават сабе зьдзівілася, як пад Палац нават танчылі пад дажджом. На НН зараз ідуць вялікія спрэчкі пра выступ Ялфімава. Я была пад самай сцэнай і скажу так: у мяне ёсьць здымкі, як хлопцы ў сярэдзіне натоўпу паказвалі яму факі на працягу ўсяго выступу, вапілі “Дадому”, “Уходи!” і “Не!” на яго жаданьне працягнуць. Пры гэтым знаходзіліся тыя, хто ім казаў “Да ціха вы! Супакойцеся!”. Асноўная маса па беларускай традыцыі ціха ржала і затыкала вушы на моцныя галасавыя вібрацыі нашага прадстаўніка на Эўрабачаньні. Адна бляндыністая дзяўчына стала сьпяваць разам з Пецям нейкую песьню, на што яе сяброўка сказала “Ты што???”. Адказ быў просты: “Ну мне яго шкада!”. Вось так. Сьцёбны плякат падняў настрой усім.
Насамрэч, даволі розны быў склад выступоўцаў, ды і публіка была адпаведная. Былі тыя, хто на памяць сьпявалі ўсе песьні “Без билета” і “J-Морса”, але значная частка калбасілася жорстка пад Дзюбілей, Краму і зваліла на “лідэра продаж у містэрыі гуку”.