Падваконьне

May 18, 2007 19:31

Ня так часта ты сядзіш зьвесіўшы хадзілкі долу з восьмага паверха. Ня так часта ты пры гэтым не глядзіш ў неба на шматабяцальныя аблокі. А яшчэ радзей ты глядзіш не пад ногі зь ясным уяўленьнем падзеньня, але на маленькага хлапца, што цябе зусім не заўважае.
 У яго іншыя заняткі. Цікавейшыя за твой дэпрэсьняк.
 Вось палачка. Звычайная такая. Галінка. Яе могуць узяць ты, яна, яны, мы, вы, я... Банальна. Яна ў рукох Яго. Зямля не адразу ўспрымае тырчок дрэва- намагаецца захінуцца сакавітай травінкай. Не атрымліваецца. Няўдачніца...
 А вось і кавалак у рукох гарэзы. Ён нават яго не мацае. Не намагаецца знайсьці штосьці новае, няяснае, сьвежае. Не падобнае на нас. Камель зямлі - у лужу!!!
 Назіраеш за павольным згасаньнем рытмікі хваляў, а ён ужо дасылае наступную порцыю патэнцыйнага бруду ў чаканьні пырскаў.
"Зьдзек нейкі" - думаеш ты, але ўсё адно захоплена працягваеш назіраць за наступнымі выдзіраньнямі камлёў. З зайздрасьцю.    Ты так ужо ня можаш:Гэты кавалак - кавырну нізам. Гэты вынясу мяцельскімі рухамі. Той - пальцамі ног... Твой ТэхПрацэс тут зусім недарэчны.
- А цяпер направа!налева!долу!угару!

Сьмяесься. Незаўважна матляеш рукой, што здыхае ад "тунэльнага сындрому" і падбіраеш ногі пад сябе. Ля калюжыны спыняецца машына - Любімы Дзед. Трэба выкінуць палку і сесьці на любімае пярэдняе мейсца.
Дзед сьмяецца, жмурыць вочы праз вячэрняе сонца і абяцае "надаваць па срацы", але грукат рухавіка заглушае ягонае журлівае буркатаньне і ты(!) нясесься са сьмехам і зубатай дзіркай да вушэй наперад чырвонаму сонцу.
 На зямлі ляжыць галінка. Яе мінае твой сусед заняты мабілкай і нейкая парачка з калыскай і тлумнымі галавамі.
 Ты зноўку дорыш сваім ступням палёгку ветра і пераводзіш вочы ўгару ў пошуках шматабяцальных
аблокаў. Нажаль, там сёньня ясна.
Previous post Next post
Up