Працягваю зьдзеквацца са сьветлай памяці Жака Брэля. Дзякуючы канструктыўнай крытыцы lady_z_shalomam, сёньня крыху выпіў, дапісаў куплет і вярнуўся ў правільны рытм.
А на відэа зусім іншая песьня, дзе Брэль такі малады...
Click to view
Ў амстэрдамскім шынку напявае матрос
Свае сны, што вабяць яго ў акіян.
Ў амстэрдамскім шынку засынае матрос,
Покуль ветразі лашчыць у бухце туман.
Ў амстэрдамскім шынку памірае матрос,
Поўны піва і сьлёз, за бяседным сталом,
Але ў порце ўжо зноў нарадзіўся матрос,
Калі плюнула сонца дзіцячым сьвятлом.
Ў амстэрдамскім шынку назірае матрос
Як лупцуюць матросы адзін аднаго.
Ім ня трэба прычын для забавы мужчын,
Ні варожых багоў, ні чужых берагоў.
Ў амстэрдамскім шынку ўспамінае матрос
Пра Лібаву і Гамбург, дзе біўся ён сам,
Дзе шпурляў кулакі, каб угрызьціся ў лёс
І каб з поўні зрабіць маладзік-круасан.
Ў амстэрдамскім шынку над абрусам, як сьнег,
Рве зубамі матрос рыбін хвост і свой сьмех.
Ён сыходзіць адліць, там дзе поўня-арэх,
Па дарозе назад зашпіляе прарэх.
А навокал матросы запрашаюць жанчын,
Каб паціскаць у танцы і ўзяць у палон,
Каб кружляць, нібы сонцы, сьцёгны ім церучы,
Ажно покуль ня змоўкне п'яны акардыён.
Ў амстэрдамскім шынку выпівае матрос
Свой кілішак нагбом за партовых блядзей,
П'е за чаркаю чарку, задзіраючы нос,
І смаркаецца ў зоркі, каб на неба глядзець.
А вакол ужо п'юць за прыстойных кабет,
Што таксама даюць, хоць нашмат даражэй,
І я сьлёзы лію, праклінаючы сьвет,
Дзе мы разам плывем да апошняй мяжы
У свой порт Амстэрдам,
У свой порт Амстэрдам.