Амстэрдам

Jul 18, 2012 01:43

Напісаўся напаўпераклад-напаўварыяцыя на тэму Брэлеўскай песьні. Дасьведчаныя людзі - напрыклад, Хадановіч - мяне пэўна асудзяць, бо з чатырох куплетаў засталося тры, зьнікла высокае і нізкае чараўніцтва, ды і ўвогуле я францускай мовы ніколі не вучыў. Але калі б ведаў францускую, хіба мне прыйшло б у галаву нешта прыдумляць? Можна было б проста пяяць следам за Брэлем.

image Click to view



У амстэрдамскім порце сьпявае матрос
Свае сны, што вабяць яго ў акіян.
У амстэрдамскім порце засынае матрос,
Покуль ветразі лашчыць у бухце туман.
У амстэрдамскім порце памірае матрос,
Поўны піва і сьлёз, пад сьвятлом ліхтароў,
Але ў тым самым порце нарадзіўся матрос
Калі сонца ўзышло па-над дахамі зноў.

У амстэрдамскім порце над абрусам, як сьнег,
Рве зубамі матрос рыбін хвост і свой сьмех.
Ён сыходзіць адліць, там дзе поўня-арэх,
Па дарозе назад зашпіляе прарэх.
А навокал матросы запрашаюць жанчын,
Каб паціскаць у танцы і ўзяць у палон,
Каб кружляць, нібы сонцы, сьцёгны ім церучы,
Ажно покуль ня змоўкне п'яны акардыён.

У амстэрдамскім порце выпівае матрос
Свой кілішак нагбом за здароўе блядзей,
П'е за чаркаю чарку, задзіраючы нос,
І смаркаецца ў зоркі, каб на неба глядзець.
А вакол ужо п'юць за прыстойных кабет,
Што таксама даюць, хоць нашмат даражэй,
І я сьлёзы лію, праклінаючы сьвет,
Дзе мы разам плывем да апошняй мяжы
У свой порт Амстэрдам,
У свой порт Амстэрдам.

Пераклады, Відэа

Previous post Next post
Up