Aug 16, 2012 22:12
Калі ж пачаўся мой, так сказаць, "духоўны пошук"? Не, нават не ў васемнаццаць: адкрыццё псіхадэлічнага трыпу. І не ў дзевятнаццаць: першая кніжка Оша. У чатырнаццаць: узрост, калі пацяклі першыя месячныя.
Да чатырнаццаці ўсё было больш-менш ясна, мягка і ўтульна. Вясна сёмага класа, магчыма, была самай апошняй нармалёвай, чалавечай вясной. Я загадзя рабіла ўрокі, аддана рашала дадатковыя задачкі па фізіцы... А ў чатырнаццаць -- піва, цыгарэты, рок-канцэрты. Школа -- вораг і сістэма, якія там урокі загадзя!.. Валасы ярка-рыжыя. І вострая адзінота, якой не было дагэтуль. Лепшая сяброўка рэзала рукі лязом, я не рэзала, але спрабавала. Так тое, што ў духоўных трактатах называецца "пакуты", стала выразным. Але ж выразныя пакуты -- гэта і блаславанне, бо яны крык, прага Вечнай Крыніцы.
... Вось пра што крычалі мае ярка-рыжыя, эпатажныя валасы: "Мне тужліва і цяжка! Вярніце Веданне..."