Маленькі апакаліпсіс на вуліцы Бабарэкі

Jan 07, 2017 12:12

Паліттэхнолаг Адам Сублімук любіў вячэрнія шпацыры,
асабліва па стрэмных раёнах.
Аднойчы ў закінутым скурвендыспансэры
ён падабраў маленькага армагедона.

Канешне, жонка Ева была ў шаленстве.
І я разумею яе духоўную пазіцыю.
З іншага боку, Адам з маленства
марыў зладзіць усепланетную інквізіцыю.

У выніку жонка адправілася да харона,
а за ёй - рэшта насельнікаў дома па вуліцы Бабарэкі.
Бо ня варта ўступаць у канфлікт з армагедонам,
нават калі ён маленькі.

Свайго агрэсіўнага зьвера Адам карміў
сьвежаю і смачнаю прапагандай.
Неяк па-свойму любіў і нават ня біў.
Плюс навучыў выконваць прымітыўныя каманды.

Яны будавалі шалёныя планы і маглі
шмат крыві папсаваць грамадзянам многіх дзяржаваў.
На шчасьце, аднойчы да іх у госьці зайшлі
хлопцы з байцоўскага клубу "Добрыя справы",

пасля чаго Адам доўга ляжаў са струсам мозгу ў рэанімацыі,
выпісаўся і працуе цяпер ідыётам на паўтары стаўкі.
А маленькі армагедон здох, не перажыўшы кастрацыі.
Пра яго ўваскрашэньне паліттэхнолагі ўжо сачыняюць байкі.

вершыкі

Previous post Next post
Up