Эміграцыя

Mar 19, 2013 13:40

Той, хто скажа, што ніколі не хацеў з'ехаць з Беларусі, схлусіць. У мяне, у адрозненні ад большасці жыхароў нашай краіны, заўсёды існавала рэальная магчымасць сабрацца і зваліць. Дастаткова было сабраць дакуманты і падаць іх у пасольства для рэпатрыацыі.

Куча маіх знаёмых і сяброў ужо з'ехалі. Калі б і я зрабіла так жа, то як мінімум у эканамічным плане, у мяне б было ўсё больш спакойна, стабільна, арганізавана, я магла б дзеля задавальнення сваіх жаданняў працаваць на адной працы, браць бальнічныя, адпачываць у выходныя, магу спрачацца, ужо б набыла сабе домік і накіроўвалася б на адпачынак у цёплыя страны пару разоў у год, дакладна б мела прыстойную пенсію.

Чаму я да гэтага часу ў такім выпадку тут?  У мяне, у адрозненні ад большасці жыхароў Беларусі, з нейкага моманту жыцця існуе моцнае адчуванне радзімы.  І таму і атрымліваецца, што я тут не таму, што не магу з'ехаць, не таму што не магу вывучыць мову, не таму, што баюся не знайсці працу - мне проста тут падабаецца. Мне падабаецца вяртацца ў Беларусь з замежных паездак, мне падабаецца адчуваць сабе беларускай, я лічу... спадзяюся, што, негледзячы на дэбільныя беларускія ўлады, Беларусь прастаіць тут яшчэ стагоддзі. Гэта ўсё без пафасу, так яно і ёсць, бо інакш бы мяне тут ужо не было.

Я разумею, людзей, якія з'язжаюць з Беларусі ці то пад палітычным ціскам ці то праз эканамічныя прычыны. Я не разумею, калі бачу ў некаторых блогах і сацыялках жаль да тых, хто застаўся, пагарду да іх, як да тых, хто проста не здолеў. А я вось ведаю людзей, якія застаюцца тут таму, што ім тут добра, высокаадукаваных з веданнем моваў. І такіх людей, я думаю, будзе ўсё болей, бо хаця у палітычным плане Беларусь застаецца закрытай дзяржавай, але ў эканамічным усё не так і сумна. Трэнд стагоддзя жыць дома, а грошы зарабляць дзе заўгодна. Гэта, канечне, можа быць не заўважна для тых, хто з'ехаў 5-10 год і бывае тут адзін раз, каб паплявацца, бо год пасля ад'езду ты яшчэ разумееш, што адбываецца, два гады - з цяжкасцю, пяць год - і ніякі інтэрнэт і расповяды знаёмых не дапамогуць, губляецца цэльная карціна сусвету, выпадаеш з абоймы (у палітыкаў і журналістаў можа быць і яшчэ хутчэй).

П.С. У мяне ў галаве, тым ня менш, захаваліся некалькі варыянтаў развіцця падзеяў, пры якіх, я думаю, прыйдзецца з'ехаць. Першы, я вынайшла гадоў пяць-сем таму - не хачу і не буду жыць у Беларусі, калі яна згубіць незалежнасць. Нехта, можа спадзявацца на тое, што ў такім выпадку праз 200 год Беларусь як Шатландыя атрымае свой парламент))) Але ў мяне цярпення не хопіць.

Ну і ... асабістая, да якой я прыйшла зусім нядаўна, - я б эмігравала, калі б гэта было непазбежна для партнера - мужа - і для захавання сям'і. Не магу сабе ўявіць адносіны на адлегласці - менавіта сямейныя адносіны - таму мая праца лягла б у мой чумадан разам з маім кампутарам і спадзяваннямі на вяртанне. 

жыццё, асабістае, думкі, Беларусь

Previous post Next post
Up