Пра Лукашэнку і беларускую мову

Oct 25, 2014 14:31

Упершыню з 1998 году Аляксандар Лукашэнка сустрэўся з беларускімі пісьменьнікамі. “Я дзве гадзіны паразмаўляю на беларускай мове, і вы не адрозьніце маю гаворку ад сваёй” -сказаў пісьменнікам кіраўнік Беларусі. Гэтым разам узгадаў Лукашэнка і клясыкаў беларускай літаратуры Купалу, Коласа, Багдановіча, Мележа, Караткевіча і Быкава. Зрэшты, яго станаўленне да некаторых з іх нам даўно знаёма. Старшыня Беларускага ПЭН-цэнтру Андрэй Хадановіч у інтэрв'ю “Свабодзе” адзначыў, што быў прыемна шакаваны, калі на пяціхвіліннае запытанне атрымаў ад Лукашэнкі паўтарагадзінны разгорнуты адказ па ўсіх пунктах. Лукашэнка ўжываў у размове беларускую мову. Мінулым летам упершыню за шмат гадоў Аляксандр Рыгоравіч выступіў са святочнай прамовай па-беларуску падчас святкавання афіцыйнага Дня незалежнасці. А за апошні месяц мы не раз пачулі меркаванне Лукашэнкі і ягоных паплечнікаў пра каштоўнасць беларускай мовы і магчымую катастрофу ад яе страты.


Сяргей Навумчык, дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі, каардынатар парлямэнцкай Апазыцыі БНФ у 1990-1996 гадох, піша ў сваім Фэйсбуку: “Па вопыце кантактаў зь ім на працягу пяці гадоў (1990-95) ведаю, што мовай ён валодае значна лепей за некаторых актывістаў апазыцыі (у чым няма ягонай заслугі і няма віны актывістаў, але пра гэта пазьней). Лукашэнка мог свабодна гаварыць па-беларуску, меў прыстойны лексычны запас, ён лёгка пераключаўся, -- але гэта здаралася ў адзінкавых выпадках”.

Што я думаю пра ўсё гэта? Абсалютна любога палітыка трэба ацэньваць па справах, а не па пустых дэмагагічных прамовах. На справе ж ўсё зразумела: цэнзура беларускай культуры, дыскрымінацыя беларускамоўных, пагалоўная русіфікацыя, манапалізацыя рускай мовай ўсей грамадскай прасторы, панаванне “великого и могучего” у справаводстве, адсутнасць нармалёвых умоў для беларускай адукацыі і г.д. А ўсё залежыць ад указання ўсяго толькі аднаго чалавека. Калі б Лукашэнка сапраўды клапаціўся пра лёс беларускай мовы, ён бы вярнуў нашай мове статус адзінай дзяржаўнай. Але Аляксандр Рыгоравіч на гэта ніколі не пойдзе. Пры іншых роўных умовах, суіснаванне двух дзяржаўных моў абавязкова прывядзе да дыскрымінацыі беларускай мовы і паставяць яе пад пагрозу знікнення.

Прайшоў той час, калі пісьменнікі былі ўладарамі думак шырокіх масаў насельніцтва. Беларусы чытаюць мала. Яшчэ меньш яны чытаюць па-беларуску. Массы прагнуць папулізму. Афіцыйны Менск гэта разумее. Зрэшты, Лукашэнка ўспрымае культуру ўтылітарна, толькі як галіну народнай гаспадаркі. З-за гэтага яго ўспрыманне мы і назіраем культурны дэкаданс і моўную дэградацыю беларусаў. Але расейска-украінская вайна адкрыла вочы шмат каму. Нарэшце мы зразумелі, што родная мова -  гэта нацыянальная бяспека ад рускага мядзведзя. Рана казаць пра зрух парадыгмы, але прабеларускі трэнд паволі набірае абароты. Улада гэта таксама разумее і хоча выкарастаць гэты трэнд у сваіх уласных інтарэсах - кансалідацыі розных сегментаў беларускага грамадства. Вам вырашаць, добра гэта ці дрэнна. Для мяне відавочна адно: калі на тэрыторыі Беларусі раптам з'явяцца зялёные чалавечкі, менавіта я гатовы буду пайсці на хаўрус нават з самім д'яблам. Што ўжо і казаць пра Аляксандра Рыгоравіча, які баіцца рускай вясны не меньш за мяня.

Аднак нягледзячы ні на што, варта памятаць, што Лукашэнка і нацыянальныя каштоўнасьці - рэчы несумяшчальныя. Яго прататып ўдала апісаў Міхаіл Афанасьевіч Булгакаў. Наш Шарыкаў не толькі загаварыў па-чалавечаму, а стаў яшчэ і камісарам. Але не атрымалася ў яго стаць сапраўдным чалавекам. Як быў псінай, так і застаўся ў сваіх паводзінах. Магчыма з гэтым экзэмплярам папрацаваў прафесар Прэабражэнскі. Толькі хто гэты прафесар мне пакуль невядома.



ВяртаемМову, Лукашенко, Беларусь, ШОС, Лукашенка, мова

Previous post Next post
Up