Ізноў Шатраўскі

May 28, 2019 10:39

Ну вось, у Менску заўтра творчы вечар Кшыштафа Шатраўскага, якога мы з Таццянай перакладалі на беларускую мову. Мы паедзем, каб прачытаць некалькі нашых перакладаў.



Вось яшчэ адзін пераклад:
Прадавец імёнаў

запісваю імёны на пяску
рухаюся крокамі сляпога
аднак бачу далёка і ясна
рынак быццам палае ў сонцы
сцены горада ўзносяцца гордым кардонам
і няхай так будзе заўсёды
няхай паркі квітнеюць шалёна
залюдняюцца вуліцы, а блакітныя трамваі
кацяцца ўздоўж ўзнёслых цяністых алеяў
і яснымi стануць няхай ўсе імёны
і праўдзівымі, добрымi будуць
іх прадаю без прыбытку
можа знойдзе сабе тут імя
тая дзяўчына са смуткам ў вачах
што йдзе па іншаму краю дарогі
няхай прачытае сваё імя хлопец
што глядзіць як цячэ вада
у мяне ёсць імёны з гарантыяй на ўсё жыццё
ёсць танныя на адну ноч і здаецца
запісаў ужо ўсе хоць так шмат
засталося ў забыцці
што не здолею нават вымавіць іх
неба чыстае як позірк анёлаў
хістаецца зелень параненым цмокам
а мая маладосць яшчэ спрабуе змагацца
з апошнімі пераследнікамі аднак нядоўга
нядоўга i iм iснаваць
зараз знiкнуць
зараз
мае павекi апускаюцца ціха як брама
выкаваная з чарнёнай сталі
як дрэва што нахіляецца ў засяроджанні
над пакалечаным камянём
мая бяззубая старасць знаходзіць спакой
паўтарае астатнiя ноты ўсіх літаний
і ўвесь час той самы голас, тыя самыя словы
выпісвае вецер, зацірае паспешныя крокі
як доўга яшчэ

поэзия, переводы

Previous post Next post
Up