Дзяды

Nov 10, 2009 16:47

Вось і мінуў я кагадзе свае 28. Дата не гучная, таму не святкаваў. Адно прыемна, што амаль супадае яна з прыгожай традыцыяй святкавання "Дзядоў" на пачатку лістапада. Таму і мне прыстойна было б узгадаць сваіх продкаў у гэтыя восеньскія дні. У сеціве зараз чаго толькі не начытаешся пра "Дзяды". І пра нейкую там штучнасць, і пра дзікунства, і шмат шчэ чаго. Некаторыя толькі забываюць, што гэтае "дзікунства" ёсць кавалкам таго, што адрознівае нас ад суседзяў, а раней літвінаў адрознівала ад караняжаў, альбо маскавітаў. Але што там нашыя сённяшнія разважанні! Жыў бы зараз той "дзед", пачуў бы ўсё гэта, пачухаў бы чупрыну, потым заляпіў бы кожнаму, прабачце, пад сраку са словамі:"Надта вы, курві сыны, разумныя тут пазбіраліся. Лепш за нас ведаеце, як мы жывем. Дык вось вам яшчэ навука..." :)) Лепш дам слова начальнику транспортного цеха чалавеку, які сам яшчэ тых дзядоў бачыў, ды штосці паспеў запісаць...




"Дзяды" на Літве.

Артыкул Г. Віньчы, апублікаваны ў часопісе "Tygodnik Ilustrowany", №44 за 1904 г.
Пераклад з польскай - pan_demetrius

Прыгожае і тужлівае святкаванне “дзядоў”, так паэтычна апісанае нашым песняром - яшчэ часамі адзначаецца ў закутках Літвы. Амаль знікла яно пад моцным уплывам касцёла, але захавала яшчэ шмат традыцыйных элементаў. Адбываецца каля Задушак, інакш ў суботу (часам, у сувязі з постам, у нядзелю) на трэцім тыдню пасля Ружанцовай, а менавіта 22-27 кастрычніка.

Позняя восень. Ужо мінулі вясновыя надзеі і трывогі, заціх нястомны гул лета, не разлятаюцца ўжо спевы сярод узыходзячага жыта, заціхлі жніва, талакі, не брынчаць косы па квітнеючых лугах… і дзяркач пакінуў лугі ды палі… Бывай лета! Бывай летняе сонца! Бывай!

І сцеліцца па зямлі жоўты каберац з лісця, насычае паветра восеньскі пах… Часам паскоча вавёрка па галінах, часам зашалясціць у папараці ліс альбо барсук, спяшаючыся на зімовы ложак - да зямлі. І цішыня, велічны спакой.

Чалавек адпачывае пасля турботаў: гумны ды пуні поўныя, скаціна сытая, дастатак найвялікшы за год. Варта б, сабраўшыся ўсёй сям’ёй, адсвяткаваць і ўжыць шчодрага ўраджаю, і падзякваць яго Дарыльніку, развітацца з пекным летам і летнім сонейкам, працавітым, якое разам з матуляй-зямліцаю выхавала і кветкі, і збожжа, і садавіну, і гародніну, абяцаючы людзям побыт цягам суровай зімы.

А калі збіраюцца жывыя на гэтае штогадовае восеньскае свята, успамін ляціць да памерлых дарагіх родзічаў, да айцоў ды праайцоў, якія жылі перад намі на той жа каханай зямлі.

Такім чынам ідуць людзі на могілкі. Папраўляюць прасеўшыя і абкладаюць свежым дзёрнам (1), каменнем, альбо ўрэшце бэлечкамі ці дошкамі (каб далей, напэўна, абараніць рэшткі ад звяроў); усталёўваюць вялізныя крыжы, а ў напамін аб нядаўна памерлым робіцца, паводле звычая, тоўстая дошка, вырубленая з калоды, і абцясаная. Выразаецца на ёй нібы след ступні нябожчыка (малы ці вялікі), пайшоўшага на “той” свет, і кладзецца дзесці праз якісь струмень ці канаву для людзкой выгоды, а кожны пераходзячы бачыць выразаны след, уздыхае аб душы памерлага.



Праца скончана. Прыходзяць да могілак і жанчыны, збіраецца сям’я, памаліўшыся, сядзяць ля магіл да абеда; наліваюць сабе выпіць, але як тут пачаць піць? Захоўваючы такім чынам чаргу старшынства, трунак найперш выліваецца на магілу: “Гэта вам! Дзяды! Прадзяды!”. Потым толькі п’юць па колу, нарэшце ядуць: мілту (мука з паранага аўса з вадой), каўбасы, мяса; што ўпадзе на зямлю, таго больш не падымаюць, бо тое ўжо для памерлых.

Калі памёр апошні мужчына, то прыносяць у кашы (ячневай) гатаванага пеўня, калі жанчына - курыцу; з’еўшы трэба ж штосьці яшчэ і для памерлых пакінуць: у галаве магіл застаюцца, такім чынам, гліняныя гаршкі з ежай “для іх”.



Вярнуўшыся дадому трэба папарыцца ды вымыцца ў лазні, але і тут у першую чаргу войдзе найстарэйшы, глава сям’і, і ,ставячы ваду на паліцах і паклаўшы венік, запросіць праайцоў мыцца (“Дзяды, прадзяды! Мыцца прыходзьце, адзін другога за руку прыводзьце!”), пасля чаго ідуць жывыя мужчыны, потым жанчыны.

Пасля лазні - штогадовая найважнейшая вячэра, на якую ўжо продкаў запрасіць і хочыцца, і выпадае. Ужо як змеркнецца, ніхто не выходзіць на вясковую вуліцу. У хатах з жордак, якія пад столлю разыходзяцца ад слупа, падпяраючага рог печы, і якія выкарыстоўваюцца для развешвання і сушкі адзення - здымаюць усё, каб нічога не вісела, не перашкаджала; пса выганяюць на двор; трэба адчыніць “верх” ці дымнік над дзвер’ю, каб дапамагчы продкам увайсці, а калі хата з комінам, не курная, трэба прыадчыніць дзверы ў сенцы. Гаспадыня накрывае стол абрусам і ставіць на яго сем страў; сярод іх канечне ёсць свінячая галава (гатаваная з поліўкай, і потым вынятая); урэшце клёцкі, рознае мяса, яечня.

На вуглу стала з боку покуці знаходзіцца хлебны квас у кубку, на іншых вуглах тры боханцы (два жытнія і трэці пшанічны) асобна, якіх не ядуць, а назаўтра аадаюць убогім. Ужо сабраліся ўсе жывыя сямейнікі, укленчаныя, ад лучыны запальваецца васкавая свечка, і заступаюць да шчодрага піру, прамаўляючы “Анёл Панскі” за памерлых. Пасля гэтага найстарэйшы, трымаючы свячу, спачатку абведзе ёй наўкол сваёй галавы, потым трыкроць абкружыць ёй свінячую галаву ў кірунку бегу сонца , нарэшце пакідае яе паліцца на стале.

Сам ён, калі ўсе атачаюць урачысты стол, вымавіўшы пэўную формулу, словы, зараз нікому не зразумелыя (якія нельга дарма вымаўляць), запрашае прашчураў: “Дзяды, прадзяды! Бабкі, прабабкі! Просім да нас на дзяды! І самі прыходзьце, і дзетак малых прыводзьце!” (2). А наліўшы трунку, найперш вылівае яго на вугал стала пры покуці (той, за якім ніхто не сядзіць), як найпачэснейшы: “Гэта для вас, дзяды!” Толькі пасля таго зноў налівае і п’е сам, сядае, і ўсе п’юць супольна. Узяўшы першы кавалак стравы, пачынаючы з галавы, кладзе на той вугал, і толькі потым кроіць сабе ды іншым.

Ніхто не аглядаецца за сябе і захоўвае прыстойную цішыню, бо прысутнічаюць душы ўсіх продкаў, глядзяць на сваіх праўнукаў. Калі квас у кубку задрыжыць - хтосці яго відаць п’е. Кожны адчувае за сабой душы. Тыя, каму хтось дарагі памёр надоячы, адчуваюць вялікае задавальненне і прыемнасць: ён тут ёсць, глядзіць і бачыць нас, а мы яго адчуваем.



Пятруля яшчэ ў мінулым годзе сядзела тут з намі! Станюль ужо як колькі гадоў на “тым свеце”, іншыя яшчэ раней, а ўсёж-ткі штогод зносяцца тут з намі, бачаць нас… І іх можна ўбачыць, досыць за слупом пры печы умясціцца на “полі”, і паглядзець праз хамут, трымаючы яго абцугамі на хату (3). Усе прыйшлі апранутыя (няглядзечы на тое, у чым былі пахаваныя) у белае, у ільняных народных жупанах (шушпанах), ад апошняга аж да першабытных, памерлых сотні гадоў таму, у рысіх шапках, з каменнымі сякеркамі хаваных! Але жывы з цяжкасцю вытрывае гэтае відовішча з таго свету: адразу можа памерці. Такім чынам дастаткова ведаць, што ўсе дарагія прысутнічаюць.

Некаторыя жанчыны, напрыклад, жаласліва размаўляюць з нядаўна памерлым мужам, іншыя суцяшаюць: ”Яму там лепш, а пакуль жывем, будзе хоць штогод з намі на дзядах”.

Але вось ужо бяседа скончана. Развітаўшыся ўжо, устаюць з-за стала, а гаспадар кланіцца, дзякуе дзядам-прадзядам, што прыйшлі, і просіць каб шлі ў спакою да сябе. Тры булкі кладуць адна на другую “на куце”, усё зна стале застаецца, толькі прыкрываецца вуглом абруса, і людзі пагодна ідуць спаць. Назаўтра толькі прыбіраюць са стала і ў хаце, падмятаюць, і рэшткі ежы, якія не зніклі за ноч, аддаюць курам.

Г. Віньча

1) З гэтага часу скончваецца жалоба па памерлых напрацягу года
2) У залежнасці ад месца, словы запрашэння троху змяняюцца, але думка тая ж самая, напр.: “Дзяды, прадзяды, прыходзьце к нам! І самі прыходзьце, і дзяцей прыводзьце!”
3) Таксама бачна праз дудку са сцябла дзягіля, альбо маючы пас з “адходных” нітаў з кроснаў.

источник, atlantis albarutheniae, злободневное, нравы, citatum

Previous post Next post
Up