[Iнфармацыя]Гэта мой артыкул 2014 года, якi першапачаткова быў апублiкаваны на сайце праекта "Цытадэль".
- А ці ведаеце Вы, што наша Цыля архітэктар? - І што ж гэта яна робіць? - А яна ходзіць па Дэрыбасаўскай і строіць такі з сябе дзяўчынку.
Адзін з найвялікшых чалавечых міфаў, буйное квіценне якога ўласцівае і для сучаснасці, - гэта міф пра існаванне суб’ектаў і аб’ектаў. Нібыта недзе ў касмічным абсалюце існуе, па-першае, нейкі аб’ектыўны свет, прыбіты цвікамі да сапраўднай, боскай сістэмы адліку, якая адна толькі і нясе святло ісціны, а ўсё, што мы бачым (у тым ліку і мы самі) - гэта ў лепшым выпадку толькі нейкія мутныя і слабыя цені "сапраўдных аб’ектаў", гэтых рэчаў у сабе, якія з большым ці меншым поспехам струменяцца праз нашыя куртатыя сімвальныя сістэмы і пачуццёвы апарат у нашую свядомасць. Па-другое, нібыта існуе нейкае незалежнае чалавечае "я", - у якасці своеасаблівай "сінгулярнасці" гэтага аб’ектыўнага свету, уключанай у яго, але ж недасягальнай для яго вобласці, з якой гэтак жа больш-менш паспяхова выстуменьваецца ў навакольны свет яго "свабодная воля", абсалютна таемным чынам народжаная ўнутры. Па сутнасці, філасофія за апошнія пяцьсот год толькі і рабіла, што спрабавала знайсці адказ, якім менавіта чынам гэтае перакрыжаванае цячэнне быцця з суб’екта ў аб’ект і назад стварае свет, які мы бачым навокал сябе, і чаму ўсё выглядае неяк не так, як трэба было б паводле першапачатковай задумы. То бок яна, фактычна, дагэтуль захраснула ў фазе тэадыцэі, апраўдання сваіх бостваў, не прайшла яшчэ далей няўмелых спробаў абгрунтаваць наяўнасць "зла" - не-вельмі-суб’ектаў і не-вельмі-аб’ектаў - у свеце, выгнанне свабоднага чалавека з раю, напоўненага рэчамі ў сабе. Менавіта адсюль і паходзяць шматлікія непатрэбныя артэфакты кшталту габітусаў і дазайнаў.
На маю думку, гэты падыход ужо блізкі да вычэрпвання свайго патэнцыялу: колькасць не-суб’ектных і не-аб’ектных калектываў і разнастайных складаных з’яў занадта павялічылася, каб працягваць падтрымліваць гэтую ілюзію лінейнага чорна-белага свету. Разумным прадстаўляецца больш практычны (у пэўным сэнсе больш навуковы) падыход, які зыходзіць з таго, як нашыя суб’екты і аб’екты ўзнікаюць на самой справе: яны канструююцца ў канкрэтнай навуковай ці грамадскай практыке. Фізік не "адкрывае" электрон, а канструюе яго, стварае адзіны аб’ект з пэўнай колькасці назіранняў, зробленых падчас канкрэтных доследаў. Ён робіць з яго прыгодную для выкарыстання "чорную скрыню", якую можна з большым ці меншым поспехам упісаць у агульную навуковую міфалогію. Чым з’яўляецца электрон: хваляй ці часціцай? Адказ: ён з’яўляецца (калі разумець гэтае слова літаральна - як з’яўленне) у адным выпадку тым, у другім - іншым. У "аб’ектыўнага свету" могуць узнікнуць вялікія праблемы на гэтым этапе, а канструктывізм успрымае гэта як цалкам нармальную сітуацыю: проста мы карыстаемся рознымі канструктамі для кожнага канкрэтнага сцэнарыя і пры гэтым канстатуем, што аб’ект "электрон" сканструяваны не вельмі надзейна: чорная скрыня не зусім зачыненая, і трэба сачыць за ёй, каб яна не пераўтваралася з чагосьці аднаго ў нешта іншае (а электрон - з часціцы ў хвалю, ці назад).
Тое ж самае характэрна і для грамадскай сферы, якая працуе з калектывамі суб’ектаў, якія могуць канструявацца тым ці іншым чынам. Праславутае "самавызначэнне" (ці то асабістае - па цэламу спектру прыкмет, - ці то калектыўнае - таксама) - гэта ў прынцыпе і ёсць самаканструяванне, і тэарэтычна нішто не можа забараніць гэты працэс. Больш за тое: ён гэтак жа непазбежны, як і любая дзейнасць увогуле, - паколькі дзеля ажыццяўлення дзейнасці ў рамках цяперашняй цывілізацыйнай парадыгмы і дзеючых схем мыслення і інтэрпрэтацыі трэба неяк пазначыць сябе, атрымаць сацыяльна пазнавальныя адметныя адзнакі. Пакуль ты не маеш імені, ты не можаш удзельнічаць у грамадскім жыцці, не з’яўляешся яго суб’ектам, не можаш мець аніякага дачынення да ажыццяўлення існых міфалагічных сцэнарыяў і выканання самых разнастайных сацыяльных рытуалаў. А вось пасля канструявання і ўтварэння суб’екта гэта ўжо становіцца магчымым. Ці значыць гэта, што гэты суб’ект быў кімсьці "адкрыты" ("самаадкрыты")? Ці значыць гэта, што існуе нейкі чысты і светлы абсалютны свет, поўны суб’ектаў? Як і ў выпадку аб’ектаў, гэта не вельмі падобна на праўду. У рэшце рэшт, калі б не было гэтага працэсу канструявання, не магчымы быў бы і працэс дэканструкцыі (добры дзень усім аматарам Дэрыда), - які ў прынцыпе ёсць тое ж самае, але ж зразуметае ва ўласцівым для постмадэрна негатыўным ключы. Постмадэрністы засяроджваюцца на разбурэнні канструктаў і на пакутах ад таго, што ўсё, што яны лічылі святым (тыя самыя аб’екты і суб’екты з чыстага нябеснага свету абсалюта), апынулася ўсяго толькі вынікам канкрэтнай міфалагічнай творчай працы. "Усяго толькі", - кажуць яны, - на маю ж думку трэба казаць: "Як цудоўна, што мы ўмеем такое рабіць!"
Але ж якое дачыненне ўсё гэта мае да сучаснай Беларусі, і чаму нам увогуле трэба над гэтым задумвацца? Акрамя строга гнасеалагічнага і філасофскага значэння ўсё гэта, відавочна, мае і канкрэтныя практычныя дапасаванні. Перш за ўсё, трэба зразумець, што самыя разнастайныя канструкты з’яўляюцца сродкам прамога ўздзеяння на палітычную сферу жыцця калектываў. Жыдабандэраўская хунта, ватнікі і пуцінскія рабы выступаюць як сапраўдныя міфічныя героі, не менш рэальныя чым які-небудзь прафсаюз чыгуначнікаў (а ў нашых умовах яшчэ і нашмат больш рэальныя), здольныя мяняць свет навокал сябе, расстаноўкі сіл у ім, і моц іх не трэба недаацэньваць. Але ж гэта вельмі гіпербалічны прыклад, да таго ж негатыўны. Пазітыўнымі аналагамі з’яўляюцца, напрыклад, Вялікая Ўкраіна і які-небудзь СССР 2.0. Уласна для Беларусі вельмі негатыўны прыклад такога ўздзеяння дае супрацьпастаўленне Польшчы і Расіі (ёсць і своеасаблівая варыяцыя, якая мае больш гістарычнае, чым геаграфічнае вымярэнне - супрацьпастаўленне ВКЛ і БССР). Ужо, напэўна, не першае дзесяцігоддзе на кожным вуглу можна пачуць ці то пра цудоўныя часы Вітаўта, якія зніклі ў небыццё апасля злоснай акупацыі Расіяй, ці то пра каварных польскіх шляхцічаў і паноў, якія доўгія стагоддзі тэрарызавалі паўнавартасную частку трыадзінага рускага свету, і г.д. У любым выпадку Беларусі (якая разумеецца менавіта як Беларусь) адводзіцца "залежны стан" у такой карціне свету, - нібыта гэта толькі месца сустрэчы гэтых двух (якія б яны ні былі) полюсаў сілы. Нібыта ў нас ёсць толькі два варыянты выбару: ці то мы ўваходзім у склад аднаго з гэтых полюсаў, ці то мы знікаем наогул. Апантанасць гэтым своеасаблівым сімвалізмам грае вельмі адмоўную ролю ў будаўніцтве сучаснага беларускага грамадства. У рамках "аб’ектыўнага" падыходу сітуацыя падаецца даволі цяжкай. Але калі падключыць нашыя цяперашнія веды пра стварэнне і міфалагізацыю суб’ектаў і аб’ектаў, мы можам нашмат лепей зразумець паходжанне Расіі і Польшчы як пазначаных цэнтраў сілы, дэканструяваць іх у гэтай якасці і без усялякага сораму працягнуць адбудоўваць уласны цэнтр - беларускі. Спецыфічная рыса аб’ектаў і суб’ектаў - гэта іх выключанасць з часу. Кожны канструкт, як толькі ён пераўтворыцца ў "чорную скрыню", атрымлівае гонар быць "вечным", антыгістарычным, паходзячым з касмічнага абсалюта, а не з канкрэтных умоў і абставін, - у гэтым і ёсць сэнс яго канструявання. У часе ж ён толькі "з’яўляецца".
Але ж давайце паглядзім, ці існавала нейкая Расія ці Польшча тысячу год таму? Паўтары тысячы? Ці існавала ў той час руская ці польская мова? Вельмі сумняваюся. Насамрэч гэтыя міфалагемы даволі лёгка дэканструююцца: так, рускую мову можна падаць як нейкую мешаніну санскрыту, цюркскіх ды славянскіх моў. Ці гэта ёсць нейкі спрадвечны цэнтр сілы, нешта аўтэнтычнае? Напэўна, так, але толькі да той пары, пакуль шмат людзей з гэтым пагаджаюцца, пакуль гэты міфалагічны герой існуе ў галовах людзей. Руская мова больш-менш канчаткова сфармавалася прыкладна ў пачатку XIX ст. (як вынік працы Ламаносава, Дзяржавіна, Пушкіна і інш.). Беларуская мова (ў тым яе выглядзе, які мы яе ведаем) сфармавалася прыкладна ў пачатку XX ст. (як вынік працы Чачота, Дуніна-Марцінкевіча, Купалы, Коласа і інш.). Хіба ж розніца тут такая вялікая, каб казаць пра тое, што руская мова аўтэнтычная, а беларуская - не? Наўрад ці. Яна больш распаўсюджаная, - гэта бясспрэчна. Але ж ніякай "фундаментальнай анталогіі" за гэтым не стаіць, - гэта толькі колькаснае пытанне. Усё тое ж самае тычыцца і польскай мовы. І тое ж самае датычыць і палітычнай сферы. За разуменнем таго, што гэтыя полюсы калісьці ўзніклі, павінна ісці і разуменне таго, што яны могуць гэтак жа і знікнуць, а таксама што мы можам адбудаваць свой уласны полюс, сканструяваць сябе як паўнавартаснага суб’екта. (Калі паглядзець на сучасную палітычную карту свету, дарэчы, то і настолькі незалежных дзяржаў, як наша, яшчэ трэба будзе пашукаць). Няма ніякай патрэбы слухаць тых, хто заклікае да ўваходжання Беларусі ў склад Расіі ці Польшчы, бо ў нас нібыта "няма іншага выхаду", таму што быццам бы яны нясуць на сабе нейкае зерне сапраўднасці, маюць нейкую санкцыю з боку касмічнага абсалюта, а мы - усяго толькі нешта пасярэдзіне. Сучасная расійская дзяржава ўтварылася ў той жа час, што і беларуская, - і было гэта ўсяго толькі чвэрць стагоддзя таму. Няма патрэбы нам міфалагізаваць яе, занядбаючы сваю краіну, - няхай гэтым лепш займаюцца рускія. Погляд кшталту "беларуская мова - гэта нешта сярэдняе паміж рускай і польскай" я прапаную змяніць на наступны: "беларуская мова - гэта наша родная мова, а руская і польская мовы адлюстроўваюць толькі асобныя яе акцэнтуацыі".
Трэба адзначыць, што ўсё вышэйпададзенае з’яўляецца толькі "проціяддзем" супраць беларускіх скептыкаў самага рознага гатунку: як "трыадзіных імперцаў", так і "заходнікаў". Што ж тычыцца ролі Беларусі ў свеце, - я прапаную арыентавацца на інтэрнацыяналізм. Сёння трэба мысліць як мінімум у кантынентальных маштабах, і "яшчэ адна нацыянальная дзяржава" можа не вельмі ўпісацца ў існы парадак. Ёсць вялікі попыт на кантруяванне міфа больш высокага парадку, чым проста нацыянальны (і нават "імперскі"). Мабыць, інтэграцыйныя працэсы, якія зараз ідуць па ўсім свеце, затрымліваюцца менавіта з-за гэтага: палітычныя эліты розных краін не гатовыя яшчэ пазбавіцца сваіх нацыянальных амбіцый, і часцяком разглядаюць аб’яднанне як паглынанне. Яны яшчэ не вынайшлі спосабу ўпісацца ў новы міф, у новую карту суб’ектаў, - што зусім не дзіўна, улічваючы, што яе пакуль што ніхто не нанёс на паперу. Падаецца, што па меры ўзмацнення па ўсім свеце інфармацыйнай вайны і глабальнага спаборніцтва ў справе канструявання і дэканструкцыі міфаў і актараў будзе ўсё больш распаўсюджвацца меркаванне, што сімвалы і ідэі існуюць толькі ў галовах людзей, і не варта ісці забіваць суседа толькі таму, што па тэлебачанні сказалі, што ён жыдабандэравец і кляты маскаль. Канструяванне глабальнага міфа павінна адбывацца праз стварэнне супольнага свету, праз пераадоленне адмоўных міфаў, якія працуюць на раз’яднанне і распальванне нянавісці. Напрыклад, класавы падыход (супрацьпастаўлены міфалогіі нацыянальных дзяржаў) дае нам даволі добры прыклад стварэння альтэрнатыўных схем канструявання свету. (Што тычыцца менавіта канструявання беларускасці, то звярніце ўвагу на словы маніфеста Ратнера і Марчанкі, напісанага відавочна пад марксісцкім уплывам) . Але ж сёння ён таксама чамусьці перастае працаваць і, бадай, патрабуе ўнясення нейкіх змен у сябе, каб лепей адпавядаць сучаснасці. Ён нясе на сабе рысы эпохі мадэрна, для якой было характэрнае імкненне адарвацца ад мінулага, крытыкаваць усё старое і традыцыйнае і г.д. Для пабудовы ж супольнага свету трэба найперш прыняць сваё (і чужое) мінулае. Наша ўласная будучыня, якая чакае нас наперадзе, можа быць магчымая толькі з нашым уласным мінулым, і мы не будзем хацець для сябе аніякага іншага, не будзем адмаўляцца ад таго, што ёсць, бо яно стварыла нас такімі, якія мы ёсць, і дазволіць нам стварыць сябе такімі, якімі мы хочам быць.