Найстрашнейшы моўны вірус!
Правадыр міжнароднага пралетар’яту Уладзімір Ільіч Ленін, здаецца, казаў так: Прыватная ўласнасьць на зямлю спараджае капіталізм штодзённа, штохвілінна і ў масавым маштабе. Я ня пэўны, што ён гаварыў менавіта пра зямлю - дый неістотна! Я не падзяляю сацыялягічных ідэалаў правадыра міжнароднага пралетар’яту (ПМП
(
Read more... )
2. Я, можа, быў бы гатовы пагадзіцца з прапанаванымі развагамі, але некаторыя меркаваньні не даюць.
а) У прапанаванай аргумантацыі нестае абгрунтаванага цьверджаньня, што ў старабеларускай мове -чыкаў і -шчыкаў не было. Аргумэнт, што яны былі ў расейскай і некаторыя з адпаведных расейскіх словаў передаюцца па-старабеларуску без іх, недастаткова моцны.
б) Калі загана -чыкаў і -шчыкаў у тым, што яны небеларускія, то загана -нікаў -- у іхняй надзвычайнай, на мой погляд нават залішняй, частотнасьці і шматзначнасьці. -Нікі азначаюць ня толькі таго, хто робіць, але і тое, чым робяць, і проста нешта неяк зьвязанае з тым, што названа ўтваральнай асновай, і яшчэ, напэўна, штосьці. Гэта дазваляе ці ня кожнае другое слова ўтварыць праз -нік. Але такая частотнасьць заганная з пункту гледжаньня стылістыкі: у доўгай фразе могуць і тры, і чатыры -нікі трапіцца, вока муляе.
в) Незалежна ад прапанаваных развагаў суфіксы -чык, -шчык сустракаюцца як мінімум у бясспрэчна беларускіх формах прозьвішчаў (цяпер часам і ў поўных прозьвішчах): Станкеўчык, Ластоўшчык.
Reply
ЧЫТАЙЦЕ ТОЕ, ШТО Ў МЯНЕ НАПІСАНА ЛІЛЁВЫМ!
Я гавару пра nomina agentis (імёня дзеяньніка), а Вы іх блытаеце з памяншальна-любоснымі суфіксамі, суфіксам -ІК, які ёсьць ува УВА ЎСІХ СЛАВЯНСКІХ МОВАХ. Ня блытайце сугучных фіналяў. Я сам Вам магу назваць процьму беларускіх адзінак з суфіксам -ІК, дзе фіналь (але ня суфікс!) -чык: "пазнаншчык" ад "пазнанскі", "пілсудчык" ад "Пілсудзкі", "дубчык" ад "дубец", "супчык" ад "супец". І "Ластоўшчык" утворана ад "Ластоўскі" пры дапамозе суфіксу -ік. І Станкевіча пачытайце перад тым, як спасылацца на ягонае саманайменьне. Станкевіч не шызафрэнік, каб адмаўляць суфікс -чык і разам ужываць яго! Тое самае і ў вашым польскім слове.
На жаль, ёсьць такія пурыстыя, якія - навучы іх Богу маліцца - яны лоб разаб'юць. Скажы ім, што нельга ўжываць дзеепрыметнікаў на -уч, -юч, дык яны будуць змагацца з адпаведнымі дзеепрыслоўямі. Скажы ім, каб не ўжывалі -чык, -шчык - дык яны забароняць памяншальна-любосныя формы. Дык жа не прыпісвайце мне чужой дурасьці!
Ведама, вы мне можаце ня верыць, што ў старабеларускай мове не было -чык, -шчык. Але гэта так: НЕ БЫЛО. Я з гэтым пытаньнем б'юся не адзін год. Старабеларускія тэксты - гэта мае настольныя кнігі. Дарэчы, быў, здаецца, у "Родным слове" артыкул пра падобныя суфіксы, дык, калі не падводзіць памяць, аўтарка, карыстаючыся акадэмічнай картатэкай, знайшла ці не адно толькі слова "мастаўшчык". І тое, пэўна ж, нейкі выпадковы расейскі сьлед. Магу ўдакладніць, што першы беларус, які рэгулярна ўжываў гэтыя суфіксы, Андрэй Белабоцкі, паэт 18 ст. Дык ён жыў у Расеі і пісаў для расейцаў.
А ў ХІХ ст., пач. ХХ -чык -шчык і заваду не было! Тыя расейскія тэрміны ў Равінскага й Каганца - ледзь не адзіныя выпадкі. І менавіта ТЭРМІНЫ! Прыдзіце да мяне, я пакажу Вам, як у мяне прапрацавана з алоўкам ледзь ня ўся літаратура ХІХ ст. ды пач. ХХ.
Наконт шматзначнасьці -нік, дык ён у нас у нас НЕ АДЗІНЫ і НЕ Ў АДНЫХ НАС ён шматзначны. Ізноў бачу, што Вы мой маленькі тэкст амаль не чыталі.
Reply
2. Цьверджаньне, што ў старабеларускай мове -чыкаў і -шчыкаў не было, цяпер выказана, але абгрунтаваньня яму па-ранейшаму нестае; за запрашэньне прыйсьці паглядзець на неапублікаваныя матар'ялы дзякую, але скарыстаць яго наўрад ці змагу з геаграфічных прычын. Можна было б спаслацца на Карскага, які дае мінімум прыкладаў на -чык і толькі ў прозьвішчах -- на -шчык (2, 39).
3. Граматыка-62 (1, 108) сярод дзясяткаў прыкладаў, тоесных адпаведным расейскім, дае "ліхтаршчыка" (з пазнакай "разм.") і два "ўстарэлыя" словы: "кормшчык" (у Зарыцкага) і "фурманшчык" (з Бядулі), а таксама "грэбшчык" ("у мове мастацкай літаратуры", з Лынькова) і "дахоўшчык" (з Чорнага).
Reply
Калі б Вы ў гэтым разабраліся, дык захавалі б шмат разумовых сілаў, каб не ўпікаць у падобным мяне.
Якія яшчэ Вам аргумэнты патрэбныя наконт старабеларускай мовы? Калі чалавек ня верыць, дык ён ня верыць! Магу ўдакладніць, што апрача старабеларускіх тэкстаў я пільна прапрацаваў старабеларускія лексыконы, яшчэ ў 1995 годзе. І -чык там не знайшоў ані ў беларускай, ані ў царкоўнаславянскай частках.
А на савецкія граматыкі ды ўжываньні суфіксаў у ХХ ст. нават не спасылайцеся! Каб там -чык, -шчык не было, дык я й не пісаў нічога. Дзеля чаго быў бы ўвесь мой патас! непаразуменьне ў нас нейкае...
Reply
Як відаць, -чык і асабліва -шчык фігуруюць тут у кантэкстах ня столькі зрусіфікаваных, колькі спаланізаваных, і часта-густа спалучаюцца з польскімі каранямі. Гэта дзіўныя паводзіны для расейскага запазычаньня, тым больш на той час ня надта даўняга. Трэба таксама адзначыць, што нават словы, складзеныя тут з "расейскіх" марфэмаў, або адсутнічаюць у расейскай мове, або маюць у беларускай іншыя значэньні; на тое, зрэшты, і дыфэрэнцыйны слоўнік.
Reply
Існаваньне паралельных параў - зьменьнік/зьменшчык - пра многае сьведчыць.
Пра ступень зрусіфікаванасьці кантэксту сведчаць шмат якія з прыточаных гэт'та прыкладаў: заводчык, зацейшчык, падводчык, калавуршчык, сыйшчык...
Так ў усходніх рэгіёнах Беларусі ў ХІХ ст. суфіксы -чык, -шчык усё часьцей і часьцей зьяўляліся. Вось цікавы для Вашэці прыклад: Марыя Косіч перакладае назоў байкі Крылова "Кляветчык і гадзюка", не "клеветник", як у аўтара, а "кляветчык"!
Але ж трэба за дрэвамі бачыць і лес! Дыялектныя слоўнікі складаюцца з выказваньняў розных людзей, з рознай ступеньню зрусіфікаванасьці. Ёсьць розныя мясцовасьці, дзе лепш мова захавалася, дзе горш... Пра гэта таксама адумысна пісаў Станкевіч.
Адно ня варта й перабольшваць зрусіфікаванасьці дыялектаў. З грунту, яна была нязначная й непаўсюдная, бо блізу да канца ХХ ст. асноўныя беларускія словаўтваральныя мадэлі захоўваліся. Асабліва важную ролю адыгрываў фармант -аньнік (-эньнік). Гаворка пра яго яшчэ мае адбыцца.
І яшчэ, я не разумею, што Вашэць мне даводзіць? Калі хоча давесьці, што суфіксы -чык, -шчык здаўна беларускія, дык ня ўдасца, БО ГЭТА НЯ ТАК, тут і мудрыць ня трэба. А калі хоча давесьці, што яны, так ці йнакш пратачыліся ў маўленьне, дык ГЭТА Я Й БЕЗ ВАШЭЦІ ВЕДАЮ.
Reply
Увогуле, што датычыцца Насовіча, то ў выпадку карэляцыі з маскоўшчынай да матэрыялаў гэтага дасьледніка трэба ставіцца крытычна і спрабаваць (як мінімум) спраўдзіць тое ж у іншых крыніцах. Толькі таго ж Ластоўскага просьба не прапаноўваць, бо пры ўсёй павазе пану бракавала кваліфікацыі і прафэсіяналізму.
З наяўных зьвестак пазыцыя пана Пацюпы выглядае больше пераканаўчай і абгрунтаванай з пункту гледжаньня як мінімум сыстэмнасьці. Але за "дастаўніка" дзякуй, буду мець на ўвазе.
Reply
абвінаватчык, абводчык, абвозчык, абходчык, аддатчык, адказчык, аплатчык, вінаватчык, вызьведчык, вынаходчык, выпісчык, даглядчык, даказчык, дапытчык, дасьледчык, дзельчык, дзясятчык, загадчык, закладчык, запаведчык, заўладчык, здагадчык, зьбегчык, зьведчык, лётчык, награмоздчык, наездчык, ноўчык, паводчык, павозчык, падказчык, падпісчык, пазнатчык, пазытчык, паказчык, пахлебчык, пачапельчык, перакладчык, разпазнатчык, салодчык, складчык, спазнатчык, спазыстчык, спакладчык, сузгодчык, ськідчык, укладчык, упісчык, чыстчык;
абараншчык, абнімшчык, адамантшчык, балабайшчык, бізуншчык, бубеншчык, валаконшчык, выбаршчык, выдумшчык, вызгойшчык, гардаўшчык, даборшчык, дзялільшчык, забароншчык, закупшчык, запагоншчык, запеўшчык, канвойшчык, карчмаршчык, кішэншчык, лямшчык, магільшчык, наборшчык, парабшчык, паскромшчык, перакульшчык, пільшчык, спраўшчык, супоршчык, схоўшчык, успатрэбшчык, устройшчык, цагельшчык, чарадоўшчык.
Гэта ў тым самым слоўніку, у прадмове да якога -- вядомая тэза пра тое, каб "высьцерагацца ўжываць сходныя з суседзкімі словамі, хоць-бы яны і былі ў мове". Як відаць, заснавальнік беларускага моўнага пурызму ніякай бяды ў -чыках і -шчыках ня бачыў і нават ужываў іх у сваіх пурыстычных наватворах.
6. Гэты папярэдні агляд прыводзіць да думкі, што -чыкі і -шчыкі адназначна кваліфікаваць як шкодныя русізмы не выпадае; маем прыклады іх даўняга ўжываньня, якія не выпадае сьпісаць на русізмы разам з новымі "экскаватаршчыкамі" ці "ракетчыкамі".
7. -Нік сапраўды "ў нас не адзіны і не ў адных нас ён шматзначны". Штука ў тым, што ён у нас і так ці ня самы прадуктыўны -- здаецца, прадуктыўнейшы за ўсе астатнія суфіксы nominum agentis разам узятыя, а замяніўшы сабою ўсе -чыкі і -шчыкі, стаў бы гіпэрпрадуктыўным. А ён жа зь ня меншай прадуктыўнасьцю ўтварае яшчэ і nomina instrumenti; -чык і -шчык гэтым адзначаюцца ў нашмат меншай ступені. Паўтаруся, аднастайнасьць вока муляе -- а шматзначнасьць, дадам, размывае сэмантычную спэцыфіку: тое, што азначае ўсё, не азначае нічога.
Reply
Бо заслуга Ластоўскага перад пурызмам толькі ў тым, што ён яго РАСПАЧАЎ. А чаго ён нарабіў больш, карысьці ці шкоды, асобнае пытаньне... Пачытайце Станкевіча! Сьцяцка! Ластоўскі сам не пісаў і не гаварыў той моваю, якую ён выклаў у слоўніку. І ніхто ніколі не гаварыў, і, думаю, ніхто ня будзе гаварыць на "чыстым Ластоўскім".
Дый Ваша не зусім карэктна аргумэнтуе. На жаль, у мяне няма пад рукою выпісаў, якія я рабіў у 1997 годзе. Але ў Ластоўскага ледзь не на кожны -чык, -шчык даецца паралельны -нік. Словаўтварэньне Ластоўскага цалком сюррэалістычнае.
Дасьведчаныя пурыстыя Ластоўскага паважаюць як чалавека геніяльнага, але тактоўна ігнаруюць усе ягоныя дзівосы. Калі Ластоўскі й стварыў пурызм, дык пурызм хаатычны, рамантычны, няўцямны. А мэта майго пурызму - ДАБІЦЦА ГРАНІЧНАЕ ЯСНАСЬЦІ Й АДНАЗНАЧНАСЬЦІ МОЎНЫХ ФОРМАЎ.
А наконт шкоднасьці мадэляў накшталт -чык, -шчык... Дык у Горадне ў школе Сьцяцка ўжо не адна дысэртацыя абароненая. А Вы толькі цяпер адкрываеце Амэрыку!
І апошняе, колькі можна цьвердзіць пра гэтую "шматзначнасьць" -нік! А дзе ён не шматзначны! Вы б яшчэ за празьмернае аканьне ўпікнулі беларускую мову, як гэта рабілі ў ХІХ ст.
Калі Вы ўрэшце станеце адрозьніваць -нік, -оўнік ды -аньнік? Паверце, што гэта далёка ня тое самае, і з сэмантычнага, і з дэрывацыйнага гледзішча.
Reply
1. Ня бачу, дзе ў прыкладах, якія я пазьбіраў, -ец+ік або -ск+ік. Хіба што Карскі іх асобна не агаворвае -- ну, зь ім і памыліцца (if ever) ня крыўдна. А і праўда, дзе я іх блытаю з вірулентнымі -чыкамі/-шчыкамі?
2. Спасылка на Граматыку-62 дае нам у гэтай дыскусіі ня столькі ацэнкі, колькі прыклады. Гэта прыклады з аўтараў даваенных ці дарэвалюцыйных (дакладнага часу стварэньня тэкстаў не пазначана). І гэта прыклады самастойнага функцыянаваньня -чыкаў і -шчыкаў у мове: словы, якія не запазычыліся цалкам, а ўтварыліся на беларускай глебе з удзелам гэтых суфіксаў. У гэтым іх вага. У саміх аўтараў льга набраць падобных прыкладаў і болей, напр., у Чорнага -- "змоўшчык" і той жа "фурманшчык".
3. Манаграфія пра мадэлі словаўтварэньня ў слоўніку Насовіча была б вельмі цікавай і павучальнай. На жаль, агораць яе за вечар ў фармаце ЖЖ-шнай дыскусіі няма як. Таму я абмежаваўся іншай, вузейшай задачай: пашукаць там nomina agentis на -чык і шчык, якіх у літаратуры, як вы кажаце, у 19 ст. і заваду не было. У тагачасным жа слоўніку яны, як ні дзіўна, знайшліся, прычым не адзінкава і не ў расейскіх пазычаньнях. Гэта нетрывіяльны вынік, і намаганьняў, якія пайшлі на яго здабыцьцё, шкадаваць ня сьлед.
Русыфікацыйнае паходжаньне "заводчыка", "падводчыка", "калавуршчыка", "сыйшчыка" яшчэ трэба даводзіць. ("Затѣйщикъ" трапіў у гэтую кампанію памылкова, гэта расейскае слова, якім Насовіч тлумачыць "загадчыка"). У прыватнасьці, цюрскае слова "каравул/калавур" выступае і як польскае шляхецкае прозьвішча (гербу "Астоя"; ці не непасрэдна яно ў нас татарскага паходжаньня?), а "заводчык" і "падводчык" у тагачасным жа расейскім слоўніку Даля такіх значэньняў, як у Насовіча, ня маюць.
А які з гэтых выпісаў вы бачыце парадак інфільтрацыі суфіксаў у беларускую мову? Я пакуль бачу хіба тое, што ў гэтым дыфэрэнцыйным слоўніку народных гаворак nomina agentis (vel actoris?) на -чык маюць расейскія структурныя паралелі, хоць з іншай сэмантыкай, а на -шчык -- больш шматлікія і ўтвараюцца збольшага ад выразна нерасейскіх, часта польскіх асноваў.
4. Свой тэзіс, як ён выглядае пасьля абсьледаваньня Насовіча і Ластоўскага, я сфармуляваў вышэй у п.6. Паўтару яго тут: "-чыкі і -шчыкі адназначна кваліфікаваць як шкодныя русізмы не выпадае; маем прыклады іх даўняга ўжываньня, якія не выпадае сьпісаць на русізмы разам з новымі "экскаватаршчыкамі" ці "ракетчыкамі"". Не выпадае таксама, дадам, сьпісваць усё на русыфікаванасьць усходніх дыялектаў: той жа Чорны -- з Капыльшчыны. Сабраныя прыклады, здаецца, сьведчаць, што ў 19 -- першай траціне 20 ст., у "восевую эпоху" беларускай мовы, суфіксы -чык і -шчык, хоць і ўжываліся нашмат вузей, чым у расейскай мове, але ўтваралі, прынамсі ў некаторых гаворках, незнаёмыя расейскай мове словы на ўласнабеларускім матар'яле, то бок убудоўваліся ў моўную сыстэму.
5. Буду ўдзячны хоць за адну канкрэтную спасылку -- дзе вашыя тэзы выкладзеныя больш грунтоўна і падмацаваныя ілюстратыўным матар'ялам. Пакуль што ні на Станкевіча, ні на гарадзенскіх дысэртантаў вы не спаслаліся, толькі згадалі "Гармонію беларускага слова", ды яшчэ zo_il нагадаў пра Матэзіюса. У прыватнасьці, дзе прачытаць пра розьніцу паміж суфіксамі "-нік, -оўнік ды -аньнік": у той жа, каб далёка не хадзіць, Граматыцы-62? у Сьцяцковых КМ і ПНКМ? яшчэ? А дзе Станкевіч пісаў пра "розныя мясцовасьці, дзе лепш мова захавалася, дзе горш"?
Reply
Другое, Вы мяне штурхаеце, на дыскусію ў фармаце, які ў ЖЖ недамэтны. Не! "Сустрэнемся на барыкадах". У кніжна-часопісным фармаце. А ўся беларуская мовазнаўчая бібліяграфія даступная. З Сьцяцковых вучняў пра спакменьнікі пісалі В. Варановіч і Ж. Сіплівеня. Але мне шкада, што ў гэтай дыскусіі я інсьпіраваў фаната -чыкаў...
Трэцяе. Што ў Вас няўцямна - гэта вымогі довадаў. Тэксты Вам пералічыць? Мала напісана? Але ж ЖЖ не для гэтага. Тут я папулярызую свае напрацоўкі, а не публікую. Ня зводзьце!
Зрэшты, у навуковай дыскусіі мае значаньне не вэрыфікацыя, а фальсыфікацыя - зьняпраўджаньне. Зьняпраўджвайце, Станкевіча, Сьцяцка, мяне... Я шчыра ўдзячны за тое, што Вам удалося - улічу, але ў мове ня ўсё проста, ня ўсё, што ёсьць у маўленьні - мова.
Праўда, пакуль што Вашэцявы зьняпраўджаньні падобныя да філіпікаў Леніна супраць махістых. Шмат што схоплена й трапна й слушна, але без гістарычнае пэрспэктывы, бяз спробы зразуменьня беларускае мовы, яе шляху, яе супярэчнасьцяў. Я, дарэчы, не цураўся контраагумэнтаў. А Вы толькі сваё даводзіце.
Reply
А яшчэ... Вельмі ж асымэтрычнае становішча ў нас з Вамі... Калі я даводжу неўласьцівасьць для мовы -чык, -шчык, дык ЯК я магу працытаваць тое, чаго НЯМА? Калі ж я дам прыклады зь -нік, -ач, дык гэта яшчэ ня довад, што няма -чык. А калі дам прыклад -чык, дык гэта на Вашу карысьць...
Магу толькі намаляваць пэрспэктыву:
1) да ХІХ ст. -чык, -шчык няма (ці практычна няма), у гэтым ня цяжка пераканацца прыраўнаўшы хоць які канцылярскі тэкст беларускі да расейскага. Літоўская мэтрыка, статуты ВКЛ, старабеларускія лексыконы, "Баркулабаўская хроніка", "Прамова Мялешкі", "Ліст да Абуховіча", творы Франьцішка Скарыны, Сымона Буднага, Васіля Цяпінскага, Афанасія Філіповіча, Дамініка Рудніцкага, Каятана Марашэўскага, Міхала Цяцерскага - усё кажа ў адно: НЯМА!
2) у ХІХ ст. зьяўляюцца "першыя ластаўкі" расеізацыі, у мастацкай літаратуры гэта адзінкавыя ўжываньні, як я ўжо казаў, пераважна тэрміны, але літаратура ХІХ ст. зьдзіўляе не адзінкавымі ўжываньнямі, а якраз чысьцінёю ад -чык, -шчык, КАБ АЦАНІЦЬ ФЭНОМЭН НЯБЫТНАСЬЦІ - ТРЭБА ПРАСЯКНУЦЦА ВАЖНАСЬЦЮ САМОЙ ПАДЗЕІ ГЭТАГА ФЭНОМЭНУ.
3) у пач. ХХ ст. нерэгулярных ужываньняў -чык -шчык нямала, але яны не дамінуюць, яшчэ слоўнікі Гарэцкага, Байкова, Некрашэвіча, тэрміналягічныя зборнікі пільнуюцца беларускіх словаўтваральных мадэляў
4) і толькі пасьля 30-х гадоў пачынаецца абвал ува ўсім, у тым ліку й у словаўтварэньні.
У дыялектах, трэба зацеміць, нават там, дзе пратачыліся -чык , -шчык суіснуюць альтэрнатыўныя мадэлі, менавіта АЛЬТЭРНАТЫЎНЫЯ, а не сыстэмна скарэляваныя (пра гэта скажу ў іншых пастох).
Цяпер пра Вашы аргумэнты.
На першы пагляд, кожная адзінка з -чык, -шчык нібыта працуе на Вас. Але, каб спрачацца КАРЭКТНА, дык Вы павінны ўдакладніць, даючы свае прыклады,
- наколькі ЧАСТОТНЫЯ мадэлі й канкрэтныя словы з -чык, -шчык;
- наколькі СЫСТЭМНЫЯ мадэлі з -чык, -шчык (бо статыстыка вельмі хісткі довад).
Можна на аграмадныя масівы тэкстаў знайсьці адзінкавыя аказіяналізмы, заваліць імі свае палемічныя артыкулы й зрабіць яркі РЫТАРЫЧНЫ ЭФЭКТ, вось жа, маўляў, ёсьць! (Так і спрачаўся Ільіч супраць махістых!)
А наколькі інавацыйныя гэтыя мадэлі - таксама пытаньне, якое Вам не недаспадобы. А які іх арэал?..
Урэшце, якой БЫЛА мова, якой ЁСЬЦЬ - гэта можна абгрунтаваць навукова. А якой БЫЦЬ мове, ці варта ёй быць ТАКОЙ (занячышчанай) - гэта можна выракаваць толькі наша воля. Воля да апрычонасьці, строгасьці. Ці воля да другаснасьці, разьлезласьці, размазанасьці.
Як ведама, ад бытнасьці нельга лягічна перайсці да мусовасьці.
Reply
1. Boliwijczyk, Ластоўшчык і астатняе фігуравалі ў маім першым камэнтары, калі яшчэ было няясна, што вірулентныя -чыкі/-шчыкі -- ня ўсе, а толькі тыя, што для nominum agentis. У выпісах з Насовіча і Ластоўскага іх ужо, здаецца, няма.
2. Не дачакаўшыся спасылак на публікацыі па тэме (названых вамі аўтараў пагляджу пра першай нагодзе), пачаў шукаць сваім парадкам.
У Сьцяцка ў "Бел. нар. словаўтв." пра -чыкі/-шчыкі -- у трох месцах, і паўсюль яны характарызуюцца збольшага аднолькава: пасьля шэрагу прыкладаў з гаворак розных рэгіёнаў робіцца выснова, што ў гаворках яны малапрадуктыўныя, а ў літаратурнай мове -- прадуктыўнейшыя; можна здагадацца, што большая прадуктыўнасьць у літаратурнай мове (прынамсі ў тым яе сэгмэнце, які тады мог мецца на ўвазе) дасягнута праз наплыў "экскаватаршчыкаў". У "Культуры мовы" -чык (ня памятаю, ці -шчык таксама) пералічваецца сярод 18 беларускіх суфіксаў, якімі можна замяняць катэгарычна непрымальны -цель. Гэта ўсё добра кладзецца на сфармуляваную вышэй папярэднюю выснову.
Знайшлося 5-10 -чыкаў у Янкоўскага ў БППФ, напр.: "ты ня спытчык, я не расказчык". Аналягічна.
Прынамсі тры -чыкі знайшліся нават у самога Станкевіча, у тэкстах 30-33 гг. Трэба разумець, тады ён проста ўжываў іх з той жа частатой (ці, дакладней, рэдкасьцю), зь якой яны выступаюць і ў гаворках, а выкараняць іх узяўся пазьней.
Reply
2. Пачынаю здагадвацца. Вы хочаце ад мяне спасылак на літаратуру да гэтага пытаньня. Але я не працую з моваю "асьпіранцкім" спосабам. Для мяне хто што пісаў - пытаньне другаснае. Для мяне важна як я сам вывучыў тэксты й што я зь іх вынес. І толькі пад канец працы прымяркоўваю свае высновы да папярэдніх. Інакш кажучы, у мовазнаўстве я цаню толькі ЖАРОЛЫ й ЧЫСТУЮ ТЭОРЫЮ, а ДАКСАГРАФІЮ прылучаю пры нагодзе. (Тое самае і ў вершазнаўстве. І гэта дапамагае мне рабіць НЕТРЫВІЯЛЬНЫЯ высновы. І ў гэтым мой наміналізм.)
Reply
...Ведама, розныя аўтары па-рознаму ставяцца... Хто абмяжоўвае ўжываньне -чык, -шчык, хто забараняе. Хоць сьведыя ў справе разумеюць іх чужароднасьць. Скажам, В. Варановіч спрабуе -чык -шчык сьпісаць на на нізкі ці гутарковы стыль... Але я лічу такую пазыцыю непасьлядоўнай і самападманам.
Я ЙДУ ДА КАНЦА, БО ГІСТОРЫЯ МОВЫ ПАКАЗВАЕ ЗГУБНАСЬЦЬ КАМПРАМІСАЎ У СЛОВАЎТВАРЭНЬНІ.
Дый падумайце, СЛОВАЎТВАРЭНЬНЕ - ГЭТА СЫСТЭМА, а як можна мець нейкі элемэнт і абмяжоўваць яго ўжываньне? Як можна сказаць: утварайце словы, але няшмат, глядзіце, не перастарайцеся! (Кракадзілы лётаюць, але нізенька-нізенька!) Як можна дапусьціць “выкладчык”, “загадчык”, назваць беларускімі “змоўшчык”, “фурманшчык” і пасьля гэтага не дапускаць “экскаватаршчык”, “ракетчык”? А як можна дапусьціць усю масу -чыкаў, -шчыкаў, а пасьля гэтага плакаць, што нехта “стаканчык” сказаў, а ня “шкляначка”? Як можна наракаць на русіфікацыю, калі такія масы й масы апраўдаць? Як можна змагацца за лепшы правапіс, калі словаўтварэньне сумнеўнага паходжаньня? Навошта наагул мне ўсе правапісы разам узятыя, калі мова ўся пранятая русіфікацыяй.
Я ўпэўнены, калі будзе жыць мова, дык -чык, -шчык рана ці позна выйдуць з ужытку (а штучна створаныя тэрміны наагул нікому не патрэбныя!).
У свой час кампанія ўзьнятая Кузьмом Чорным супраць -уч, -юч, таксама шмат каго абурала, Бузук назваў гэта дылетантызмам (прымяркуйма закід zo il'а наконт нэафітаў), нават Станкевіч бараніў дзепрыметнікі. І што ж? Цяпер ужо й адэпты -уч, -юч стараюцца абмяжоўваць іх ужываньне. А ўявім, хоць на хвіліну, якой была б мова без стараньняў Чорнага! Як бы вязьлі ў зубах гэтыя -уч, -юч! Якую б трасянкаватую тэрміналёгію мы мелі б.
І яшчэ, наконт спрэчак. Якое працягваць! Я й так спрачаўся дзеля гульні, каб ня стацца, як у Шукшына, "зрэзаным". І ўжо маю "плён". З боку, можа, не відаць. А я бачу колькі страціў. Даводжу тое, што й без таго мне ясна. Заміж таго, каб разгарнуць яшчэ шэраг пастоў, якія сыстэмна замкнуць і зьвяжуць, сказанае ў гэтым пасьце.
Буду шчыры, Вы мяне выбілі з парадку падаваньня інфармацыі, перамкнулі з агульнага, з сыстэмнага на прыватнае. І сама крыўдна, што ў выніку я апынуўся там, дзе й быў. Калі так поўдзе, дык ЖЖ трэба закрываць і не спакушацца больш, сесьці й кнігі пісаць. Так, на бязглуздыя рэплікі я навучыўся не рэагаваць. А вось што рабіць з РАЗУМНЫМІ, у якіх, аднак, больш непаразуменьняў, чым плёну, ня ведаю. У жывой аўдыторыі мы ўсе гэтыя пытаньні зьнялі б за паўгадзіны, а тут - таўчэм ваду ў ступе.
Reply
(The comment has been removed)
Leave a comment