Камэнтар да камэнтароў у "Нашай Ніве"

Sep 02, 2008 17:52

Шаноўнай спадарства!

Я страшэнна ўдзячны вам (і газэце “Наша Ніва”) за тое, што вы зацікаўлена паставіліся да маёй спробы ў галіне слоўніцтва. Менавіта такой, праблемнай, неабыякавай гутаркі я чакаў і жадаў. Шкада, што водгукаў няшмат. Спадзяюся, менавіта ў дыялёзе з грамадой мае практыкаваньні набяруць дадатковае жыцьцёвае сілы.

Што датычыць зьместу пытаньняў, дык менавіта да лемаў общаться, общение, заказываць я й чакаў пытаньняў. Праўда, не дачакаўся апошніх да іншых праблемных лемаў. Але такой бяды!

Відавочна, наконт перакладу слоў общаться, общение няма згоды. А тое, што прапануе афіцыёзны РБсл. - жалю вартая адпіска, дык народ і выкручваецца як мага. Сп. Ilja сьледуе афіцыйнай норме: зносіны, мець зносіны; сп. М. дапаўняе норму узусам (супольным звычаем ужываньня): зносіцца, а шматдзетны бацька прапаноўвае наватвор узаеміцца, які ўжо шукае свайго месца ў узусе. Але... застаецца ўражаньне нейкае адкрытасьці праблемы. У чым рэч?



А рэч у тым, што мы, жывучы ў расейскім кантэксьце, ідзем да мовы не зусім слушнай дарогай. Скажам, ёсьць пэўнае расейскае слова (тое ж общаться) - і мы на гвалт хочам перакласьці яго на беларускую мову. А ў выніку ўтвараем кальку, якую-ніякую, але сэмантычную - дакладна. Беларуская мова такім спосабам ператвараецца ў абарыгенскі дыялект, на груньце якога ствараецца новая літаратурная мова. Узорам, ведама ж, служыць расейская. Ці справядліва гэта ў дачыненьні да беларускае мовы, што яшчэ ў XVII ст. была ўзорам для расейскае. Не, ведама! Таму я й выходзіў зь іншае ўстаноўкі: беларуская мова мае такую багатую гісторыю і практыку, што ня можа ня мець уласных рэсурсаў на ўсе выпадкі жыцьця. (І практыка гэта пацьвярджае.) Яшчэ Якуб Колас раіў абшукваць кішэні ўласнае памяці. Дык я пытаньне ставіў так: якое беларускае слова (словы) найдакладней перадае расейскае общаться? Мой слоўнік - мой адказ. Яшчэ я ўзяў за правіла ня ставіць у слоўнік нічога сумнеўнага і... старацца (прынамсі, старацца!) не выдумляць слоў.

Сумнеўнымі мне падаюцца словы зносіны, мець зносіны, зносіцца, балазе апошняе й не зусім “законнае”. Чаму? Бо дзе ёсьць зносіны, там ёсьць і адносіны, а дзе ёсьць адносіны - там няма сэнсу ўжываць беларускія стаўленьне, дачыненьні і г. д. Сыстэма мовы, дапусьціўшы асыстэмны элемэнт (вірус), сама сябе паядае. Нешта падобнае ёсьць і ў слове ўзаеміцца, якое лучыцца з узаеміны, а ўзаеміны - гэта ці не скарочанае расейскае взаимоотношения і г. д.

Часам нам здаецца, што мы ствараем беларускія словы, а мы перапрацоўваем расейскія мадэлі, падладжваем пад сябе. Хіба такая беларуская мова не запсаваная расейская? А паспрабуем функцыянальна апрабаваць гэтыя словы - ня лезуць яны ў сказы: давай зносіцца? давай узаеміцца? пазносіцца? паўзаеміцца?

Прапанаваныя ў слоўнічку варыянты я знайшоў не адразу, шмат гадоў іх адсочваў у маўленьні. Спачатку вычытаў памеркавацца ў Старога Ўласа, паставіў у слоўнік і выходную форму меркавацца, а празь які час сустрэў яе ў Купалы (пацьвердзілася). Больш сумнеўныя адзінкі стыкацца, мець стычнасьць, але й яны ўзятыя з тэкстаў.

На сёньня мы страцілі нейкі глыбіннны сэмантычны код беларускае мовы і мусім пільна перачытваць старых аўтараў, дыялекты, старабеларускую мову, каб абнавіць гэты код. Адзін толькі дзеяслоў меркаваць (меркавацца) мае процьму забытых і паўзабытых адценьняў.

(Далей будзе)

Previous post Next post
Up