Зь неапублікаванага ІІ

Aug 29, 2008 16:54


Да кнігі “Сабака”

Уводзіны ў існасьць паэтычнага майстэрства

Я не паэта...
                                          Янка Купала
Звычайна ўсе паэты п’юць
і могуць сьлінай захлынуцца
перад жанчынай ці віном,
паціху лыпаюць вачмі -
бач', сорам за ўчарашняе,
грызе скарынкі душ сумленьне.
Я ж не паэт - гандляр, або
дырэктар дзіўнага музэю.
- Калі ласка! Каля ўходу
душа анучаю на плоце,
там лытка польскай каралевы,
язык звычайнай прастытуткі,
у слоіку мазгі Сакрата…
Пэўне до’, вось нас чакае
другі, ўлюбёны мой аддзел:
Што за мэтафары! А рымы!
Пагляньце! Як адна ідэі,
што могуць збавіць цэлы сьвет.
Ёсьць мудрае (Язык зламаеш!) -
іза-сын-та-ксызм. Сьвяжусенькае! -
мэтабалы і кенатыпы.
Паверыце?! І гэтым я
свабодна карыстаюся
і прадаю, хоць не купляюць,
ня ў модзе ліра… А шкада!
І наагул, дурная тэма
пра паэта і паэзію,
пачнем, бадай што, пра каханьне,
але, бо вершык зацягнуўся,
стаўлю кропку.

1989 г.

Элегія II

Тут добра жыць, дзе лёзунг на паўнеба,
як зьвераяшчар дажывае, тут
ніхто ня трызьніць пра… і нават больш -
ніхто мяне і знаць ня хоча, тут
так проста выглядаць інтэлігентным,
альбо наадварот, а быць зусім
другім, увогуле ж, няцяжка пазнаваць
запраўдных люмпэнаў, заўжды яны
ці семкі лускаюць, ці коўчаць гумку,
іх сківіцы ня ведаюць спачыну,
і я спакойна размаўляю. Тут
адліга вечная, а мы браты
і сёстры, ціха зношваюцца дні,
як чаравікі, час, нібы няспаньне,
ідзе, бо справы - гэта марнае
лічэньне, дык калі ж засьнем? Тут сьнег
наскрозь, на ім банальныя мне ружы
мрояцца… Ах! Кроў. Тут добра жыць,
няхай нам пашанцуе і ніхто
ня зробіць дзіркі ў скроні 2 на 2.

1989 г.


Элегія III

…але душы, ня толькі цела,
збавеньне -
рабіць вартаўніком,
кахацца з прыбірачкаю да самазабыцьця
і нікуды ніколі не сьпяшацца,
бо ў матар'ялізме вера,
а хараство у рэчах выпучаных,
як вочы жабы,
яно ёсьць камароў танюткім піскам,
якія аўрай над галавою,
або самнамбулічным полем электронаў
у ружовай вадзе,
дзе ўвечары сабачынаю пахне ‘ля буды,
калі з драбінаў спазіраеш космас,
плюючыся костачкамі ў вераб'ёў,
а ў пораху пяску
пярэстыя каровы пакідаюць сьлед,
і джаліць крапіва штораз
гурт камянёў
(то дзіры чорныя глыбокай памяці)
і ты ніколі з дрэвамі
ня сядзеш за адным сталом,
нямала дзівячыся і, нарэшце, зразумеўшы:
яны табе - упаралеленыя просткі,
а ўсё жыцьцё -
адно заплюшчыць вочы і застыць на момант,
зялёны яблык надкусіўшы.

1989 г.

Элегія IV

Лісты да цябе пачынаю на сьнезе,
а потым блукаю ‘ля дому, дажджы
на белыя вішні ідуць, заўважаю:
зусім не зіма, дык на чым жа лісты
пісаў да цябе я, калі пацалунак
растаў? І калі ў гэны горад дарога
схіліла на момант? Напружваю памяць -
і ты прада мною, а болей зусім
нікога няма, толькі помню, Марыя,
ты любіш дажджы веснавыя, ты ўся -
блакітная вішня пад жоўтым дажджом!
Зноў пішуць дажджы табе доўгія ў вершах
лісты пра дарогу, пра вішні і тое,
як жоўты агонь дагарае, ня змогшы
на мове сваёй апісаць табе восень.

1990 г.

Звычайная кар'ера
Ода

Ахвярую Э. Мазько
Паедзем, мой дружа, з табою
на конях траянскай пароды
сталы бюракратаў граміць.
Хоць пёры ў іх пузах зламаем,
а ўсё-ткі хімэру свабоды
навучым па-просту пяяць.
Мы многую славу памножым
на нуль абсалютнай ідэі -
і будуць амэрыканцы
прыходзіць сакрэт пераймаць.
Мы вызвалім дзедаўскі мэтад,
а корань квадратны жалеза
у супрэматычным нішто
пачне прарастаць слупамі,
як пырнік, ці лебяда.
А потым Адам дзеля Евы
паб'е элекрычнасьці плод,
каб лепш ім было цалавацца,
з таго ашчасьлівяцца людзі,
мы ж, простыя, сьціплыя, станем
на лецішчах век дажываць.

1989 г.

Выварка і каханьне
Анакрэантычная ода

Лепей выварку набыць,
чым тое каханьне,
і гуркоў там насаліць,
а каханьне - зганьма.

Прыйдзе лютая зіма -
грэцца ж неяк трэба.
Еж гуркі, ды пі да дна,
каб пякло праз рэбры!

А калі, хто возьме цьвік,
выварку пашкодзіць!?
Тады скажуць: “Выйшаў пшык…
Файна. От ня шкодзіць!”

1990 г.

“Уводзіны ў існасьць паэтычнага майстэрства”, “Элегія ІІ”, “Элегія ІІІ” ды “Звычайная кар’ера” пубікаваліся толькі ў абсягах Горадна, рэшта - не публікаваліся. Спадзяюся, неўзабаве яны ўбачаць сьвет у кнізе “Сабака”.

Previous post Next post
Up