Орша і І Сусветная вайна

Sep 12, 2020 17:16


Першапачаткова гэты артыкул планавалася апублікаваць у нашым фанзіне, які мы адразу анансавалі як разнастайны. Аднак яго вёрстка ўжо амаль завершаная і, на жаль, нават з істотнымі скарачэньнямі артыкул ня зьмесьціцца. Таму вырашана апублікаваць яго тут, дзе матэрыял таксама пачытаюць. Аўтар - гісторык і шчыры прыхільнік нашага клуба Яўген Бодрыкаў.



За сваю працяглую гісторыю Орша не раз перажывала цяжкія гады і нават дзесяцігоддзі: горад цярпеў войны і навалы, а сама Аршаншчына некалькі разоў станавілася полем бою для розных сіл. Асаблівае месца ў шэрагу гэтых падзей займае перыяд з 1914 па 1918 гг., на які прыпала Першая сусветная вайна і дзве расійскія рэвалюцыі, якія кардынальна змянілі грамадска-палітычнае, эканамічнае і нават культурнае жыццё Оршы.

Напярэдадні Першай сусветнай вайны Орша ўваходзіла ў склад Расійскай імперыі і была цэнтрам Аршанскага павета Магілёўскай губерні. У 1871 г. праз горад прайшла чыгунка, якая звязвала Маскву і Смаленск з Менскам і Брэстам, што надало гораду важнае стратэгічнае значэнне і пэўныя эканамічныя выгады. На 1881 г. у горадзе налічвалася ўжо 30 прадпрыемстваў фабрычна-завадскога тыпу.

Згодна перапісу насельніцтва 1897 г. у Оршы пражывала 13061 чалавек, з якіх 607 належалі да дваран, 302 да купцоў і 146 да святароў. Значную колькасць гарадскога насельніцтва складалі яўрэі, якім у Расійскай імперыі забаранялася жыць у сельскай мясцовасці, а таксама забаранялася сяліцца па-за межамі рысы яўрэйскай аселасці, то бок на захад ад тэрыторый былой Рэчы Паспалітай. Можна меркаваць, што да 1914 г. колькасць насельніцтва павялічылася яшчэ больш, аднак перапіс 1897 г. быў першым і апошнім да Першай сусветнай вайны ў Расійскай імперыі, таму дакладных лічбаў за гэты год фактычна няма. З будынкаў на 1897 г. у горадзе была адна бальніца з 6 урачамі, 2 аптэкі, 3 бібліятэкі, 2 кніжныя крамы, 6 цэркваў, 2 касцёла, 3 манастыры, 11 дамоў для малітваў, сінагога і 34 шынкі.


Орша і аршанцы прынялі дзейсны ўдзел у падзеях першай расійскай рэвалюцыі 1905-1907 гг., але яе вынікі не прывялі да кардынальных змен у жыцці горада. Пасля рэвалюцыі ў Оршы і па ўсёй краіне пачаліся рэпрэсіі, узмацніўся паліцэйскі кантроль. Так, у 1913 г. гарадская дума Оршы затраціла на патрэбы паліцыі 9323 рублі, у той час як на народную адукацыю толькі 4393 рублі. Гэта пры тым, што каля паловы насельніцтва горада не мела ніякай адукацыі. Вось у такім стане горад сустрэў падзеі лета 1914 г.



У гэты час у свеце, і ў першую чаргу ў Еўропе, абвастрыліся міжнародныя адносіны. Гэта было звязана са шматлікімі супярэчнасцямі паміж “вялікімі дзяржавамі”, якія літаральна дзялілі свет на часткі ў выглядзе калоній і залежных тэрыторый. У гэта спаборніцтва была ўцягнута і Расійская імперыя. Летам 1914 г. лакальны канфлікт паміж Сербіяй і Аўстра-Венгрыяй перарос у агульнаерапейкую вайну, якая неўзабаве перакінулася і на іншыя кантыненты. У канцы 1914 г. у вайне ўдзельнічалі такія краіны, як Вялікабрытанія, Францыя, Расія, Бельгія, Сербія, Чарнагорыя з аднаго боку і Германія, Аўстра-Венгрыя, Турцыя з іншага. У наступныя гады колькасць краін-удзельніц вайны істотна павялічылася.

Ужо 18 (31 па новаму стылю) ліпеня 1914 г. Магілёўская губерня, у склад якой уваходзіла і Орша, была пераведзеная на ваеннае становішча. Забараняліся палітычныя мітынгі і шэсці, эканамічныя забастоўкі. Па ўсёй краіне праходзілі мітынгі ў падтрымку цара, вайны і “славянскай зброі”. Дарослае мужчынскае насельніцтва масава мабілізавалася ў армію і народнае апалчэнне. Многія прадпрыемствы замест тавараў народнага попыту пачыналі выпускаць зброю, снарады і кулі. Усе гэтыя мерапрыемствы не абышлі бокам і Аршаншчыну. Так, напрыклад, драцяна-цвіковы завод у Барані пачаў выпускаць гранаты і бомбы, а ў Оршы былі створаныя майстэрні па рамонце зброі. У 1914 г. у сувязі з увядзеннем “сухога закону” быў спынены выпуск спіртных напояў.

Вайна толькі ўзмацніла стратэгічнае значэнне Оршы як важнага чыгуначнага вузла. Разам з тым у горадзе былі адкрыты артылерыйскія і інжынерныя склады. Для абароны чыгункі і іншых ваенных аб’ектаў у горадзе з’явіўся вайсковы гарнізон, які складаўся з каманды самакатчыкаў, этапнай, ахоўнай і інваліднай каманды. У наваколлях горада размясцілася цэлая казачая дывізія.

У 1915 г. сітуацыя на расійска-германскім фронце рэзка пагоршылася. Нямецкія войскі захапілі тэрыторыю Польшчы і выціснулі рускія войскі з заходніх тэрыторый сучаснай Рэспублікі Беларусь. У гэтых умовах разглядаліся тры праекты эвакуацыі Стаўкі Вярхоўнага Галоўнакамандуючага Рускай імператарскай арміі, якая знаходзілася ў горадзе Баранавічы. Адным з варыянтаў размяшчэння Стаўкі быў горад Орша, але спецыяльная ваенная камісія вырашыла, што больш для гэтага падыходзіць сталіца губерні - горад Магілёў. Між тым, з гэтага часу ў наваколлях Оршы стаў з’яўляцца імператар Мікалай ІІ, які часам любіў гуляць каля горада, адпачываючы ад спраў. У 1916 г. Мікалай ІІ правёў агляд войскаў у Оршы.

У тым жа 1915 г. Орша сутыкнулася з праблемай масавага бежанства. Значная частка насельніцтва польскіх і беларускіх губерняў сыходзіла перад наступам германскай арміі, многіх прымушала пакідаць свае дамы рускія вайскоўцы, якія прытрымліваліся тактыкі “выпаленай зямлі”. Бежанцы значна перашкаджалі чыгуначнаму і шашэйнаму руху ў наваколлях Оршы, бо большасць з іх накіроўвалася далей на Усход. Усяго праз Магілёўскую губерню за гады вайны прайшло каля 1 млн. бежанцаў.

Многія з бежанцаў, якія заставаліся ў горадзе, прыносілі разам з сабой хваробы, у тым ліку тыф. Бушавалі і вечныя спадарожніцы салдатаў на вайне - венерычныя хваробы. Для барацьбы з усімі гэтымі захворваннямі Таварыства Чырвонага Крыжа і бежанскія камітэты стварылі ў Оршы некалькі лазарэтаў для лячэння хворых людзей. Польскае таварыства дапамогі ахвярам вайны для бежанцаў-палякаў, якія спыняліся ў Оршы, таксама адкрыла свой лазарэт. Сярод польскіх бежанцаў быў і маленькі хлопчык Чэслаў Мілаш, які ў будучым стаў вядомым польскім паэтам, лаўрэатам Нобелеўскай прэміі і ў сталым узросце ўзгадаваў сваё прыбыванне ў Оршы.

У лютым 1915 г. у Оршы пачала выходзіць штотыднёвая газета “Оршанский вестник”, галоўным рэдактарам якой быў Х.М. Іасялевіч. Газета выходзіла на рускай мове раз у тыдзень да красавіка 1918 г., асвятляла міжнародныя і мясцовыя падзеі, інфармавала пра беларускі нацыянальны рух, друкавала вершы, апавяданні і нарысы мясцовых аўтараў. Усяго выйшла 1040 нумароў “Оршанского вестніка”.

Умовы жыцця і працы ў горадзе падчас вайны паступова пагаршаліся. Былі ўведзены прадуктовыя карткі, назіраўся дэфіцыт тавараў першай неабходнасці і як след - росквіт спекуляцыяй, чорнага рынку і злачыннасці. Асабліва гэта пашырылася напрыканцы вайны ў 1917 - 1918 гг. У сакавіку - траўні 1916 г. адбыліся забастоўкі рабочых у Оршы, звязаныя з павелічэннем працоўных гадзін (месцамі рабочы дзень складаў 14 гадзін) пры зніжэнні заробкаў. З-за масавай мабілізацыі месцы мужчын на прадпрыемствах займалі жанчыны і нават дзеці. Каб выправіць гэтае становішча, у жніўні 1916 г. у Оршу прыбыла першая партыя кітайскіх рабочых з Сібіры, якіх накіроўвалі на фабрыкі і грамадскія работы.

Між тым, у Расійскай імперыі толькі ўзмацнялася незадаволенасць імператарам Мікалаем ІІ і яго палітыкай: у краіне было шмат нявырашаных пытанняў, не хапала харчавання і паліва, узровень жыцця пастаянна пагаршаўся, а вайна, якая павінна была быць хуткай і пераможнай, зацягнулася на некалькі гадоў і несла сістэматычныя паражэнні рускай арміі. Гэтыя прычыны прывялі да паўстання ў Петраградзе і Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г., якая не абышла і Оршу.

Насельніцтва горада сустрэла рэвалюцыю прыязна. Старая паліцыя была абяззброена, а на яе месцы для аховы правапарадку створана рабочая дружына аршанскіх чыгуначнікаў. У далейшым замест паліцыі была створана міліцыя. У сакавіку 1917 г. у Оршы стварыліся Савет салдацкіх і афіцэрскіх дэпутатаў і Савет рабочых дэпутатаў, якія праз некалькі дзён аб’ядналіся ў адзіны Савет. Савет імкнуўся абараніць правы рабочых і вайскоўцаў. Між тым працягвала дзейнічаць гарадская Дума, утвараліся кіруючыя органы, падпарадкаваныя Часоваму ўраду ў Петраградзе. Фармальным прадстаўніком улады ў горадзе стаў прызначаны павятовы камісар, аднак рэальная ўлада прадстаўнікоў адміністрацыі Часовага ўрада не была трывалай. У горадзе, як і ва ўсёй краіне назіралася двоеўладдзе: адначасовая дзейнасць афіцыйных органаў Часовага ўрада і Саветаў.

З самага пачатку сваёй дзейнасці аршанскі Савет распачаў актыўную працу: на першым пасяджэнні Савета ў сакавіку 1917 г. была прынята рэзалюцыя аб вайне, створаны некалькі камісій для розных сфер дзейнасці Савета, а ўжо ў красавіку Савет прыняў пастанову аб увядзенні 8-гадзіннага рабочага дню на прадпрыемствах. 1 траўня 1917 г. у горадзе была ўпершыню афіцыйна дазволена масавая мірная дэманстрацыя працоўных.

Новы ўздым палітычнай актыўнасці для жыхароў Оршы прыпаў на лета 1917 г. У гэты час рускія войскі рыхтаваліся да чарговага наступлення на фронце. З мэтаю інспекцыі і падрыхтоўкі арміі з Петраграда на фронт праз Оршу ехалі многія палітычныя і ваенныя дзеячы, сярод якіх А.Ф. Керанскі, А.І. Гучкоў, М.С. Чхеідзэ і іншыя. Усе яны спыняліся на станцыі Орша і выступалі перад жыхарамі горада з прапагандай вядзення вайны да пераможнага канца і падтрымкі Часовага ўрада. У гэты ж час у горадзе выступіла трупа Першага беларускага таварыства драмы і камедыі з камедыяй Янкі Купалы “Паўлінка”.

У ліпені 1917 г. адбыліся выбары ў мясцовую гарадскую Думу, на якіх якіх перамогу атрымаў сацыялістычны праўрадавы блок (15 з 34 месцаў). Нацыянальна-сацыялістычны блок атрымаў 4 месца, яўрэйская партыя Паалей Цыён 2 месца. Яшчэ 12 дэпутатаў прадстаўлялі саюзы гараджан, домаўладальнікаў, праваслаўныя аб’яднанні і гандлёва-прамысловыя камітэты. Такім чынам, можна казаць пра тое, што па сваім складзе аршанская гарадская дума 1917 г. была пераважна “левай”, у той жа час прадстаўляла інтарэсы розных слаёў насельніцтва. Асаблівай увагі заслугоўвае асоба П.М. Лепяшынскага, які стаў адзіным бальшавіком у думе і нават быў абраны гарадскім галавой, што з’яўляецца ўнікальным выпадкам для беларускіх гарадоў у той выбарчай кампаніі.

У гэты ж час у Оршы ўзнік Беларускі народны камітэт. Дадзеная арганізацыя ставіла сваёй мэтай пашырэнне ўдзелу беларусаў у органах мясцовага самакіравання і ў далейшым ва Устаноўчым сходзе. Па нацыянальным пытанні камітэт выступаў за федэралізацыю Расіі і ўваходжанне Беларусі ў склад Расійскай дзяржавы ў якасці федэратыўнай адзінкі. Сацыяльна-эканамічная праграма арганізацыі па сваіх пазіцыях набліжалася да агульнарасійскіх сацыялістычных партый і ўключала патрабаванне 8-гадзіннага працоўнага дня, нацыяналізацыю зямлі, бясплатную адукацыю і медыцынскую дапамогу для насельніцтва.

Разам з тым, у Оршы, як і ва ўсёй краіне, напружвалася абстаноўка ў грамадстве і ў войску. Цывільнае насельніцтва было незадаволена пасіўнасцю Часовага ўрада ў вырашэнні набалелых пытанняў. У той жа час у войску значная частка салдат выступала супраць працягу Першай сусветнай вайны, а частка афіцэраў наадварот патрабавала ад урада рашучых мер па ўсталяванню парадку ў войску. У выніку, у беларускіх губернях узмацнілася колькасць гвалтоўных дзеянняў адносна насельніцтва з боку вайскоўцаў. Жудасная гісторыя адбылася ў Оршы, дзе 21 ліпеня (3 жніўня) 1917 г. паміж салдатамі і кітайскімі рабочымі на рыначнай плошчы ўзнікла бойка, у выніку якой каля 180 кітайцаў былі зверскі забіты салдатамі.

Абстаноўка працягвала напружвацца і ў наступныя месяцы. Супярэчнасці з Часовым урадам і незадаволенасць ходам падзей у краіне падштурхнулі генерала Л.Г. Карнілава аддаць загад верным яму войскам рухацца на Петраград з мэтай фактычнага захопу ўлады. Многія прыхільнікі і ўдзельнікі мінулых рэвалюцыйных падзей баяліся, што прыход да ўлады генерала Л.Г. Карнілава пакладзе пачатка згортванню дасягненняў рэвалюцыі, рэпрэсіям і ўсталяванню ў краіне ваеннай дыктатуры. У гэтых умовах улады пайшлі на збліжэнне нават з бальшавікамі, якія і самі выступалі супраць Часовага ўрада, каб не даць магчымасці карнілаўцам узяць Петраград.

Праз Оршу на Усход па планам Л.Г. Карнілава павінна была праехаць мяцежная “Дзікая дывізія”, якая амаль цалкам складалася з прадстаўнікоў каўказскіх народаў. У Оршы мясцовымі актывістамі быў створаны трохтысячны атрад для барацьбы з карнілаўцамі, які абяззброіў некалькі эшалонаў дзікай дывізіі на аршанскім вакзале без адзінага стрэлу. Варта адзначыць, што ў гэтай аперацыі прымаў удзел і будучы маршал СССР С.М. Будзённы. Астатнія часткі карнілаўцаў па ўсёй краіне таксама не дасягнулі поспеху. Значную ролю адыгралі ў гэтым бальшавікі, таму адбылося чарговае “палявенне” палітычных настрояў усёй краіны, як і аршанскага Савета, хаця большасць у ім яшчэ складалі меншавікі і эсэры.

Бальшавікі агітавалі рабочых да працягу рэвалюцыі і звяржэння Часовага ўрада. За 2 дня да Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Оршы адбыўся мітынг з удзелам салдат і рабочых колькасцю ў 1500 чалавек, дзе гарадскі галава П.М. Лепяшынскі заклікаў прысутных да барацьбы за ўладу. 25 кастрычніка (7 лістапада) 1917 г. у Петраградзе адбыўся пераварот. Да ўлады прыйшлі бальшавікі. Увечары 26 кастрычніка (8 лістапада) на чыгуначным вузле адбыўся экстранны мітынг рабочых, служачых і салдат, на якім выступілі бальшавікі Лепяшынскі, Дзмітрыеў, Дамарацкі, Волкаў і Самайлюк. Мясцовае бальшавіцкае кіраўніцтва пастанавіла: далучыцца да паўстання ў Петраградзе і не прапускаць контррэвалюцыйныя эшалоны на Петраград і Маскву.

Аднак, у горадзе былі сілы, незадаволеныя бальшавіцкім захопам улады. Так, камендант горада палкоўнік Шабалін пагражаў рэвалюцыянерам арыштам і ваенна-палявым судом, а камандуючы казацкай дывізіяй генерал Мікалаеў атрымаў загад са Стаўкі, якая стала цэнтрам контррэвалюцыйных сіл, заняць Аршанскі чыгуначны вузел і навесці там парадак. 26 кастрычніка (8 лістапада) 1917 г. адбылося надзвычайнае пасяджэнне аршанскага Савета. Бальшавікі выступілі ў падтрымку рэвалюцыі, меншавікі і эсэры, якія на той момант складалі большасць савета - супраць. Палкоўнік Шабалін аб’явіў, што паўстанне ў горадзе будзе задушана, а ўдзельнікаў рэвалюцыі чакае расправа. Пагражаў бальшавікам і начальнік міліцыі горада Івенін.

На наступны дзень, 27 кастрычніка 1917 г. большасцю галасоў гарадской думы быў заснаваны “Аршанскі камітэт выратавання радзімы і рэвалюцыі”, які складаўся з камандавання казацкай дывізіі, меншавікоў, эсэраў і бундаўцаў. У пратэст Лепяшынскі склаў з сябе паўнамоцтвы гарадскога галавы. Аднак, камітэт дзейнічаў пасіўна і нерашуча, таму не здолеў перашкодзіць бальшавікам у іх намаганнях усталяваць уладу ў горадзе. Па ініцыятыве бальшавікоў 27-28 кастрычніка 1917 г. былі праведзены перавыбары аршанскага Савета, на якіх большасць атрымалі бальшавікі і іх прыхільнікі. Новы Савет пацвердзіў рашэнне падтрымаць рэвалюцыю, быў створаны Ваенна-рэвалюцыйны камітэт (ВРК) пад кіраўніцтвам Дзмітрыева, які скасаваў контррэвалюцыйны камітэт, заняў горад і замяніў сваімі каравуламі ўсе стратэгічныя аб’екты горада.

Мясцовыя вайсковыя часткі падтрымалі ВРК. Каб падавіць рэвалюцыю ў Оршы з Магілёва былі высланы некалькі эшалонаў, падпарадкаваных контррэвалюцыйнай па сваім характары Стаўцы. 10 эшалонаў з Магілёва былі абяззброены на падыходзе да горада. У адказ Галоўнакамандуючы М.М. Духонін накіраваў войскі па шашы да Оршы, але і іх спынілі, абяззброілі і ўзялі пад ахову.

Варта адзначыць, што Орша знаходзілася ў тылавой зоне Заходняга фронту, які праходзіў праз тэрыторыю беларускіх губерняў. Аднак, намаганнямі цывільных і вайсковых уладаў толькі нязначная частка беларусаў-вайскоўцаў служыла на Заходнім фронце і ў яго тылавых гарнізонах. Так, у кастрычніку 1917 г. газета “Вольная Беларусь” паведамляла, што ў Оршы пачалося стварэнне арганізацыі салдат-украінцаў мясцовага гарнізона, у той жа час падобнай беларускай вайсковай арганізацыі ў горадзе не існавала.

Значная частка насельніцтва і вайскоўцаў адмоўна аднесліся да бальшавіцкага перавароту, што стала пачаткам будучых вострых сацыяльных канфліктаў. 12 студзеня 1918 г. кіраўнік польскіх вайсковых легіёнаў у складзе рускай арміі генерал Доўбар-Мусніцкі афіцыйна аб’явіў вайну савецкай Расіі, разлічваючы ў выніку поспеху далучыць тэрыторыю Беларусі да будучай Польскай дзяржавы.

Частка польскіх войскаў пачала наступ на Оршу і Смаленск з боку Віцебска, каля якога месціліся польскія легіёны. У хуткі час на Аршаншчыне з ліку добраахвотнікаў бальшавікамі былі сфармаваны два чырвоныя атрады: пяхотны ў 700 чалавек і конны ў 400 чалавек. Апалчэнцы былі ўзброены вінтоўкамі і кулямётамі са складоў. З іншых месцаў, дзе ўсталявалася савецкая ўлада, прыходзілі падмацаванні. Баявыя сутыкненні паміж польскімі і чырвонымі войскамі на Аршаншчыне адбыліся ў мястэчках Бабінавічы і Дабрамысль. Польскія мяцежнікі былі разбітыя, значная колькасць іх трапіла ў палон. На іншых напрамках польскія легіянеры таксама не дасягнулі поспехаў.

Галоўным абяцаннем бальшавікоў было хуткае замірэнне з праціўнікамі Расіі, у першую чаргу з Германіяй, і спыненне вайны. Аднак, перамовы паміж нямецкай і савецкай дэлегацыямі зайшлі ў тупік. 18 лютага 1918 г., у выніку зрыву перамоў савецкай і нямецкай дэлегацыі, кайзераўскія войскі пайшлі ў новы наступ. 3 сакавіка 1918 г. нямецкія войскі дасягнулі ўскраін Оршы. На станцыі Орша-Таварная адбыліся ўпартыя баі паміж чырвонымі (савецкімі) і нямецкімі войскамі, у выніку якіх немцы былі спыненыя. У гэты ж дзень паміж Германіяй і Савецкай Расіяй у Брэст-Літоўску быў заключаны мірны дагавор. Вынік замірэння для Оршы быў сумны. Горад падзяляўся на дзве часткі: на Захад ад сучаснай вуліцы Пагранічнай была нямецкая частка, чыгуначны вакзал і частка горада на Усход ад Пагранічнай заставаліся за Саветамі. Варта адзначыць, што менавіта ў гонар гэтых падзей вуліца Пагранічная і атрымала сваю назву. Не гледзячы на гэта, пасля заключэння вайны паміж рускімі і нямецкімі салдатамі ішоў актыўны нелегальны гандаль: напрыклад, згодна сведчанням мастака Ф. Рушчыца, на некаторых участках за адну бутэльку гарэлкі рускія салдаты прадавалі кулямёт.

Брэсцкі мірны дагавор прадугледжваў абмен ваеннапалоннымі паміж Германіяй і Савецкай Расіяй. Аднак, нямецкае камандаванне не магло выпусціць адразу ўсіх ваеннапалонных, становішча якіх паступова пагаршалася. Бальшавіцкі ўрад у ліпені 1918 г. накіраваў на дапамогу рускім ваеннапалонным у Германію эшалон з 36-ю вагонамі хлеба, які павінен быў прайсці праз Оршу. Немцы першапачаткова адмовіліся прапусціць цягнік, таму на перамовы з імі адправіўся камісар станцыі Орша Д.Е. Івашчанка. Дэлегат здолеў дамовіцца аб пропуску эшалона, за што атрымаў тэлеграму з асабістай падзякай У.І Леніна.

Варта адзначыць, што ў гэты час ва ўмовах нямецкай акупацыі ў Менску была абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка, часткай якой павінна была стаць і Орша. Аднак, рэальную ўладу над горадам мелі бальшавікі і немцы. Такое становішча працягвалася да восені 1918 г., пакуль у Германіі не адбылася рэвалюцыя. У лістападзе 1918 г. Першая сусветная вайна цалкам скончылася, а нямецкія войскі пачалі поўную эвакуацыю з тэрыторыі Беларусі. У гэтых умовах Чырвоная армія Савецкай Расіі ўзяла Оршу і яе наваколлі цалкам пад свой кантроль.

Беларусь, гісторыя, старая Орша

Previous post Next post
Up