Расклад матчаў чэмпіянату Аршанскага раёна па футболе. Па нашай інфармацыі, усе матчы праходзяць на стадыёне "Лакаматыў". І гэта ўсяляе сум. Раней было зусім ня так - і Высокае, і Межава, і Зубава, І Барань, і шэраг іншых каманд, ня ўсе зь якіх сёлета заяўленыя на чэмпіянат, - усе мелі ўласныя палі. Цяпер усё зьбягаецца на адзін стадыён у раённым цэнтры "для агульнага камфорту". Гэта нагадвае нашых суседзяў расейцаў, дзе якая-небудзь ліга Санкт-Пецярбурга можа праводзіцца фактычна на адным стадыёне, на стандартнай "клетцы". Хаця ў горадзе шмат каманд, што прадстаўляюць канкрэтныя і адметныя раёны горада, а таксама негарадзкія каманды. Заўсёды хочацца адметнасьці, тым больш у ранейшыя гады ў Воршы і раёне хапала сваіх стадыёнаў, дзе праводзіліся лакальныя турніры. Цяпер шмат зь іх закінутыя і забытыя.
Аршанскі стадыён "Лакаматыў" мы ніколі не назавем "клеткай", ён класны, мае вялікую гісторыю, але губляецца асноўны "цымес" свайго поля для каманд. І для староньняга аматара футболу ня так цікава назіраць за чэмпіянатам, калі ты ня едзеш, напрыклад, у Межава на матч зацаніць мясцовыя краявіды, а нязьменна шыбуеш на адзін і той жа стадыён. Усё зьліваецца ў адну палітру.
Калі казаць не пра антураж, а пра каманды, дык сёлета чэмпіянат трэба называць з прыстаўкай "адкрыты". Адразу тры каманды ні зь якога не раёна, а непасрэдна з горада. Удзельнічае і найстарэйшы футбольны клуб Воршы - "Лакаматыў", які фактычна прымае спаборніцтвы на сваім стадыёне.