Некалькі год таму ў Воршы быў зроблены музэй спорту, дакладней, пакуль гэта можна назваць хутчэй экспазіцыяй. На 4-м паверсе Лядовай арэны па ўваходзе ў ложу пачэсных гасьцей стаяць некалькі шкляных шафаў, дзе разьмяшчаюцца вымпелы, кубкі, медалі, фатаграфіі, іншыя атрыбуты з розных відаў спорту. Таксама ёсьць стэнд зь інфармацыяй пра зьяўленьне стадыёнаў, секцый горада. На жаль, уся інфармацыя зроблена выключна на расейскай мове, няма месца для роднай беларускай, а таксама для ангельскай, на якой маглі б чытаць інфармацыю людзі з заходняга замежжа. А ў ідэале было б тры мовы - беларуская, ангельская, расейская. Тое, што мы можам прачытаць на стэндах, дае мінімальныя веды пра тое, як паўставаў аршанскі спорт, адбываюцца ўводзіны ў курс справы. І гэта вельмі слушна. Затым ідуць экспанаты. Тут можна наракаць на месца, вылучанае пад экспазіцыю, яго ўжо цяпер не хапае. У некалькі шкляных нешырокіх шафах арганізатарам было цяжка зьмясьціць усе вымпелы, кубкі, граматы, фотаздымкі, форму. Для разьмяшчэньня ўсяго без сумбуру неабходна больш прасторы. І гэта ж яшчэ ня ўсё, што будзе ў музэі. Напрыклад, матэрыялы пра футбол займаюць толькі адну паліцу, і тое выключна экспанаты апошніх гадоў. А колькі экспанатаў пры жаданьні можна знайсьці пра гісторыю "Старта", "Тэмпа", "Станкабудаўніка", "Коласа" і іншых каманд Аршаншчыны! З улікам таго, што пакуль экспазіцыя далёкая ад напоўненасьці, кошт квітка падаецца цалкам неадэкватным - ажно 9,5 руб. (4 еўра)! Падагульняючы напісанае, варта сказаць, што само існаваньне музэю спорту ў Воршы - выдатная ідэя. Там адназначна ёсьць, на што паглядзець, на фота трапілі, вядома, ня ўсе экспанаты. Пры павелічэньні колькасьці экспанатаў спатрэбіцца і новая прастора. Калі музэем будуць займацца, зь яго можна будзе зрабіць цукерачку.