Усё жыцьцё ў адным клубе, 12 гадоў з капітанскай павязкай, абаронца-стралец - усё гэта Валерый Шакуля. Майстра як у футболе, так і ў хакеі зь мячом. Пра свае галы, турнэ каманды ў ГДР і многае іншае легендарны № 3 «Старта» Валерый Шакуля распавядае ў інтэрвію Orshafans.
Спадар Валерый, як і калі вы пачалі гуляць у футбол?
У 1965 годзе. Я жыў тады ў вакзальным раёне, уладкаваўся ў дэпо, ну і стаў гуляць за каманду. Мой бацька выступаў за «Лакаматыў», які ў тыя гады быў адной з мацнейшых каманд Воршы. Мяне заўважыў трэнер Рувім Аўцын, узяў у «Старт». І я адразу стаў гуляць у асноўным складзе. Выступалі мы спачатку ў класе «Б», потым яго прыбралі, і мы сталі гуляць на першынство БССР. У футбол гуляў да 1984 года.
А як прыйшлі ў хакей зь мячом?
Неяк атрымалася, што гуляў паралельна, тады так многія гулялі. У хакеі зь мячом мы выступалі ў класе «Б» чэмпіянату Савецкага Саюза, вельмі высокі быў узровень. Аднак толькі «разагрэліся», атрымалі смак гэтых спаборніцтваў, і клас ліквідавалі. Навошта - незразумела. Выступалі на чэмпіянат БССР, там традыцыйна моцная была каманда ў Бабруйска, яны фактычна заснавальнікі віду ў нас у Беларусі. Спачатку яны й перамагалі, потым наймацнейшай камандай сталі мы, аршанцы. Так і гуляў я круглы год: зімовы сезон у хакей зь мячом, летні - ў футбол.
А вы заўсёды ў футболе былі абаронцам?
Не. Пачынаў я адразу ў атацы. Пагуляў так гады два. І аднойчы атрымалася, што на нейкі важны матч не аказалася цэнтральнага абаронцы. А паколькі я быў, мабыць, самым высокім ростам у камандзе, дык мяне вырашылі паспрабаваць на гэтай пазіцыі. Трэнеру спадабалася, і я ў выніку застаўся ў гэтым амплуа. Гуляў задняга.
У вас былі прапановы па пераходах у іншыя калектывы?
Калі мне было гадоў 25, то запрашалі ў «Дзьвіну». У віцяблян была тады добрая каманда, але я адмовіўся пераходзіць у яе. Тым больш і ўзрост «падыходзіў», тады гульцы ў 25 лічыліся ўжо вельмі дасьведчанымі, як правіла, тады кар`ера была больш кароткай, чым сёньня. Вырашыў я застацца ў «Старце».
Зь кім поплеч было лягчэй выходзіць на матч?
Я са многімі гуляў, у нашай абароне нярэдка людзі прыходзілі-сыходзілі. Склад зьмяняўся. Шынкевіч Сяргей запомніўся. Сусман Аркадзь быў на левым краі. Васіль Давыдзька вельмі добры гулец быў, мацаваў абарону. Сяргей Жарабцоў якасным брамнікам быў, Анатоль Дробышаў таксама, хаця асабліва ён у хакеі вызначыўся.
«Старт» ня меў аднаго стадыёна на доўгія гады, матчы былі то на «Лакаматыве», то на Гарадзкім стадыёне, то на Лёнакамбінаце. Чаму так?
На «Лакаматыве» мы звычайна праводзілі трэніроўкі. Па сьнезе яшчэ пачыналі рыхтавацца да сезону. Свайго футбольнага поля ў «Старта» не было. На Лёнакамбінаце зазвычай праводзілі матчы па хакеі зь мячом, там цудоўна залівалі лёд. Хаця пачыналі мы выступаць у гэтым відзе зноў жа на «Лакаматыве».
З футболам усё збольшага зразумела, гульні адбываюцца пераважна ў цёплыя поры года, надвор`е мала замінае хадзіць на матчы, а як сітуацыя выглядала на хакеі зь мячом? Усё ж зімы тагачасныя не параўнаць зь цяперашнімі...
О, так, праўда. Тады зімы былі з моцнымі маразамі, высокім сьнегам. Але гэта зусім не замінала людзям наведваць матчы. На хакеі зь мячом часта быў запоўнены стадыён. Людзі станавіліся па перыметры поля. Трыбун як такіх на стадыёне тэкстыльшыкаў амаль не было, так, некалькі шэрагаў лавак. Таму людзі стаялі побач з полем ля гурбаў сьнегу, якія ўтвараліся пасьля расчысткі поля. Аршанцы ўпадабалі хакей зь мячом і актыўна хадзілі на матчы, падтрымлівалі сваіх. На футбол таксама хадзілі добра, асабліва мне запомніўся матч «Старта» зь ветэранамі Масквы, са знакамітымі савецкімі зоркамі Аляксеем Хомічам, Эдуардам Стральцовым, іншымі асамі гульні. Матч праходзіў на Гарадзкім стадыёне, народу былі поўныя трыбуны і больш за тое. Некалькі тысяч чалавек, месцаў усім не хапіла, народ сядзеў і стаяў паўсюль, дзе можна было.
Дарэчы, вы пасьпелі паразмаўляць са Стральцовым, ці, магчыма, зь іншымі зоркамі савецкага футболу?
Не, так і не давялося, па сутнасьці. Толькі пару фраз на полі. Бо пасьля гульні і фатаграфаваньняў масквічоў павезьлі ў сталоўку чыгуначнага тэхнікума на вячэру, і ўсё. Стральцоў ужо ва ўзросьце быў, але хітры які! І рывок у парадку, і прыём. Разумнік быў, канешне. Ігар Чысьленка - яшчэ адзін вельмі моцны футбаліст той маскоўскай ветэранскай каманды.
А каго вы запомнілі па беларускім чэмпіянаце?
Ой, мноства было цікавых нападнікаў як на наш узровень. І ў Жодзіне, і ў сталічных клубах. Праўда, за жодзінцаў адны менскія гулялі. Усіх прозьвішчаў ня памятаю ўжо, столькі часу прайшло. Башкатаў, памятаю, за «Шыньнік» бабруйскі гуляў. Саша Пракапенка там сама, жвавы паўабаронца, так што мне даводзілася гуляць супраць чалавека, які неўзабаве стаў зоркай усяго савецкага футболу. Гуляў ён за бабруйчанаў так яскрава, што было зразумела - гэтага футбаліста чакае запамінальная кар`ера. Мог аддаць пас які хочаш, ды й сам забіваў. Башкатаў дык быў больш сталага веку, майстар спорту. За «Старт» гулялі амаль усе аршанцы, пару чалавек са Смаленску Аўцын прывозіў, яшчэ аднекуль... Але іншагароднія звычайна доўга не затрымліваліся.
Хто быў вашым галоўным сябрам у камандзе?
Я са многімі вадзіў добрыя адносіны. З Сашам Шалатоніным асабліва. І зь іншымі. Саўчанкаў, Маргалкін, яны езьдзілі ў Віцебск ненадоўга выступаць, там жылі ў доме, дзе наймалі кватэры футбалістам. Але затым вярнуліся ў Воршу.
Генадзь
Галубовіч расказаў, што ня мог спакойна хадзіць па Воршы, ледзь не на кожнай вуліцы віталіся, хацелі паразмаўляць, паўсюль ведалі. А вас пазнавалі на вуліцах?
Так, натуральна! Падыходзілі, віталіся за руку, зычылі посьпеху. Усё ж такі я пастаянна выступаў у «Старце», сезонаў 12 быў капітанам каманды. Яшчэ пры Аўцыне насіў павязку, на чацьверты сезон выступленьняў за каманду як стаў капітанам, так і да заканчэньня ім быў. А як скончыў гуляць у футбол, так каманда пратрымалася ў чэмпіянаце БССР зусім нядоўга.
У той час хакей зь мячом у Воршы разваліўся... Чаму так атрымалася?
І хакей зь мячом, так. Від, які мы доўга разьвівалі, які ўжо меў такія традыцыі ў нашым горадзе, стаў раптам непатрэбным. А чаму - таму што ніхто толкам не падтрымліваў нічога. Хакеістаў жа трэба было карміць, мы жылі са спорту, на заводзе мы толькі значыліся, а штодзённа не працавалі. Каб утрымліваць каманду, «Легмаш» мусіў мець грошы, а іх ужо стала не хапаць. Пасьля сталі разьвіваць у горадзе хакей на траве, дзяўчаты аршанскія нават медалі чэмпіянату бралі, але, па вялікім рахунку, не пайшло, ня выклікаў гэты від спорту вялікага інтарэсу ў гараджан.
Клюшкі Валерыя Шакулі
Вам даводзілася на правах капітана камусьці маладому «мазгі ўстаўляць»?
Ну, так каб сказаць, што я на кагосьці крычаў, дык не, не было такога. Але, вядома, і трэнеру, і мне як капітану, неабходна было падказваць партнёрам, як згуляць, як павесьці сябе. Тым больш я гуляў апошняга абаронцу і агляд поля меў адпаведны, бачыў па пазіцыях, каму адцягнуцца трэба, каго варта ўзяць пад апеку. Шмат гульнявых нюансаў.
Калі чытаеш кнігі ці нататкі пра савецкі футбол, часта сустракаеш байкі пра аматараў парушыць рэжым. Многія зь іх, верагодна, выдуманыя. А як было ў «Старце» тых часоў, ці былі ў камандзе парушальнікі спартовага рэжыму?
Былі выпадкі, але ня тое што нейкая сістэма, не. Але былі. За ўсімі ж сачыць ня будзеш. Іх не адлічвалі з каманды, але каралі, выключалі часова з асноўнага складу. А ўсім жа хочацца ў аснове пагуляць! У «Старце» быў добры калектыў, рэдка хто не прыжываўся. Быў, памятаю, адзін хлопец, які да нас у Воршу прыехаў зь Пінску. Дык быў аматар «градусу». Раз парушыў, два, тры. Убачылі ў камандзе, што ўгаворы на яго ня дзейнічаюць. У калектыве ён, такім чынам, сваім стаць ня здолеў. І быў адлічаны трэнерам. А трэнеры, дарэчы, мяняліся рэдка. Быў Аўцын, потым стаў Шумскі, і Галубовіч нейкі час яму дапамагаў.
Калі разьбіраем старыя выразкі з газэт, падбіваем статыстыку, дык кідаецца ў вочы, што прозьвішча Шакуля часта запісанае ў разьдзеле «галы». Як вам пры амплуа апошняга абаронцы ўдавалася рэгулярна забіваць праціўнікам?
А вось было нейкае адчуваньне голу. Упэўнена біў штрафныя, меў свой удар. Галавой якраз, нягледзячы на высокі рост, я ўдар так разьлічыць ня мог. Таму спецыялістам па галах галавой, мабыць на дзіва, я ня быў. Затое ўсе штрафныя ў камандзе біў толькі я. Таксама са штрафнога мог забіць Сяргей Шынкевіч, у яго і з гульні атрымлівалася таксама, меў пастаўлены ўдар. Аляксандар Саўчанкаў мог пасьпяхова выканаць штрафны, але пераважна забіваў з гульні, ды яшчэ вельмі прыгожа. Шкада, што яго няма больш з намі, анкалогія не шкадуе людзей, шмат хто сышоў ад нас у апошнія гады. Вася Коскін заўчасна пайшоў... А калі вярнуцца да тэмы галоў, дык і ў хакеі зь мячом у мяне атрымлівалася забіваць. Думанаў Сяргей на высокім узроўні праводзіў матчы, Генадзь Галубовіч біў з кутных, ну а потым мне ўдавалася забіваць. Разыгрываюць кутны, перадаюць мяч мне, і я зь клюшкі моцна б`ю па браме.
А як было з атмасферай у бэндзі ў саюзным чэмпіянаце?
Людзі цікавіліся, хадзілі на матчы. Праўда, розныя былі арэны. У Будзе, што ў Харкаўскай вобласьці, нам даводзілася неяк гуляць матч на полі, дзе была палова лёду, палова вады - напярэдадні пацяплела надвор`е. У Ленінградзе (цяпер Санкт-Пецярбург - заўв.Orshafans) атмасфера ня вельмі была, людзей прыйшло мала на матч. Яно й ня дзіўна, калі так разабрацца, у іх у горадзе шмат атракцыёнаў, столькі відаў спорту розных, гэта ў Воршы былі толькі хакей і футбол. У Ленінградзе ўжо тады была процьма магчымасьцяў пайсьці куды-небудзь яшчэ.
А дзе, дарэчы, «Старт» гуляў у Ленінградзе, на стадыёне «Дынама», дзе праводзіўся знакаміты «блакадны матч» падчас ІІ Усясьветнай?
Не, мы гулялі на стадыёне Кірава, высокія трыбуны, калі б яшчэ й людзей там паболей... Было незвычайна, стадыён на востраве знаходзіўся, вакол вада. Цікавае месца для гульні. Прыемна, што мы пасьпелі паглядзець Харкаў, Рыгу, Ленінград. Харкаў яшчэ няшмат, а па Рызе і Ленінградзе добра пагулялі, адпачылі. Заязджалі ў горад за дзень да матчу, на наступны дзень гульня, а пасьля яе адразу адпраўляліся дамоў. З Рыгі сядалі на цягнік, які ішоў празь Віцебск.
А сувеніры вы дадому прывозілі?
Так, хадзілі і па крамах там, бралі нешта адметнае. Напрыклад, вымпелы бралі. Потым тут не шкада было аддаць таму, хто зьбірае. Сям`я прывыкла да паездак. А затым я стаў адчуваць, што ўсё ж гады ідуць, жонка неяк сказала, што можна было б і заканчваць. З 21 года я быў сямейным чалавекам. Потым сын нарадзіўся, я яшчэ гуляў. Ён вырас, у школу пайшоў. Недзе ў 27-28 я скончыў кар`еру.
А куды вы пайшлі пасьля?
Я звольніўся зь «Легмаша» і пайшоў на чыгунку, у дэпо. Там плацілі больш, і жыў я блізка. 25 гадоў я працаваў на чыгунцы ў выніку, а ўсяго 41 год працоўнага стажу, калі браць разам зь «Легмашам».
Ваш бацька выступаў за аршанскі «Лакаматыў». Якія каманды вам запомніліся на чэмпіянаце горада?
Сілікатны завод выстаўляў сваю каманду, але яна нядоўга была моцнай, «Станкабудаўнік» на «Чырвоным барацьбіце», футбалісты Лёнакамбінату былі неблагімі. Каманда АТП запомнілася таксама. А ў цэлым тады футбольнае жыцьцё Воршы віравала - столькі каманд было, паўсюль матчы. Цяпер ужо такога няма, пры прадпрыемствах жа раней лічылася неабходным і прэстыжным мець сваю футбольную каманду, якая прадстаўляе завод ці фабрыку. Ну, а «Лакаматыў» традыцыйна быў саліднай камандай, за яго выступалі моцныя аршанскія гульцы. Рыгор Татарынаў брамнікам быў, яго ў Воршы ведалі ўсе, мой бацька, зноў жа паўтаруся, выступаў. Я тады малы быў, шмат ня ўспомню. Але народ хадзіў на матчы «Лакаматыва», стадыён актыўна запаўняўся, футбалістаў ведалі.
«Старт» з канца 50-х стабільна выступаў у чэмпіянаце БССР. У той жа момант каманда гуляла і ў чэмпіянаце Воршы, які праводзіўся таксама цягам футбольнага сезону. Як часта гульцы асноўнай каманды былі задзейнічаныя ў паядынках на чэмпіянат горада?
Спачатку гулялі, але затым цалкам пераключыліся на чэмпіянат БССР, таму «на горад» у асноўным гуляла наша моладзь. Матчы Кубка БССР ці Кубка Віцебскай вобласьці - гэта іншае, там ужо мы ехалі асновай і ў Талачын, напрыклад, і ў іншыя гарады. А на першынстве горада ў асноўным гонар «Старта» абараняла моладзь.
У якім зь беларускіх гарадоў была цудоўная атмасфера?
У Жодзіне, напрыклад. Толькі што не гулялі за «Тарпеда» мясцовыя, а толькі менскія. Згуляюць, і назад у Менск паехалі. Але народ жодзінскі хадзіў пастаянна на матчы. У Віцебску, Сьветлагорску людзі любілі футбол. Матчы з «Трактарам» сталічным былі напружанымі, але пра адметную атмасферу казаць цяжка, усё ж у Менску матчы клубаў у чэмпіянаце БССР наведвалі неактыўна, там «Дынама» было ў чэмпіянаце СССР, футболу й так хапала.
Зь кім з былых партнёраў вы зараз падтрымліваеце адносіны, сустракаецеся?
Шынкевіч Сяргей, Шалатонін Аляксандар, Малафееў Аляксандар, Жарабцоў Сяргей. Сустрэнемся недзе, у Лядовым палацы на хакеі, напрыклад, з Жарабцовым, узгадаем старыя гульні, паразмаўляем. І на футболе бываем. Праўда, футбольная каманда мне зараз не падабаецца, аршанцаў не засталося амаль нікога, толькі віцебскія гуляюць за Воршу. Народ пакеплівае з гэтага, але што тут зрабіць - практычна няма сваіх выхаванцаў.
А ў часы ўласных выступаў вы адчувалі, што за вамі прыйдуць падрыхтаваныя ў ДзЮСШ футбалісты?
Не, ужо тады іх рыхтавалі няроўна, не займаліся імі, па сутнасьці. Таму і ў тыя часы мала хто з маладых прыходзіў на зьмену. Але, калі паглядзець, дык у Беларусі нідзе свае выхаванцы не ў пашане. Гадамі каманды Найвышэйшай лігі прывозяць другарадных футбалістаў з Украіны, Малдовы, Расеі, якія нічым ня лепшыя за беларусаў. Хаця, напэўна, кожнаму яшчэ пры нараджэньні даецца нешта ці не даецца. Я, па вялікім рахунку, ніякай адмысловай падрыхтоўкі не праходзіў, ні ў ДзЮСШ ня быў, ні ў спецыялізаванай нейкай іншай школе. Усё прыйшло з вопытам, з самой гульнёй. Я правёў толькі 2 матчы за «Лакаматыў» на пачатку, адзін з матчаў акурат быў супраць Завода швейных машын (ЗШМ, будучы «Старт»). І там якраз мяне заўважыў Рувім Аўцын, прапанаваў перайсьці ў сваю каманду, каб гуляць у чэмпіянаце БССР. З кожнай гульнёй прыходзіў досьвед, акрамя таго, я меў азарт да футболу.
У ваш час у Воршу гуляць у хакей зь мячом паклікалі з Краснаярску Аляксандра Гардзеева. Ці сапраўды гэта быў унікальны хакеіст?
Ён з такога краю, дзе рускі хакей - асноўны від спорту. Мы ўбачылі адразу, што гэта нестандартны хакеіст. Як ён катаўся, як аддаваў ці забіваў - узровень. Адзінае, што быў «пяшчотным», то ў яго сьпіна баліць, то рука. Мы называлі яго «інтэлігентным». А ў нас па-простаму гулялі. Ні ў футболе, ні ў хакеі я гульняў не прапускаў. Былі сутыкненьні, удары па нагах, была стомленасьць часам. Але пастаянна выходзіў на поле. Ды й ня даў бы Рува адпачыць. Вось, трэба гуляць і ўсё. Заязджалі на Зону адпачынку, гулялі там на полі з простай драўлянай папярэчынай на браме, беглі угару-долу з седаком, ногі потым балелі, закачваліся. Гантэлі-штангі былі, а як жа. На «Лакаматыве» дзень-два займаліся ў такім рэжыме. За ўвесь час я, напэўна, толькі адзін матч прапусьціў. Бяда здарылася са страўнікам, нешта зьеў такое, ня змог выйсьці на матч. А так гуляў пастаянна, без замены.
А ў вас былі забабоны, рытуалы - выхад на поле зь левай нагі, першая зашнураваная буца правая, і так далей?
Не, гэта, я думаю, у асноўным зьявілася пазьней, а ў нас такога не прыгадваю. Выходзь і гуляй у футбол.
Мы часта пыталіся пра футболкі ў ветэранаў, таму ваш адказ пра якасьць маек у тыя часы прадбачым. Але ці ва ўсіх каманд першынства БССР былі такія ж просьценькія майкі?
Вой, ва ўсіх. Адкуль там было ўзяцца нечаму іншаму? Бралі на заводзе, да якога прыпісаная каманда, набывалі разам камплекты формы і гулялі. Таму ў многіх каманд год за годам былі розныя колеры футболак, больш чым сярэдняя якасьць формы, гэта вы правільна сказалі.
Хочацца спытаць пра знакамітыя дэрбі з «Тэмпам».
Ледзь не забойствы былі! Так мы змагаліся. Прывазныя былі ў «Тэмпе», звычайна з Украіны, але большасьць свае: Барань і Ворша. Такі важны матч быў, фактычна за права лічыцца галоўнай камандай рэгіёну. Сутычкі на полі былі сур`ёзныя, мне даводзілася некалькі разоў разьнімаць сваіх і супернікаў, каб не дайшло да бойкі. Аднак пасьля гульні ўсё было ў парадку, зноў станавіліся сябрамі і прыяцелямі.
Тым ня меней, у «Тэмпа» ў 80-я ўмовы для каманды сталі значна лепшымі, чым былі ў «Старта». У Барань пераехаў шэраг гульцоў.
Так, адбывалася такое. Жарабцоў, Думанаў, Баркоўскі, Шынкевіч, іншыя яскравыя футбалісты пераходзілі на нейкі час у «Тэмп». Іх трэнер Мікалай Гурчанкоў клікаў у каманду і мяне. Запрашаў пасьля арміі мяне ў «Тэмп», абяцаў разрад і грошы вялікія. Я пагадзіўся толькі зьезьдзіць на матч у Ленінград, бо ў «Старта» на той момант сезон ужо скончыўся. Яны думалі зацікавіць мяне, маўляў, гляне зараз, якая ў нас салідная каманда і пяройдзе. Я выйшаў і згуляў той матч, хоць мы саступілі, я, верагодна, спадабаўся гульнёй, і на мяне працягнулі «насядаць». Рублеўскі са Спорткамітэта прыгразіў «Ня дам гуляць за «Старт»!» Але куды мне ісьці? У інтэрнаце ў Барані я жыць ня надта хацеў. Маргалкін і Саўчанкаў пагулялі за «Тэмп», а я не. Я і ў «Дзьвіну» не паехаў, і ў «Тэмп» таксама пераходзіць адмовіўся. Застаўся верным «Старту». Вось так, 19 гадоў на адным месцы, нікуды!
Спадар Валерый, вы капітан «Старта», які выводзіў
аршанцаў на памятныя матчы з камандамі ГДР у 1974 годзе. Распавядзіце, як гэта было.
Спачатку мы перамаглі дома на «Лакаматыве», да нас прыязджала моладзевая каманда немцаў. А потым мы паехалі зь візітам у адказ. У Віцебску праводзілі праверку нас для выезду за мяжу. Сказалі, што можна ўзяць, апыталі кожнага, ці ёсьць у нас сваякі за мяжой, так далей. У выніку ўсіх выпусьцілі з СССР. Якраз так супала, што ГДР адзначала 25-годдзе утварэньня. Згулялі мы з камандай «Шталь», прагулялі. У немцаў у камандзе ўсе рослыя, магутныя. Атлетычная, адным словам, каманда. Пасьля паехалі на наступны матч. Нас сустрэлі, завялі на стадыёне ў рэстарацыю, арганізавалі стол. А мы там як пні - нас частуюць на шведзкім стале, а мы ж ня ў курсе, што да чаго. Перакладчыца нам перадала, што можна браць у талерку тое, што мы хочам. Мы да таго дня такога нават ня бачылі! Гарэлка была, не нямецкая, савецкая «Сталічная». Хацелі крыху выпіць, але трэнер заўважыў наш намер і паказаў, што забараняе - наперадзе ж яшчэ адзін матч. Хто банан ухапіў, хто мяса, хто што. Затым адправіліся ў гатэль.
А на наступны дзень матч зь мясцовымі. Там таксама рослыя, «у целе» футбалісты. Трапілі мы і на экскурсіі, і на парад да 25-годдзя. Калоны з паходнямі, марш такі. Для нас было грандыёзна, але неяк аднастайна. Пасьля ўсяго мы пілі мясцовае піва. Якраз прыехалі цягніком раніцай 9-га кастрычніка ў Воршу, акурат на мой Дзень народзінаў. Дарэчы, у праграмцы перадсезоннай «Старт-1983» надрукавана памылка, я нарадзіўся ня 3, а 9 кастрычніка. Прыём немцаў быў добры, і кармілі нас якасна, і вінаград, і ўсё што неабходна. Падарункі былі ад немцаў, і людзі на трыбуны прыйшлі заўзець за сваіх.