Прайшло 18 тураў, і зараз час рабіць нейкія высновы адносна колькасьці заўзятараў на трыбунах. Гэты сезон засьведчыў - каманда не гуляе горш за папярэдні сезон, але народу на трыбунах усё меней. У нас, напэўна, ніколі не было такой катастрафічнай лічбы ў 425 чалавек у сярэднім на матчы. Нават калі клуб гуляў у чэмпіянаце Віцебскай вобласьці ў пачатку 00-хх, публікі й тое было трошку болей, чым цяпер. З заўзятарскіх размоваў збольшага высьвятляюцца прычыны: аршанскія аматары футболу хіба ў сярэдзіне 00-хх бачылі каманду, дзе амаль адсутнічаюць у складзе аршанцы. Але, як
мы заўважалі раней, адсутнасьць аршанцаў не перашкаджае людзям хадзіць на хакей. Відавочна, прычына ня толькі ў земляках. Разам з тым, варта ўлічваць, што публіка на хакеі і футболе ў вялікай частцы не супадае, і акурат на футболе заўсёднікі матчаў прызвычаіліся бачыць аршанцаў у камандзе. Якая б прычына ні была асноўнай, канстатуем факт: папулярнасьць ФКО працягвае падаць штогод. Нават падчас выступаў у ІІ лізе на рэдкім матчы было меней за 800 заўзятараў, а часта, асабліва калі гулялі не ў Балбасаве, а ў цэнтры - на стадыёне было звыш 1000, каля 1500. Цяпер пра такія лічбы мы можам толькі марыць. На рост спадзявацца ня варта, улічваючы поўную адсутнасьць працы клуба з заўзятарамі. Менавіта са звычайнымі людзьмі, а не фанатамі, якія прыйдуць на матч у любое надвор'е без спецзапрашэньняў.
Аднак зьніжэньне колькасьці гледачоў назіраецца ня толькі ў Воршы. Гэта сумная статыстыка ўсіх беларускіх ліг. Нават у Бабруйску, дзе клуб ідзе на першых пазіцыях у І лізе, з заўзятарамі працуюць, фанацкі сектар больш масавы, атрыбутыку купіць не праблема, гульні актыўна асьвятляюцца ў мясцовай прэсе - нават там толькі 772 чалавекі ў сярэднім на гульні. А з улікам таго, што мы як ні
бываем там, дык кожны раз бачым меней людзей, чым у пратаколе запісалі. Тады нават у 772-х ёсьць сумнеў, некалькі дзясяткаў яўна накідваюць. У прадстаўленым
"Трыбунай" рэйтынгу наша каманда мае толькі 7-мы паказчык наведвальнасьці.
P.S. Не даем рэцэптаў, раім толькі адно - займайцеся спортам, піце якаснае піва і падтрымлівайце родны клуб. Нават дзясятак чалавек на стадыёне, якія ўсёй душой перажываюць за свае сіня-белыя колеры, надае камандзе неабходную падтрымку.
Орша правит миром! (с)