Сяргей Шынкевіч: калі “Старт” і “Тэмп” сустракаліся на футбольным полі, ішла сапраўдная бітва!

Sep 20, 2017 22:56

Імя Сяргея Шынкевіча - футбаліста, трэнера вядомае ўсім, хто любіць аршанскі футбол. Чалавек, які назаўжды ўпісаў сваё імя ў гісторыю Оршы, даў інтэрв’ю orshafans. У ім і пра гульнявую кар’еру Сяргея Сямёнавіча, і пра трэнерскую, і пра гульні “Старта”, і пра зборы “Тэмпа” ў Абхазіі і бронзавыя медалі чэмпіянату БССР. Запрашаем да чытання!



- Сяргей Сямёнавіч, як вы звязалі жыццё са спортам?
- Напэўна, вялікую ролю адыграла тое, што я вучыўся ў 1-й сярэдняй школе. А яна знаходзіцца праз плот ад Гарадскога стадыёна. Там раней працавала і спартовая школа па футболе, і каманда “Старт” трэніравалася на полі. Акрамя таго, у двары рэгулярна, ад світанку да заходу сонца ішлі футбольныя паядынкі, і ў школе мы пастаянна гулялі ў мяч у вольны час. У валейбол гулялі таксама. Захапленне развівалася, і я трапіў у футбольную школу. Тады трэнер быў такі цудоўны - Вячаслаў Уладзіміравіч Рублеўскі. Многія яго выхаванцы затым дараслі да асноўнага саставу “Старта” і “Тэмпа”. Памятаю са школьных часоў - на стадыёне “Старт” трэніруецца. Сядзіш і глядзіш у вакенца.

- На якой пазіцыі вы пачыналі гуляць?
- Яшчэ з юнацкіх камандаў гуляў заўсёды абаронцам. Потым, ужо ў дарослым футболе, часам здаралася, што не было каму згуляць у атацы, і мяне ставілі нападнікам. А ў цэлым, можна казаць, я быў універсальным гульцом, мог згуляць і ў цэнтры абароны, і на левым яе флангу, а таксама ў паўабароне і ў атацы. У 1978 годзе, калі “Тэмп” заваяваў бронзавыя медалі чэмпіянату БССР, я на пазіцыі апошняга цэнтральнага абаронцы здолеў забіць 9 галоў.
У мяне быў даволі моцны ўдар, я нярэдка забіваў са штрафных, бывала і метраў з 30-ці. А неяк памятаю, гулялі мы ў Барысаве супраць знакамітага цяпер БАТЭ. Мы перамаглі ў гасцях 3:2, а вырашальны мяч за “Тэмп” я забіў са сваёй паловы поля. Гістарычны момант для мяне!



Артыкул пра матч, у якім Сяргей Шынкевіч прынёс "Тэмпу" перамогу над менскім "Трактарам"
- Калі і дзе адбыўся ваш дэбют у дарослым футболе?
- Я быў яшчэ дзевяцікласнікам, калі мяне запрасілі ў аршанскую каманду “Станкабудаўнік”, якая тады выступала ў другой лізе чэмпіянату рэспублікі. На першую пару ў асноўным складзе я не выходзіў. А калі перайшоў у 10 клас школы, у 1972 годзе, атрымаў запрашэнне ад галоўнай каманды горада - “Старта”. Трэніраваў каманду тады Рува Маркавіч Аўцын, ён доўгі час стаяў ля кіраўніцтва аршанскім футболам. А да дэбюту ў “Старце” я выступаў за зборную вобласці і за юнацкі склад віцебскай “Дзвіны”, з якой мы выйгралі нашу зону турніру “Хрустальный мяч”. У фінале рэспубліканскага “Хрустального мяча” гулялі ў Менску супраць каманды СДзЮШАР-5.

Калі гэта цікава заўзятарам, скажу, што за гэту каманду тады гулялі Шавейка, Бароўскі, Курбыка, Васілеўскі. У той год з гэтай каманды 7 чалавек выступалі за юнацкую зборную СССР! І вось супраць іх выйшлі мы, юнацкі склад “Дзвіны”. Матч на менскім стадыёне “Дынама” завяршыўся ўнічыю 2:2, у дадатковы час галоў не было, а па пенальці мы прагулялі. У выніку, хоць і саступілі ў беларускім фінале, паехалі ў Крамянчуг на агульны турнір. Выступілі там дастойна, але сталі 3-мі ў групе. “Спортінтэрнат” (Кіеў), “Зеніт” (Ленінград), “Факел” (Варонеж), “Нефтчы” (Баку) былі ў суперніках, “Даўгава” (Рыга)… Прычым латышскую каманду мы перамаглі 4:1. А з бакінцамі гулялі ў апошнім туры, вялі ў першым тайме 2:0 і тут, відаць, нас не супакоілі трэнеры, калі трэба. На куражы працягвалі атакаваць і двойчы прапусцілі контратакі. 2:2, а нас задавальняла выключна перамога.

Таксама былі поспехі і на спартакіядах школьнікаў у складзе зборнай Віцебскай вобласці. Без медалёў мы не вярталіся. Наш год, 1956, быў вельмі моцны, са мной тады яшчэ гуляў Валодзя Вайцяховіч, які трэніруе “Віцебск”, Шуганаў, Шчупак… Нас тады чалавек 7 адразу ўзялі ў каманду майстроў.

- Як тады праходзіў дзень тыповай футбольнай каманды, трэніроўкі, зборы?
- Калі браць нашы каманды, дык футбалісты “Тэмпа” лічыліся рабочымі завода “Красный Октябрь” у Барані, а гульцы “Старта” - завода “Легмаш” у Оршы. Прыезджых футбалістаў было мала, некага з Бабруйску запросяць, яшчэ аднекуль. Але такіх было 2-3 чалавекі ў камандзе, астатнія ўсе свае. На заводзе штодзённа мы не працавалі. Туды выклікалі, напрыклад, пасля пройгрышу. Прагулялі матч - у цэх на завод і працаваць. Прафілактыка такая была. Ну, і проста дапамагчы заводу ў важныя перыяды даводзілася. А трэніраваліся штодзённа па 2 гадзіны. Некаторыя працавалі індывідуальна над сабой, прыходзілі на трэніроўку за гадзіну ці заставаліся пасля яе. Заняткі тады не былі на такім высокім тэхнічным узроўні, як цяпер, затое жаданне ў хлопцаў біла фантанам. У нас была пастаянная зарплата, а фізічнае прыроднае здароўе людзей у тыя часы было лепшым, чым цяпер.

А вось казаць, што трыццаць гадоў таму футбол быў больш якасным, не стану. Параўноўваюць некаторыя ветэраны, але, на мой погляд, гэта не мае сэнсу. Сённяшні футбол на парадак больш тэхнічны і вымагае цудоўнай фізічнай падрыхтоўкі. Што там казаць, у 70-я і 80-я ў “Старце” і “Тэмпе” былі й такія футбалісты, якія не прайшлі спартовую школу. А цяпер любыя гульцы РВАРы сканчваюць, акадэміі. Іншая справа, што тады было, магчыма, больш змагарскіх якасцяў, там, дзе футбалісту не хапала майстэрства, ён клаўся касцямі.

- Часта сучасны футбол папракаюць у тым, што ў ім футбалісты ледзьве не штогод мяняюць каманды. А як адбываліся пераходы ў 70-80 гг.?
- Такой “дзвіжухі”, як цяпер, натуральна не было. Не было й такога, каб у нейкім горадзе раптам з’явіліся грошы, і яны з нуля паназапрашалі туды гатовых гульцоў з іншых гарадоў. “Старт” пакідалі толькі ў выпадку, калі запрашала каманда майстроў, напрыклад, з другой саюзнай лігі. Ну, за БАТЭ гулялі не ўсе барысаўскія, былі там і футбалісты з Менску. Хіба што Бабруйск меў славу горада, дзе за мясцовы “Шыннік” гуляе шмат прывазных гульцоў. А ў астатнім каманды ў большасці складаліся з футбалістаў са свайго горада. За Светлагорск - свае, за Салігорск - свае, за Оршу - свае, аршанцы.



Зацемка пра перамогу аршанскага "Старта" ў Горках над камандай БСА

- Лепшы футбаліст Беларусі ХХ стагоддзя Сяргей Алейнікаў неяк назваў праблему айчыннага футбола. Маўляў, замест нармальнага адпачынку, многія футбалісты савецкага часу адпачывалі ў кампаніі алкагольных напояў рознага мацунку. Якая сітуацыя была ў Оршы, якія меры прымянялі трэнеры ў выпадку парушэння дысцыпліны?
- У горадзе не схаваеш нічога, і ўсе ведалі, хто можа перайсці мяжу. Пакуль жывы чалавек, гэтая праблема будзе пераследваць. Такія людзі былі і ў “Старце” пры Аўцыне, такія футбалісты ёсць у футболе і цяпер. Збольшага дазвалялі сабе лішняе таленавітыя людзі, лідэры каманды. Але, варта дадаць, што пасля парушэння рэжыму, яны выходзілі на матч і аддавалі ўсе сілы за каманду. Пры Руве Маркавічы, напрыклад, калі трэнер даведваўся пра парушэнне кімсьці рэжыму, павялічваліся нагрузкі. Яны і без парушэнняў былі высокія. 12 кругоў па стадыёне - гэта быў толькі “разагрэў”. Каманда ў поўным складзе прабягае адзін круг, а Аўцын ставіць рысачку нагой, а потым запытвае: ну, колькі вам засталося? Хтосьці адказвае: 2 кругі! На гэта Рува Маркавіч кажа: так, тады яшчэ 6 бяжым!

Пры Мікалаі Васільевічы Гурчанкове былі нагрузкі не горшыя. Калі ён ведаў пра тое, што нехта ўвечары перабольшыў з алкаголем, дык даваў яму супермаксімальную нагрузку. Але парушэнні рэжыму не былі павальнымі, усё здаралася, натуральна, але ўсе мы людзі. Да трэніровак і гульняў ставіліся сур’ёзна.

- У якія гады вы выступалі за “Старт”?
- У 1973 мяне ўзялі ў віцебскую “Дзвіну”, а з 1974 па 1976 я гуляў у Менску, лічылася за службу ў войску. Першы год мы там гулялі за СКА,  а другі год выступалі ў чэмпіянаце за менскі “Трактар”, рыхтаваліся да першынства Узброеных сіл.


Каманда СКА (Менск) 1976 г.
Зверху: Анатоль Ушанаў, Юркевіч, -, -, Віктар Шуганаў, Анатоль Саханько, Валерый Бяляўскі, Васіль Віскушэнка,
Анатоль Шапавалаў, Сяргей Шынкевіч, Мікалай Іванушкін
Знізу: -, Мухает Ахабекаў, Уладзімір Вайцяховіч, Віктар Рычак, Віктар Галянкоў
У 1976 перайшоў у “Тэмп”, за які па 1979 гуляў, выйграў з клубам бронзу чэмпіянату краіны. Поўны 1980 правёў у віцебскай “Дзвіне”, а на пачатку 80-х перайшоў у “Старт”. І калі скончыў кар’еру, стаў трэніраваць. Разам з Шалатоніным узначальвалі “Старт”. Затым працаваў у тэхнікуме. А тут у 1986-м годзе “Тэмп” змагаўся за Суперкубак Беларусі з бабруйскім “Шыннікам”. Мяне трэнер Гурчанкоў запрасіў згуляць у двух матчах за трафей.
Падрабязней спынюся на гэтым. Гуляць я перастаў у 36 гадоў, на стадыёне “Лакаматыў” у Оршы перад гульнёй “Старта” з Маладзечнам на размінцы атрымаў траўму, паляцеў меніск і ўнутраныя звязкі. Я скончыў з футболам, але на просьбы Гурчанкова паддаўся і згуляў з бабруйчанамі за “Тэмп”. Мы выйгралі 2:0, прагулялі 0:2, і саступілі трафей па пенальці. Я забіў адзін з пасляматчавых пенальці. Пасля гэтага канчаткова скончыў гульнявую кар’еру.

- Хто з партнёраў па “Старту” запомніўся вам найбольш?
- Мне вельмі запомнілася пакаленне, якое было старэйшым за мяне. Тады гуляў і Валерый Шакуля, Васіль Давыдзька, Леанід Барэйша, Леанід Скараход, Аляксандр Шалатонін, Сяргей Думанаў, Аляксандр Саўчанкаў, Мікалай Камароўскі, Уладзімір Маргалкін...  Я заўсёды іх паважаў, як людзей і як футбалістаў.

- Цікава параўнаць: віцебская “Дзвіна” выступала ў ІІ саюзнай лізе, а “Старт” у чэмпіянаце БССР. Наколькі вялікая, істотная розніца была паміж клубамі ў падыходах да справы?
- “Дынама” (Берасце), “Дняпро” (Магілёў), “Гомсельмаш” (Гомель), “Дзвіна” - гэта былі каманды майстроў, там зусім іншыя ўмовы. Штатны расклад, зборы, харчаванне, транспарт, зарплату футбалісты атрымоўвалі сур’ёзную. Розніца паміж ІІ лігай чэмпіянату СССР і чэмпіянатам БССР была значнай. І падбор гульцоў, і арганізацыя адрозніваліся кардынальна.



Зацемка пра перадсезонныя зборы віцебскай "Дзвіны" з С.Шынкевічам у складзе

- Сяргей Сямёнавіч, вы згадалі матч з юнацкай камандай “Нефтчы” як вельмі запамінальны. А ў дарослым футболе, канкрэтна за “Старт”, ці былі ў вас матчы, якія дагэтуль памятаеце ў дэталях?
- Скажу са шкадаваннем. У 80-я, калі я гуляў за клуб, тады ўжо каманда не паказвала высокіх вынікаў, паспяховай гульні. Крыху раней, у 70-х, калі гуляў за “Тэмп”, вось тады “Старт” сапраўды быў камандай высокага ўзроўню. Фактычна ўсе футбалісты “Старта” і “Тэмпа” былі з Оршы і Барані, мы пастаянна сустракаліся, сябравалі, тым больш многія, як і я, былі выхаванцамі Вячаслава Рублеўскага. Але калі “Старт” і “Тэмп” сустракаліся на полі, на 90 хвілін сябры станавіліся нібы ворагамі, ішла сапраўдная футбольная бітва, ніхто нікога не шкадаваў. Асабліва на матчах чэмпіянату вобласці. А вось у 80-я ў “Старта”, я лічу, ужо не было яскравых сезонаў, ды і стаўленне да каманды з боку кіраўнікоў пагоршылася. Ужо і трэнеры часта змяняліся, і гульцы. У “Тэмпе” стаўленне кіраўніцтва да клуба было больш сур’ёзным. У сакавіку амаль на месяц каманда ляцела на зборы ў Сухумі. Падбор футбалістаў наўрад ці адпавядаў барацьбе за медалі, але дзякуючы добрай падрыхтоўцы і байцоўскім якасцям, удалося заваяваць бронзу, упершыню ў гісторыі. Кіраўніцтва завода хацела, каб мы ўвайшлі ў гісторыю. А ў Оршы кіраўніцтва "Легмаша" не ішло такім шляхам, таму і вынікі каманды былі ніжэй.



Артыкул пра перамогу "Старта" над магілёўскім "Тарпеда"

- А якія людзі тады кіравалі “Тэмпам”?
- Усё трымалася на Мікалаі Васільевічы Гурчанкове, адзін час яму дапамагаў Дзмітрый Васільевіч Лучко. Тады яшчэ быў парткам завода, у любы момант нас маглі сабраць і пакрытыкаваць за паразы, альбо наадварот, прэміяваць за перамогі. У Барані на матчы “Тэмпа” збіраўся цэлы стадыён, рабочыя завода актыўна падтрымлівалі каманду. Гэтыя людзі цябе ўтрымлівалі фактычна, таму ты не мог гуляць кепска, вальяжна. З трыбуны, у выпадку няўдалых дзеянняў, маглі прыкрыкнуць: “Эй, Шынкевіч, выходзь заўтра на працу!” А ў Оршы да “Старта” так добра ставіліся ў 60-я, 70-я, а ў 80-я сітуацыя змянілася. Але гэта на мой погляд, магчыма, нехта мне запярэчыць.

- Чым вам яшчэ запомніўся той “бронзавы” сезон за “Тэмп”?
- Запомніўся сезон шэрагам матчаў. У нас была зусім невялікая абойма гульцоў. Са сваёй падгрупы ў фінальную васьмёрку мы выйшлі з 4-га месца. А ў вырашальным раўндзе згулялі так добра, што дабраліся з таго 7-8 месца да бронзавых медалёў! З удзячнасцю ўзгадваю тых партнёраў па камандзе. Вельмі цяжкія матчы ў нас былі з “Тарпеда” Жодзіна. Дома мы іх абгулялі 2-1, я забіў другі гол.

- У Барані на матчы “Тэмпа” быў поўны стадыён?
- Ну, не да кожнага месца, але запаўняўся ён вельмі добра. Уявіце, Барань, маленькі гарадок, там варыянтаў правесці вольны час не так і шмат. А тут добры футбол, і каманда з высокімі задачамі. Сем’ямі збіраліся, з Оршы прыязджалі заўзятары!

- Як тады выглядалі стадыёны, як за імі глядзелі?
- Ой, гэта была праблема. Хіба можна параўнасць поле цяперашняга Гарадскога стадыёна з тым полем, якое мы мелі ў тыя гады? Ды гэта “Маракана” ў параўнанні з тым, што мелі ў тыя часы. У цэнтральным кругу ўся трава была вытаптаная, той ж самае і ў штрафных пляцоўках, пачынаючы з іх радыюсу. Лужы пастаянна стаялі там. Я нават сам сабе задаю пытанне, чым іх касілі тады? Не было яшчэ газонакасілак. Касілі звычайнымі косамі! Трава была такая дзікая, балотная. У падкатах ніхто не гуляў. Іншая справа ў Барані - там поле было цудоўнае, адно з лепшых у Беларусі. У сваёй кнізе нават Сяргей Алейнікаў узгадаў гэтае поле, напісаўшы пра час сваіх гульняў у дублі менскага “Дынама”. Алейнікаў напісаў, што гэта было найлепшае поле Беларусі. Газон быў ідэальны, падстрыжаны. Можа крыху мяккаваты. А чаму мяккі? Бо газон знаходзіўся практычна на адным узроўні з ракой Адроў. Але гэта быў наш плюс: супернікі прыязджалі і адразу на гэтым ідэальным газоне бралі вар’яцкі тэмп, бегалі актыўна. Але за першыя 30 хвілін “наядаліся”, у перапынку ў іх ацякалі ногі, бо газон хоць і мяккі, але цяжкі. Мы карысталіся гэтым, нам галоўнае было першы тайм выстаяць. У другім тайме супернік ужо не вытрымліваў, а мы якраз дадавалі сілы і ціснулі.

А на Гарадскім стадыёне ў Оршы поле было звычайнае, грунтавае. Трава нармальная была толькі па бакох. Ніхто яе не падсаджваў, не падсейваў. Трыбуна была адна, з боку Дняпра, драўляная. А насупраць проста былі лавачкі для трэнераў і запасных футбалістаў. Нават не было чым схавацца ад дажджу. Але ў Оршы народ заўсёды шалёна любіў футбол, трыбуны запаўняліся. Марозіва людзі елі, піва пілі, побач з уваходам на Гарадскім стадыён стаяла “шайба” такая.


Так раней выглядала дарога на Гарадскі стадыён Оршы

- А публіка ў Оршы тады была больш эмацыйная за цяперашнюю?
- Натуральна, такіх арганізаваных фанацкіх груповак, якія ёсць цяпер, не было. Шуму на стадыёне было значна менш, затое можна было пачуць з трыбун любую рэпліку ў адрас гульца. Я вельмі ўдзячны цяперашнім фанатам за тое, што яны заўсёды падтрымліваюць клуб. Праўда, раней іх было пад сотню, а цяпер чалавек 15 збіраецца, але ўсё адно гэта неабходная падтрымка клуба. Прыбяры іх з трыбун, - і на стадыёне будзе тое ж самае, што было 30 гадоў таму. Ды раней і вядучы беларускі клуб тых часоў - менскае “Дынама” гуляла на перапоўненым стадыёне, аднак было ціха. Арганізаваная падтрымка вельмі патрэбная клубу.

- Сяргей Сямёнавіч, як шылася форма для “Старта”, “Тэмпа”, адкуль яна прыбывала, дзе закуплялася?
- Ой, форма… Куплялі ў звычайных крамах трыкатажныя маечкі. Такая галеча была! Праўда, майкі былі баваўняныя, натуральныя. Звычайныя майкі, два камплекты, з доўгім і кароткім рукавамі. Потым, пасля куплі, рабілі на кардоне трафарэты з лічбамі, падкладалі газету і фарбай набівалі на майках нумары. Рабілі гэта пэндзлямі і губкамі. Нават мячы фарбавалі белай фарбай, каб менш быў бачны іх знос. Яшчэ браліся і спорткасцюмы. А форма набывалася якая ёсць, выбару вялікага не існавала, таму куплялі, што ляжыць. У такіх умовах было складана ўсталяваць нейкія канкрэтныя клубныя колеры і прытрымлівацца традыцыі. “Старт” адзін сезон праводзіў у жоўтым, другі ў сінім, трэці ў чырвоным.

- На фотаздымку “Старта” 1983 года, на тых цёмна-чырвоных майках бачная эмблема.
- Яна, верагодна, таксама набівалася праз трафарэт. Нехта зрабіў малюнак на кардоне, і фарбай праз трафарэт яго перанеслі на футболкі.

- Цікавая тэма перадсезонных збораў. Вы згадалі, што нярэдка на зборы ў Абхазію ляцеў “Тэмп”. Як гэта адбывалася ў тыя часы?
- Зборы пераважна былі каля трох тыдняў. Завадскі аўтобус вёз нас у аэрапорт “Мінск-1”, адтуль мы ляцелі ў Сухумі. Адпачывалі і рыхтаваліся да сезону ў Доме адпачынку “Гуміста”. Яго будавалі Кіеўскі, Пецярбургскі і Маскоўскі абаронныя заводы, а сам Дом адпачынку належаў Міністэрству абароны. Дарэчы, і бараньскі завод “Красный Октябрь” таксама належаў абароннай галіне. Частку пуцёвак, якія даваліся на завод у Барані, аддавалі камандзе, але яшчэ даплочвалі грошы, каб мы мелі ўзмоцненае харчаванне, спартоўцы ўсё ж, не на чысты адпачынак прыехалі. Дарэчы, у каманд майстроў харчаванне было на 6 рублёў у дзень, у нас на 2 з нечым. Садавіну і сокі часта набывалі ўжо за свае грошы.

“Гуміста” знаходзілася адразу побач з комплексам футбольных палёў на спартовай базе “Эшэры”. І саўна там была. Мы ляцелі туды 15-га сакавіка, калі ў нас у Беларусі быў яшчэ снег, бруд пад нагамі. Мы тры тыдні ўжо на зямлі трэніраваліся там, прыляталі ў Беларусь, а тут яшчэ футбалісты клубаў, якія на зборах не былі, толькі выходзілі на траву, як снег сышоў.



"Тэмп" на зборах у Сухумі ў 1979 г.
Ніжні шэраг: Вячаслаў Ліпін, Віктар Каданаў, Уладзімір Круцько, Віктар Курыла,
Віктар Жаўно, Уладзімір Альхоўка, Міхаіл Данілкоў
Верхні шэраг: Дзмітрый Лучко, Сяргей Шынкевіч, Міхаіл Радкевіч, Анатоль Марчанка, Сяргей Цветнікаў, Юрый Занько, Уладзімір Верасовіч, Леанід Барэйша, Уладзімір Ганчароў, Мікалай Гурчанкоў (старшы трэнер)

- На зборах у Сухумі “Тэмп” гуляў з нейкімі вядомымі клубамі?
- Безумоўна, а як жа! Заўсёды многа было грузінскіх клубаў, напрыклад, “Дынама” (Зугдзідзі), яго трэніраваў тады вялікі абаронца зборнай СССР Муртаз Хурцылава. “Лакаматыў” (Самтрэдыя), “Ачамчыра”... І ЦСКА маскоўскі, і “Нефтчы” бакінскі з Анатолем Банішэўскім у складзе. Гулялі і з другой камандай ленінградскага “Зеніта”. Там вядучыя клубы Саюза гулялі і паміж сабой, мы прыходзілі, назіралі за трэніроўкамі і матчамі. Эліта савецкага футболу! Акрамя таго, зборныя СССР па гімнастыцы, па баскетболе былі. Гомельскі, Ткачэнка - вялікія людзі.

- Як вы вырашылі стаць трэнерам?
- Вырашыў яшчэ калі быў гульцом. Чытаў літаратуру, у Сухумі тым жа, да прыкладу, пакуль усе адпачываюць, хадзіў назіраць за трэніроўкамі іншых каманд, рабіў запісы. У СКА Барыс Сцяпанавіч Манько быў, выступаў у свой час за ЦСКА і менскую “Беларусь”. Арцёмаў Вячаслаў Дзмітрыевіч у “Дзвіне” - у іх многае ўзяў. Рыхтаваў сябе да трэнерскай працы. І неяк атрымалася, што ў бытнасць гульцом “Старта” ў другім коле мне давялося разам з Шалатоніным прымаць каманду. Не памятаю дакладна, па-мойму Шумскі ці Галубовіч сышоў з каманды. Каманда параілася, і прыняла рашэнне прызначыць двух гуляючых трэнераў, мяне і Шалатоніна. І далей кіраўніцтва нярэдка давярала мне каманду. Я працаваў з ёй і ў другой лізе, і ў першай ужо ў незалежныя беларускія часы. І, скажу шчыра, ніколі не атрымліваў пастаяннай зарплаты, трэніруючы футбольны клуб “Орша”. Смела гляджу ў вочы любому і магу гэта паўтарыць. Неяк плацілі мне паўстаўкі на заводзе “Легмаш”, таксама працаваў я ў чыгуначным тэхнікуме, а 4 ці 5 сезонаў, калі ўзначальваў “Оршу” ў І лізе, зарплаты ў мяне не было.

Прывяду прыклад. Жонка заўсёды казала мне: “Калі ты ўжо супакоішся са сваім футболам?” Ніколі не супакоюся, футбол - гэта жыццё. Гуляем выязны матч у Лідзе а 19-й. А 21-й толькі выязджаеш назад у Оршу і прыязджаеш раніцай, а 5-й раніцы. Каманда адпачывае пару дзён, а я ўжо а 7:30 мушу быць у тэхнікуме на працы, паголены і чысты. У прынцыпе, ганаруся тым, што аддаваўся футболу ўсё сваё жыццё, ніколі не філоніў.

- Вы вучыліся ў Інстытуце фізкультуры з вельмі вядомымі людзьмі… Хтосьці стаў потым вядомым футбалістам, хтосьці трэнерам.
- Я сам тады яшчэ ў Віцебску гуляў, прыязджаў на вучобу. А са мной былі, напрыклад, менскія дынамаўцы Юра Курненін, Ігар Гурыновіч, Віця Янушэўскі. І Людас Румбуціс, і хакеісты, Студзянцоў… Усе былі занятыя ў камандах, натуральна, і даводзілася даганяць часам ці здаваць іспыты хуткім тэмпам. Памятаю, як я за адзін дзень здаваў чатыры іспыты, бо ў іншыя дні ў мяне не было б магчымасці іх здаць. Навучанне там дала вельмі многае. Я быў на сваім месцы. Але вучоба вучобай, але ты сам павінен імкнуцца да ведаў, развіцця. Я да Менску яшчэ і тэхнікум фізкультурны скончыў у Віцебску. Тады яшчэ пры Педынстытуце не было факультэту фізвыхавання. Са мной і Аляксандр Паўлавіч Саўчанкаў вучыўся там, і Данілкоў-старэйшы, бацька Віталя Данілкова.

У тэхнікуме тады ў нас была вельмі моцная каманда. Мы выйгралі Кубак Віцебскай вобласці, прычым па дарозе да трафею перамаглі і “Старт”, і “Тэмп”. У чвэрцьфінале Кубка Беларусі гулялі з жодзінскім “Тарпеда” і прагулялі.

- А як у той час разыгрываўся чэмпіянат вобласці?
- Звычайна, чэмпіянат Віцебскай вобласці пачынаўся тады, калі сканчаўся чэмпіянат Беларусі, недзе ў пачатку лістапада. У чэмпіянаце гулялі віцебскі “Тэхнолаг”, “Старт”, “Тэмп” і каманда Наваполацка - тыя, хто гуляў і ў чэмпіянаце рэспублікі, а таксама да гэтай чацвёркі дадаваліся яшчэ пара каманд, Полацк, яшчэ хто-небудзь. Набіралася каманд 6. На першынство было такое “рубілава”, хаця палі ў той момант ужо ільдом часам пакрываліся ад халоднага надвор’я. Чаму? Перад турнірам нярэдка нас матывавалі фразамі, маўляў, што ў наступным годзе “на рэспубліку” згуляюць толькі дзве першыя каманды чэмпіянату вобласці. Так што барацьба за першынство ішла такая, ажно косці хрупасцелі. Усе каманды з’язджаліся, напрыклад, у Наваполацк ці Навалукамль, і там знаходзіліся тыдзень, гулялі па кругавой сістэме. Часцей за ўсё перамагалі “Старт” і “Тэмп”. Часам Наваполацк і “Тэхнолаг” маглі пазмагацца за перамогу.

- Вы шмат гадоў былі трэнерам, пры вас выраслі многія футбалісты. Якія вам запомніліся найбольш за сваю стараннасць, талент?
- Асабліва запомніліся чатыры сезоны ў І лізе. У нас практычна ўся каманда складалася з аршанцаў. Адзінае, што не мог пераносіць людзей, якія парушаюць рэжым. Не тое, каб я з першага разу адлічваў чалавека з каманды. Проста падвёў футбаліст адзін раз, потым другі раз, так? Калі паўтаралася, я вымушаны быў з такім гульцом расставацца, каб не псаваць мараль у калектыве. У нас быў вельмі здольны Сярожа Жыгалаў, з Ільнокамбіната. Аднойчы ён не прыйшоў на трэніроўку, а ўвечары я ўбачыў яго “пад градусам”. Выпадкова! Я ніколі ні за кім не сачыў. Папярэдзіў яго, аднак сітуацыя паўтарылася і на наступны раз. Давялося спыніць супрацоўніцтва, хаця хлопец быў вельмі таленавіты. Былі й іншыя такія хлопцы, якіх давялося адлічыць з калектыву. Калі я бачыў, што чалавеку футбол не патрэбны, што ў яго ён яўна не на першым месцы, што для яго ён “проста так”, тады да такога футбаліста, ды і чалавека інтарэс знікаў. Адна справа, калі футбаліст хоча, але не можа. Іншае, калі яму ўсё дадзена, але з-за такога стаўлення да гульні, да свайго здароўя, ён сябе праяўляе не ў поўнай меры. Разгільдзяйства я цярпець не мог.

Але было і шмат талентаў, якія трымалі дысцыпліну. Увогуле, тая каманда 90-х была добрай. Некалькі рабятаў раней гулялі ў Вусці за “Колас”, шэраг украінцаў. Віця Панчук, Сяргей Школа, Міша Рыжала - яны вельмі дапамаглі аршанскаму футболу. Моцныя, тэхнічныя. І як людзі прыстойныя. І сярод аршанцаў было ўдосталь цудоўных футбалістаў. Алег Жалезнікаў, Валодзя Правалінскі і іх пакаленне. Іх аб’ядноўвала любоў да футбола. Яны выкладваліся на трэніроўках і ў матчах, ніхто не філоніў. Са мной працаваў наш выхаванец Леанід Русецкі. Жыгуноўскі з Коханава быў, Віталік Кавалеўскі, Коля Міхалёнак з Талачына. Аляксандр Чарневіч, Валодзя Ларывонаў, Паповіч Аляксандр, Ігар Дзмітрыевіч, Малафееў, Банькоўскі і многія-многія. Потым Ігар Івулін прыйшоў, адданы футболу і па сённяшні дзень. Яны хацелі гуляць, любілі футбол. Я не даваў ім літасці, але яны ж разумелі, што такія нагрузкі выбралі самі, калі прыйшлі ў футбол.

Скажу шчыра, не ўсе футбалісты тэхнічна адпавядалі ўзроўню І лігі. А на што ў такім выпадку трэба было рабіць стаўку?

- На атлетызм!
- Правільна. Неабходна было толькі слушна размеркаваць нагрузкі. І, я думаю, у мяне гэта атрымлівалася. У каманды выпрацоўваліся якасці сапраўдных змагароў. Была такая каманда як “Лунінец”, яе ўзначальваў нябожчык Якаў Шапіра. Яны прыехалі да нас у Оршу ўвосень і ім трэба было нас перамагаць, каб выйсці ў Вышэйшую лігу. Зараз, думаю, ужо можна распавядаць дэталі. Быў такі арбітр Сяргей Макаранка з Менску. Яны “прыхапілі” суддзю. І што гэты суддзя стаў тварыць перад запоўненай пад завязку трыбунай аршанскіх заўзятараў, гэта не ахапіць розумам! А каманду гэта, наадварот, завяло! Спачатку Алег Жалезнікаў у першым тайме метраў з 16-ці трапляе прама ў “дзевяціну”! Потым Міхалёнак збягае са сваёй паловы ў адрыў, выходзіць сам-насам з галкіперам і не пакідае шанцаў гасцям - 2:0! Дагэтуль тыя галы стаяць перад маімі вачыма!

А суддзя тады тварыў такое бязладдзе на полі, што я падчас гульні падыходзіў да інспектара, здаецца, Сярожкін з Магілёва тады працаваў, і казаў яму: “Паслухайце, ну што гэта робіцца такое?” Але нават пры такім судзействе мы выстаялі і перамаглі! Налета я прыязджаю ў Стайкі, калі зборная рыхтавалася да матчу з Украінай (той самы, калі дома саступілі 0:2), а там якраз Шапіра. Ён ужо трэніраваў жодзінскае “Тарпеда”. І ён мне кажа са смехам: “Лепей бы я пагаварыў з вашай камандай, мы б ужо год гулялі ў Вышэйшай лізе”. Ну гэта ўсё з іроніяй было сказана, з жартам.

Яшчэ запамінальным матчам быў паядынак у Светлагорску з “Хімікам”. Судзіў Браніслаў Ясінскі, мы з ім перасякаліся яшчэ футбалістамі, калі ён быў у БАТЭ. Як ён нам “галаву адкручваў” у тым Светлагорску! Правалінскі ў самым канцы выбягае са сваёй паловы сам-насам і забівае гол - 1:0 на карысць “Оршы”! І што тут пачынаецца! Тады рэдка дадавалі больш за 2 хвіліны да матчу, а тут мы гулялі 10 ці 12 хвілін паверх асноўнага часу! Пакуль яны не прызначылі нам пенальці. Тварылі што хацелі.



Штаб "Оршы" ў 1999-м на стадыёне ў Балбасаве (злева направа):
лекар Уладзімір Прыстаўка, трэнеры Аляксандр Саўчанкаў, Сяргей Шынкевіч, Леанід Русецкі,
на заднім плане футбаліст Чарневіч

- Як арганізоўваўся быт каманды?
- Трэніраваліся рэгулярна. Дзякуй Алегу Уладзіміравічу Казлову, гарвыканкаму на чале з Майсеюком, яны нават неяк нам зборы ў паўзе паміж паловамі чэмпіянату арганізавалі. І дырэктар “Горгазу” Няклюдаў нам дапамагаў, упраўляючы будтрэстам Чайкоў… Былі ў той час і іншыя кіраўнікі прадпрыемстваў, якія дапамагалі камандзе. Прычым прыходзілі яны на футбол рэгулярна, і не таму, што там мэр будзе - мэр якраз нячаста быў - а проста таму, што любілі футбол. І ведаеце, адразу адчуваецца, калі чалавека “просяць” дапамагчы камандзе, і калі ён сам хоча дапамагчы. У канцы 90-х людзей, якія па сваёй ініцыятыве падтрымлівалі “Оршу”, было нямала. Дзякуючы ім мы і перад сезонам на турбазе жылі. Была магчымасць сабраць каманду і “абкатаць”. Да сезону паспявалі і палаяцца адзін з адным, і выказаць нейкія прэтэнзіі, і пасябраваць. Дзякуючы такім зборам складаўся калектыў, гэта не была проста каманда, якая збіралася дзеля гульняў. Такі ж калектыў быў у “Старце” і ў 70-80-я. Саўчанкаў, Камароўскі, Маргалкін, Якуцін, Ганчароў.

- Вам складана было падбіраць гульцоў у каманду?
- За ўвесь час майго трэнерства, я падлічыў, адмовіўся ад паслуг 14 аршанцаў. Можа для кагосьці я стаў нейкім ворагам, не ведаю. Але ў “Оршы” нельга было знаходзіцца проста таму, што ты аршанец, мясцовы, і займаешся футболам. Ты павінен быў нешта паказваць. Ніхто з трэнераў не будзе выступаць супраць сябе, выбіраць горшых футбалістаў, калі ёсць лепшыя. Ды і каманды не былі такія вялікія, як сёння. Вазьміце цяперашнюю каманду Вышэйшай лігі, як яны едуць на матчы. У аўтобусе 44 месцы, яны не могуць усе там змясціцца! 5 трэнераў, 2 лекары, фізіятэрапеўт. А раней ехалі 16-18 чалавек у аўтобусе, увесь штат каманды! А вінаваціць мяне, што я браў нейкіх людзей не аршанскіх, таксама глупства. Тыя ж украінцы, якіх я тут згадваў. Яны даўно жылі ў Оршы, ажаніліся тут, сталі сваімі. Нельга ніяк сказаць, што яны прыехалі, пагулялі і з’ехалі, для іх Орша стала домам ва ўсіх сэнсах.

А каманда, як прыемна мне гэта казаць, была ў нас класная. Перамагчы маглі любога. Памятаю, “Зорку-БДУ” менскую дома разграмілі 5:0, светлагорскі “Хімік” 5:0, мікашэвіцкі “Граніт” збіраўся ў Вышэйшую лігу, а мы іх 2:1 прама ў Мікашэвічах абгулялі. Я магу зараз ганарыцца тымі вынікамі. З прыезджых у нас былі магілёўскія Гена Феакцістаў, Юра Васюк, Жыгіраў Валодзя. Алег Мігаль у браме гуляў, ён з Круглага. Жыгуноўскі з Коханава. Гэта ўсё вельмі блізка ад Оршы. Так яны ўсе лідарамі былі! Той жа Жыгуноўскі забіў на “Лакаматыве” самому “Нафтану” і не даў таму пайсці на павышэнне. Вадзім Задарожны з Талачына быў. Большасць пералічаных футбалістаў мы знайшлі самі, запрасілі ў каманду, не плацілі за іх. Няхай на мяне не крыўдуюць тыя, хто ў той час не падышоў камандзе. Гэта футбол.



2012 год. Трэнерскі штаб "Оршы". Аляксандр Саўчанкаў, Аляксандр Ладзяны. Сяргей Шынкевіч

- Размаўляючы з рознымі людзьмі, можна зрабіць выснову: у многіх, нават не аршанцаў, наш горад застаўся ў памяці. Ці выпадае казаць, што ў Оршы ёсць свая энергетыка?
- Безумоўна. Я часам сустракаюся з тымі, хто ўжо не жыве ў Оршы. І адсюль прыклад. Гулялі неяк у Оршы выставачны матч з удзелам артыстаў. Была праблема ў камандзе з брамнікам. Я патэлефанаваў у Круглае Мігалю, папрасіў Алега прыехаць. Ніякіх праблемаў! І з кім бы я ні сустракаўся, у Менску, Магілёве - ўсе ўзгадваюць перыяд сваёй кар’еры ў Оршы. Міхалёнак, Васюк, Жыгіраў - іх бачыў нядаўна, усе з радасцю ўспамінаюць гады ў клубе, горад. Збіраемся на ветэранскіх матчах, на турніры цудоўнага брамніка Анатоля Рыгоравіча Дробышава. Яму сёлета было 70 гадоў, збіраліся ветэраны на матчы. Нават Шакуля, Шалатонін - гульцы пакалення, якое было да мяне! У нас дзякуючы Сухавараву, Дымкову, Дробышаву і іншым моцны ветэранскі рух. І на Гарадскі стадыён прыходзім, сустракаемся там. Орша гэта Орша, горад непаўторны!

Тэмп (Барань), Менск, Барань, Тарпеда (Магілёў), Тарпеда (Жодзіна), У.Маргалкін, БАТЭ (Барысаў), чэмпіянат Беларусі, А.Мігаль, трэнеры, Лунінец, Белшына (Бабруйск), А.Жалезнікаў, стадыёны, артыкулы, наш стадыён, гісторыя, футбалісты ФКО, Хімік (Сьветлагорск), У.Правалінскі, А.Саўчанкаў, А.Ладзяны, С.Шынкевіч, старая Орша, форма, Дынама (Менск), Кубак Беларусі, Беларусь, гісторыя ФКО, ФК Орша, Орша, Горкі, Старт Орша, чэмпіянат Віцебскай вобласьці, Л.Барэйша, чыноўнікі, СКА (Менск)

Previous post Next post
Up