Я тут думала і перамясціла свой паказ на аўторак. Для парадку, ага) Проста ў мяне е яшчэ БК, і я -- вы не паверыце -- яе тыпу амаль скончыла, а яна ж у чацьвер па традыцыі. У сэнсе старонкі ўсе завяршыла, там толькі старыя давесці крыху, чым я зараз і займаюся.
Дык вось другі пункт маёй плэнэрнай праграмы -- гэта Менск. Не ўсё я паспела наведаць, не ўсё адлюстравала. Але ўжо як ёсць.
Мая першая замалёўка ў Менску пасля адсутнасці даўжынёю ў год. Я тут спрабую новую маркерную паперу і маркеры ж, усё гэта набыла ў свой набег на Акропаліс.
Калі хто не пазнаў па першай выяве месца, то тут пазнае. Я тады патрапіла пад дождж, схавалася ў арку (ну і...малявала) і потым доўга хварэла. Такія мы, каірскія, разбэшчаныя сонцам) А галоўнае -- доўга не магла паверыць, што будзе дождж, праўда.
Як раптам нехта ўсё ж не пазнаў месца і пасля другой выявы, трэцяя не пакіне сумненняў. Маё адно з любімых у Менску, яно часта сустракаецца на гэты раз. Атрымалася дзіўна, я спрабавала там адзін падгледжаны прыём.
Сумназнакамітая Асмолаўка. Я ў Вільні купіла дарагаваты крафтавы нататнік і абнаўляла яго. Вынікам задаволеная, але шкада на такую справу маркераў, папера іх выцягвае, канешне.
Малявала з вакенца пад час той самай хваробы. Не ахці, але я зачапілася за восеньскія такія колеры неба і лісця, хаця яшчэ была сярэдзіна лета на той момант.
Яшчэ адна "хваробная", не адыходзячы далёка ад дома)
Ізноўку маё любімае месца :)
Парк каля опернага. Экспрэсіўна-нярвова атрымалася, калі я зразумела, колькі часу гэта ўсё зойме. І мне было холадна. Усё ж я не з тых, хто вымалёўвае любоўна кожны штрых, мне цярпення не хапае. Дома ажывіла зялёна-жоўтым.
У той дзень я ішла пасля сваіх розных спраў і выпадкова зразумела, што я ў Еўропе. Дакладней, што ў нас нешта спрабуюць рабіць цікавае. Каля ратушы я знайшла кірмаш і нават караценькі канцэрцік. І набыла сабе 2 цудоўных пярсцёнка. Тут я напіхала з непрызвычкі ўсяго, так хацелася ахапіць як мага больш... ТАк што кампазіцыя кульгае на абедзьве нагі.
Ратуша з серыі "ну хай будзе, калі я села на лаўку надоўга".
Досыць бездапаможная замалёўка людзей, у працэсе мне стала нудна нават крыху) Усё той жа ратушны нядзельны кірмаш.
А вось гэтая атрымалася ўжо лепш. Праўда эээ бомж быў незадаволены. Але руды маркер надзвычай добра падыходзіць да колеру скуры людзей)
Яшчэ адна крафтавая, зноў жа з часоў хваробы, калі я, як у вакууме, хадзіла па дактарах.
Такі сабе ілюстратыўны эксперымент, усё тое ж знакавае месца)
А ў адзін прыгожы дзень я вырашыла, што не справа ні разу не намаляваць Траецкае, і вось што атрымалася. Узгадала маладосць карацей)
Мяне захапіў тут шкляны "хмарачос", каторага, здаецца, у мінулым годзе яшчэ не было цалкам дабудаванага. Ваўсяляк я не памятаю. А тут ён такі сабе ў абрамленні цікавых дрэў. Новы-новы Менск карацей) Гэта я да таго, што я не да ўсіх новабудаў стаўлюся апрыёры негатыўна) І тут бачна, што мне было цікава.
А гэта мая Любімая Вуліца ў Менску. Не блытаць з любімым месцам!))) Тут мяне спыніў мясцовы нейкі мужык і папрасіў паказаць, што я там ужо намалявала. Зірнуў і "ой, а што ж вы дрэвы такія зрабілі". Я не стала высвятляць, чым яму там мае дрэвы не дагадзілі) Нармальныя дрэвы)
Тут... Я насамрэч 3 месяцы збіралася ў Батанічны сад, але так і не патрапіла. Сур'ёзна. Не дайшла вось так...ідыятычна. То адно, то другое. Адзін раз патруцілася шампанскім напрыклад. Гэта я да таго, што не дзіўна, як у мяне не атрымалася завітаць у госці да некаторых людзей...
..І, працягваючы... Адзін я раз такі дайшла датуль, але перадумала, мяне спакусілі сосны і заманілі ў парк Чалюскінцаў. Яны гукалі, шапацелі, нахабна-прыгожа адлюстроўвалі сонечнае святло, і я падпарадквалая лёсу) Што характэрна, іх я так і не намалявала.
А гэта таксама быў эксперымент, і мне зноўку было холадна. Мабыць таму дрэва на першым плане атрымалася як зялёны пупырчаты іншапланетнік. %)
І вось мы дабраліся да апошняй менскай замалёўкі. Па традыцыі вынесла з-пад ката і яе. Праца па чарговасці першая з чалюскінскіх, але і самая ўдалая, таму й напрыканцы. Мне захацелася на той момант гэткай жывапіснасці, і восеньская гама ў гэтым плане самае то. Калі набрыдлі ўжо зялёныя маркеры.
Калі зрабіць выснову менавіта гм па Менску... То ў мяне з большага атрымалася такая сабе зеляніна. Я вось шчыра хадзіла-хадзіла, але архітэктура мяне не натхняла.
PS. У наступны аўторак у рубрыцы "плэнэр 2015" чакайце гм..ну скажам Кіеў) А я паспрабую папрактыкавацца з адкладзенымі пастамі...