Сядзіба Свяцкіх у в. Пламя Сенненскага р-на

Feb 20, 2015 19:26

За свае студэнцкія гады аб'ездзіў амаль усю Віцебскую вобласць (прынамсі заходнюю і цэнтральную яе часткі) і таму на кампе маецца вялікая колькасць здымкаў (больш за 30 гб). Адна з апошніх вандровак - па Сенненскаму і Чашніцкаму раёнах. Упершыню падчас гэтай вандроўкі я карыстаўся люстрай, мажліва таму я з яе і пачынаю:)

Нажаль з-за бурнага партызанскага і савецкага мінулага Сенненскі р-н амаль поўнасцю страціў свае гісторыка-культурныя цікавосткі, а ўсё, што засталося, можна пералічыць па пальцах адной рукі. З "захаванага" самае каштоўнае - гэта сядзібны комплекс Беліца, які на пачатку ХХ ст. быў адным з самых багатых на Віцебшчыне.



Упершыню маёнтак Беліца ўзгадваецца ў пісьмоых крыніцах за 1551 г. У розныя часы ён належаў Мантаўтам, Глебавічам, Зяновічам, Сапегам, пакуль у канцы ХІХ ст. яго не атрымаў род Свяцкіх гербу Слепаўрон.


Менавіта пры Свяцкіх Беліца дасягнула свайго росквіту: на той час гэта быў даволі вялікі маёнтак, які налічваў каля 15 000 га землі. Меўся сядзібны дом з вежай, маляўнічы парк, шматлікія гаспадарчыя і прамысловыя пабудовы, сярод якіх бровар, кароўнік, склады.


Агульны від на комплек (здымак да 1911 г., бо сядзіба яшчэ без вежы)

Дакладна не вядома, калі быў пабудаваны сядзібны дом. У розных крыніцах падаюцца розныя даты будаўніцтва - ад пач. ХІХ ст. да 1900 г. вызначана толькі дата прыбудовы вежы - 1911 г. Запраектаваў вежу познаньскі архітэктар Уладыслаў Мячкоўскі. Дарэчы вежа выкарыстоўвалася ў гаспадарчых мэтах: як пральня і майстэрня.


Сядзіба пасля 1911 г.

Уладары Беліцы былі дастаткова цікавымі асобамі. Караль Свяцкі быў "крэпкім хазяственікам", менавіта ён займаўся маёнткавай гаспадаркай, а таксама быў грамадскім і культурным дзеячам. Яго сын, Станіслаў, быў чалавекам таленавітым і дапытлівым, займаўся разьбой па дрэве, арніталогіяй, калекцыянаваў зброю і інш.


Даволі ўнікальная з'ява для Беларусі - захаваліся здымкі унутранага ўбранства сядзібы, таму мы добра можам сабе ўявіць атмасферу, якая панавала ў гэтым доме.

З прадметаў інтэр'еру прыгадаем люстэрка ў стылі Людовіка XV, белую мармуровую панэль, якая абапіралася на дзве пазалачоныя кансолі. Мэбля, галоўным чынам, была ўся новая, сярэдзіны 19 ст. Каштоўнасць мелі толькі некалькі секрэтэраў, пульпіт і камода з арэхавага дрэва. У сядзібе была невялічкая мастацкая галерэя, у якой захоўваліся карціны В. Ваньковіча ("Напалеон у вогнішча" (цяпер знаходзіцца ў Дзяржаўным музеі ў Варшаве), партрэт ці аўтапартрэт самога мастака), працы Вітольда Вехерта паляўнічай тэматыкі, Лявона Вычулкоўскага, Рамана Шмайніцкага, Уладзіслава Маеўскага, скульптара Станіслава Якубоўскага і інш. Меліся ў доме старыя парцалянавыя сервізы і срэбра, калекцыя зброі. Бібліятэка налічвала больш за 3000 кніг.


Славу сядзібе дадае і той факт, што з 1903 па кан. 1904 у Свяцкіх служыў малодшым прыказчыкам будучы класік беларускай літаратуры Янка Купала. Менавіта тут, у Беліцы, ён напісаў верш "Мая доля" які ўжо даўно стаў хрэстаматыйным.


Занядбанне маёнтка паступова прыходзіць з 1917 г. У 1918 г. яго ўладары эмігравалі ў Польшчу. На базе гаспадаркі Свяцкіх быў утвораны саўгас "Пламя". У сядзібным доме ў розныя часы былі сяльгас тэхнікум, казармы, школа, дом культуры, бібліятэка.


Так выглядала сядзіба ў 1980-я г.

Аднак больш за 20 гадоў сядзіба не выкарыстоўвалася, што прывяло да яе поўнага разбурэння. Мне здаецца вежу яшчэ можна выратаваць, але наўрад ці ў мясцовых кіраўнікоў хопіць на гэта грошаў і волі.


Першапачаткова сядзіба была пабудавана ў стылі позняга класіцызму, аднак пазнейшыя перабудовы парушылі сіметрыю, затое дадалі вельмі выразныя дэталі.


Часам здаецца, што ў "савецкіх" людзей не было Радзімы, гісторыі, ды проста пачуцця прыгожага...


Галоўны фасад

А была толькі мяшчанская прага да карыснага, як яшчэ можна патлумачыць тое, што гаспадарчыя пабудовы захаваліся ў значна лепшым стане?..


Кароўнік

Бровар хаця і стаіць без шыб, але выглядае цалкам прыдатным да карыстання будынкам.


Тое самае са спіртасховішчам - хоць зараз хавай там "боскую расу":)


А прызначэнне гэтай гаспадарчай пабудовы мне невядома. Будынак даволі высокі, можа паравы млын?..


Вось такое цікавае і багатае на гісторыю месца. Пабудзем з вамі аптымістамі і паспадзяемся, што хутка яно знойдзе інвестара, і мы яшчэ пабачым яго ўзнаўленне, пасмакуем Пламяннага цёмнага піва ці чаго памацней:)

архітэктура, сядзіба, Валенцій Ваньковіч, гісторыя, страчаная спадчына, Янка Купала, класіцызм, вандроўкі, Пламя

Previous post Next post
Up