Віцебская глыбіня: вул. Энгельса*

Apr 27, 2015 14:09

*гэта тэкст майго кавалачка экскурсіі па Задзвінні, якая праходзіла ў межах Фэсту экскурсаводаў.



1. Вуліца Энгельса названа ў гонар аднаго з галоўных ідэолагаў марксізму яшчэ ў 1923 годзе. Параўноўваючы вуліцы, што носяць імя марксістаў, бачна ацэнка віцебскай савецкай ўладай укладу менавіта гэтага нямецкага філосафа ў камуністычную ідэалгію: вул. Карла Маркса - 3200 м, вул. Леніна - 2500 м і вул. Энгельса - 230 м.


2. Гэтая вуліца пачала фарміравацца ў канцы XVIII стагоддзя. Першапачаткова яна называлася Багаяўленскай, бо на ёй знаходзілася Багяўленская або, іншая назва, Семяонаўская царква. Драўляная царква св. Семяона Стоўпніка на гэтым месцы вядомая яшчэ з 1539 года (Сімеон Стоўпнік - ранне хрысціянскі святы, заснавальнік такой формы аскезы, як стоўпніцтва. Знакаміты тым, што правёў у стаўпе 37 гадоў у пасце і малітве. Быў прапаведнікам, паводле жыцця, атрымаў ад Бога дар вылечваць хваробы, прадбачваць будучыню. Шануецца і ў Праваслаўных і ў Каталікоў). Выяву драўлянай царквымы мы можам бачыць на Чарцяжы 1664 года.


3. Цагляны храм быў узведзены ў 1790-1805 гг. уніятамі і асвенчаны старым імем. Пад час вайны 1812 года вокны царквы былі пераўтвораны французамі ў амбразуры, а ўсярэдзіне пастаўлены гарматы. Поруч з царквой былі ўладкаваны земляныя ўмацаванні. У 1839 годзе Багаяўленская царква перададзена праваслаўным. Пры царкве адкрываецца багадзельня і апякунства.


4. Дарэчы да Багаяўленскага прыходу была прыпісана і драўляная могілкавая Георгіеўская царква на Юр'евай горцы, якая была пабудавана яшчэ ў канцы ХVІІ стагоддзя, перабудавана ў пачатку ХІХ і страчана недзе ў ХХ стагоддзі.


5. Храм Семяона Стоўпніка спалучаў у сабе рысы барока і класіцызму. Па плане ўяўляў сабой амаль роўнабаковы прамавугольнік. На галоўным фасадзе былі размешчаны дзве аднаярусныя звонавыя вежы і шырокі франтон паміж імі. Фасад быў упрыгожаны жывапісам. Над асноўным аб'ёмам храма ўзвышаўся вялікі купал з вежачкай-фанаром. Алтарнай часткай царква была арыентавана на поўдзень.


6. Унутры сцены храма былі размаляваны «пад шэры мармур», пілястры і карнізы - «пад малахіт». Скляпенні, купал, алтар і прытвор распісаны фрэскавым жывапісам. Іканастас быў нізенькі, не багаты. Сярод храмавых каштоўнасцей можна назваць Евангелле 1735 году, а таксама звон адліты ў Рызе вагой у 62 пуды (992 кг! Толькі уявіце сабе, аўтамабіль Масквіч які баўтаецца на вежы)


Цікавы факт з віцебскай хронікі за травень 1901 года: “З развіццём параходства каля прыстані поруч з Багаяўленскай (Семяонаўскай) царквой ўтварылася невялікае гандлёвае мястэчка. З'явіліся, як грыбы пасля дажджу, гасцініцы з мэбляванымі пакоямі, піўны склад, каўбасная, булочная і дробязныя крамы”. Але гэта былі не зусім трушчобы, а хутчэй партовае мястэчка, бо “паліцэйскія чыны і санітарныя лекары строга сачылі за выкананнем усіх нормаў гандлю і санітарыі”.

7. У годы ВАВ храм быў пашкоджаны, а пасля вайны поўнасцю разбураны.


8. Да нядаўняга часу з супрацьлеглага берагу Дзвіны яшчэ можна было назіраць падпорную цагляную сцяну 1882 года, але ў 2011 яна была “закансервавана” - засыпана зямлёй. Учора гэтае месца выглядала так:


9. Ні царквы, ні партовага мястэчка ўжо даўно няма, а ёсць велізарная заброшка. Гэта знакаміты на ўсю Беларусь абразчык архітэктуры канструктывізму былы “Клюб мэталістых”, што належаў заводу “Чырвоны металіст”, сёняшні “ВІСТАН”. Пабудаваны ён ці то ў 1929, ці то ў 1932 гадах па праекту архітэктара А. Васільева. У адпаведнасці з сацыа-культурнымі ператварэннямі 1920-х клубам адводзілася роля цэнтраў грамадскага жыцця рабочага класу. Клуб пазіцыянаваўся як цэнтр камуністычнай сацыялізацыі, як сімвал прагрэсу. Таму нездарма яны будаваліся ў стылі савецкага авангарду, бо ён адпавядаў “духу часу”.


10. “Клуб металістаў” мае складаную кампазіцыю, бо утвараецца з двух блокаў - відовішчнага (дзе праходзілі масавыя мерапрыемствы) і клубнага (дзе працавалі бібліятэка і розныя секцыі). А галоўны прынцып канструктывізму - вонкавы фасад адпавядае ўнутранай планіроўцы, адсюль гэтая розніца высот, стужкавае шкленне лесвічных пралётаў і г.д.


11. Клуб у гады акупацыі ўваходзіў у тэрыторыю габрэйскага гета.


12. Пасля вызвалення горада клуб металістаў быў адным з нешматлікіх ацалелых будынкаў. У 1945 году тут змесцаваўся 2-і Беларускі дзяржаўны тэатр. У лістападзе-снежні 1947 гады ў будынку праходзіў суд над фашысцкімі злачынцамі (10-цю афіцэрамі, усе былі асуджаныя на 25 год зняволення). З 1959 гады тут абсталяваўся раённ Дом культуры. (Дзейнічалі “Клуб даярак-тысячніц”, і клуб “Твой сын, Зямля” (для кіраўнікоў гаспадарак раёна). З 1975 гады - гастрольна-канцэртнае аддзяленне Белдзяржфілармоніі.


13. У 1990-х гадах будынак пачаў прыходзіць у запусценне. У ім жылі бамжы, наркаманы, да таго ж здарыўся пажар. Ужо доўгі час дом знаходзіцца на рэканструкцыі, пасля якой новым гаспадаром стане тэатр "Лялька".


Дарэчы падобны нашаму клубу быў збудаваны ў Менску, але ён загінуў у полымі ВАВ.

14. Гэты невялікі 2-ух павярховы дом з’яўляецца адным са старэйшых у Задзвінні. Правая частка збудавана да 1867 года, а левая - ў 1882. Будынак можна аднесці да стылю класіцызм. Прыцягвае ўвагу артэфакты мінулай эпохі - дэкаратыўнае чыгуннае ліццё. Нажаль, такіх прыемных дробязей у нас засталося вельмі мала.


У кастрычніку 1983 года ў будаўнічай траншэі поруч з гэтым домам знайшлі скарб срэбных манет XVII-XVIII стагоддзяў. Іх было 200-250 адзінак. Частка гэтага скарбу - 134 манеты - цяпер захоўваецца ў Віцебскім абласным краязнаўчым музеі. У скарб уваходзілі манеты Рэчы паспалітай, Прусіі, Брандэнбурга, Швейцарыі, Галандскай рэспублікі, Іспанскіх Нідэрландаў. Як адзначаюць нумізматы, скарб быў утоены недзе напачатку 1710-х гадоў (Калі зазірнуць у Віцебскі летапіс то даведаемся, што ў 1708 г. Пётр Першы спаліў наш горад. Думаецца ў гэты час хтосці і прыхаваў сваё ці чужое багацце)

16. Апошні будынак пра які я распавяду, гэта былая бальніца абшчыны сясцёр Міласэрнасці. Яна дзейнічала з 1891 гады пры віцебскім мясцовым кіраванні Расійскага грамадства Чырвонага Крыжа. Тут рыхтавалі сясцёр міласэрнасці для нагляду за хворымі ў ваенных шпіталях, грамадскіх бальніцах, прыватных дамах. Думаю вы бачылі іх у фільмах пра Першую сусветную вайну.


17. Сястрой міласэрнасці магла стаць любая хрысціянка ва ўзросце ад 18 да 35 год. Сёстры служылі затак, але па меры патрэбы іх забяспечвалі жыллём, ежай, адзежай, абуткам і бялізнай. Па дадзеных за 1912-1914 гады, штат арганізацыі Віцебскай абшчыны сясцёр літасці складаўся з 3 мужчын і 33 жанчын. Пры абшчыне дзейнічалі бальніца і амбулаторыя. На здымку сёстры з сваімі настаўнікамі:


У 1923 годзе на базе бальніцы абшчыны сясцёр літасці была заснавана 1-я гарадская клінічная бальніца імя Калініна (дзесці на 200 ложкаў). Яна змяшчалася тут каля 70 гадоў.

18. На развітанне пакажу вам некалькі выразных дэталяў, што ствараюць непаўторны каларыт гэтых мясцінаў.


Нарэшце з фэстам разабраліся:)

архітэктура, Віцебск, фэст экскурсаводаў, Віцебская глыбіня, барока, царква, канструктывізм, гісторыя, клуб, страчаная спадчына, класіцызм

Previous post Next post
Up