Уладзімір Цэсьлер
У пачатку жніўня некалькі Тэлеграм-каналаў паведамілі, што на прапанову «літоўскіх нацыяналістаў» артыкул пра герб Пагоня быў выдалены з ангельскай Вікіпэдыі. Былі абмеркаваньні ў Фэйсбуку і зьявіўся
артыкул на сайце кампаніі Будзьма. Нехта заклікаў да дзеяньняў аднавіць справядлівасьць, выказваў крыўды на іншых і на гаротны лёс беларусаў, прасіў беларускую дыяспару паспрыяць выпраўленьню сытуацыі. Іншыя
пасьмяяліся, параўнаўшы спрэчку зь літоўцамі вымярэньнем мужчынскіх прычындалаў.
Гісторыя вартая ўвагі, бо адлюстроўвае нашую - беларусаў, - здольнасьць размаўляць са зьнешнім сьветам, а таксама нямала кажа пра мэнтальны стан нашых паўночных суседзяў.
Адна з апошніх вэрсіяў артыкула
захавалася ў архіве. Людзі ўклалі нямала стараньняў і любові, артыкул пра Пагоню быў інфарматыўны і ахайны, чытаўся лёгка, хоць і бракавала яму спасылак на ключавыя працы Анатоля Цітова і Аляксея Шаланды. Адсутнічаў у ім таксама “літоўскі” пункт гледжаньня.
Адначасова ў Вікіпэдыі існаваў артыкул пра
герб Літвы і адбываліся
гарачыя спрэчкі пра мэтазгоднасьць
аб’яднаньня артыкулаў, а таксама пра тое, каму належыць герб і чыё было Вялікае Княства Літоўскае. Выглядае, што не адзін беларускі рэдактар апаліўся на тых дэбатах, калі яны ператвараліся ў сварку: іх папярэджвалі адміністратары і абмяжоўвалі ў праве рэдагаваць тыя артыкулы. Іншыя, хіба, страцілі жаданьне мець хоць што агульнае з англамоўнай Вікіпэдыяй.
Вікіпэдыя трымаецца на прынцыпе адкрытасьці для рэдагаваньня любым чалавекам у любы час і на пошуку кансэнсусу. Удзел у такім працэсе вымагае багата высілкаў, цярпеньня й выносьлівасьці. У жніўні 2021 году на
прапанову аднаго літоўскага рэдактара выдаліць артыкул пра Пагоню і перанакіраваць з слова Пагоня на артыкул пра літоўскі дзяржаўны герб, адгукнуўся толькі адзін беларускі рэдактар. Іншыя проста не заўважылі прапановы, хоць і абмяркоўвалася яна зь сярэдзіны чэрвеня да пачатку жніўня, або праігнаравалі яе, бо ўжо апаліліся раней. Тут варта адцеміць, што рэдактараў, якія далучыліся да
Вікіпраекту Беларусь у англамоўнай Вікіпэдыі, усяго 10. У такім самым літоўскім праекце - звыш 30, у польскім - больш за 170 удзельнікаў. У англамоўнай Вікіпэдыі хранічна бракуе беларускіх аўтараў.
У выніку, артыкул быў выдалены на падставе вікіпэдыйнага правіла, што можа быць толькі адзін артыкул пра адну і тую ж рэч. Арганізатары выдаленьня артыкулу пра Пагоню чакалі рэакцыі: першыя ж праўкі ў літоўскі артыкул беларускімі рэдактарамі сталі падставай зьвярнуцца да адміністратараў Вікіпэдыі абараніць артыкул ад вандалізму (якога там насамрэч ня было). Цяпер літоўскі артыкул пад замком, адкрыты для рэдагаваньня выбранымі рэдактарамі. Іхны сьпіс невядомы, але ў іх ліку ёсьць ініцыятар выдаленьня артыкулу пра Пагоню.
Тэкст літоўскага артыкулу перапоўнены складанымі высілкамі абараніць герб і Вялікае Княства ад беларусаў, якія спрабуюць залічыць іх і ў сваю спадчыну. Напрыклад, там пасьлядоўна прасоўваецца ідэя васальнага статусу беларускіх земляў (як маскоўскія князі былі васаламі мангола-татараў), хоць спасылкі на дасьледаваньні, якія самі ж аўтары артыкулу прыводзяць, кажуць пра ўваходжаньне беларускіх земляў у склад Вялікага Княства Літоўскага, а не пра залежнасьць ад Літвы. Цікава, што поўная назва княства - Вялікае Княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае - нідзе не цытуецца й ня дыскутуецца ў англамоўнай Вікіпэдыі. Яна муляе вочы пэўным рэдактарам-актывістам там.
Хітрасьць ініцыятараў выдаленьня артыкулу пра Пагоню праявілася ў тым, што хоць ініцыятар заўважыў, што беларусам застанецца іншы артыкул, пра
дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь, каб разьвіваць дыскурс пра Пагоню, другі рэдактар-літовец імгненна “ўдакладніў” той артыкул зьвесткамі пра адсутнасьць у беларусаў дзяржаўнасьці да 1991 году і, адпаведна, нацыянальнай сымболікі. Той самы рэдактар спрабуе разьвіць артыкул пра
беларускі нацыяналізм, абгрунтаваць літоўскі характар
«тутэйшай» ідэнтычнасьці і літоўскую прыналежнасьць Горадні, Ліды й Наваградку. Такім чынам, мы маем справу тут з рэдактарамі, якія перадусім кіруюцца ідэалягічнымі матывамі.
Абодва артыкулы - па літоўскі герб і пра Пагоню, - сьведкі таму, якім няпрымальным для Вікіпэдыі зьяўляецца ідэалягізаванае мысьленьне: сьляпая ляяльнасьць і групавая салідарнасьць стрымліваюць людзей ад найлепшых памкненьняў, і робяць іх вязьнямі банальных, вузкіх сьветапоглядаў. Замест стварэньня інфарматыўных, збалянсаваных энцыкляпэдыйных артыкулаў такія рэдактары пішуць прапагандысцкія матэрыялы і замінаюць іншым пашыраць зьмест альтэрнатыўнымі поглядамі. Ад іх Вікіпэдыя толькі церпіць.
Вікіпэдыя базуецца на некалькіх фундамэнтальных прынцыпах, два зь якіх балянсуюць адзін другі: адкрытасьць да рэдагаваньня любым чалавекам і неабходнасьць выпрацоўваць
нэўтральны пункт гледжаньня ў тэкстах. Апошняе дасягаецца ў працэсе працы многіх рэдактараў, якія мусяць акуратна выносіць не сьвятло ўсе рэлевантныя пункты гледжаньня. Цяпер англамоўнай Вікіпэдыі бракуе рэдактараў, якія маглі б кампэтэнтна асьвятляць “беларускі” пункт гледжаньня на розныя пытаньні, найперш - пра нашую мову, гісторыю, ідэнтычнасьць.
Але й беларускамоўныя артыкулы пра Пагоню, Вялікае Княства і т.д. у абедзьвюх Вікіпэдыях часта аднабокія таксама. Там рэдка знойдзеш “літоўскі” пункт гледжаньня, а гэта варта рабіць, каб Вікіпэдыя была не падручнікам, які навучае “правільным думкам”, а даведнікам, які дае чытачу ўяўленьне пра ўсю шырыню поглядаў на кожную тэму.
Вярнуць Пагоню (не асобны артыкул) у англамоўную Вікіпэдыю атрымаецца ў нейкай форме з часам, калі набярэцца дастаткова рэдактараў, якія змогуць пераадолець спакусу біцца ў лоб зь літоўцамі за беларускія інтарэсы, а будуць прынцыпова трымацца крытычнага і шырокага пункту гледжаньня. Так атрымаецца заваяваць давер адміністратараў, не марнаваць час на доўгія і балючыя сваркі, а карыстацца
правіламі Вікіпэдыі для стварэньня якаснага кантэнту, а заадно - мінімізаваць уплыў
дэструктыўных высілкаў ідэалягізаваных рэдактараў.