***

Nov 21, 2021 23:50

Усё большае тых, за каго дапісаць-дажыць…
А слоў - усё менш… І за вокнамі ўсё дажджы…
Усе вочы хаваюць, маўчаць, і ты, маўляў, не кажы…
А што тут казаць, калі дождж навастрыў нажы…

Калі слоў засталося - на дзень, сама больш на тры…
Ашчаджай, размяркоўвай, думай, што гаварыць!..
А лепш усміхайся, не можаш - сыходзь на крык…
Выразай гэты боль на скуры, як, дзецьмі, рэзалі на кары

Простыя словы: «кахаю» і «назаўжды»…
Назаўжды цяпер - гэта толькі апошні ўздых.
А паэзія?.. Талент блытаць свае сляды…
Калі спальваюць кнігі, Бог прачытае дым?..

Калі ты адзін, не істотна, ці ўведзены каранцін:
Ты ўсё роўна не маеш - нашто і куды ісці…
Пошук сэнсу закончыцца там, дзе патрэбна за ўсё плаціць.
У тым ліку за словы… І за маўчанне… За ўсё ў жыцці.

21.11.21
Previous post Next post
Up