Feb 25, 2022 01:34
Калі хтосьці кладзецца ў дол, я кладуся спаць...
Я не ведаю, зранку хто ваявацьме з кім...
Госпадзі, я стамілася! Чуеш?! Стамілася забіваць -
Мой унутраны цэнзар зноўку выкрэслівае радкі.
Калі ўсё ўжо прамоўлена, Госпадзі, тысячы год таму,
Што патрэбна любіць - нават тых, хто цябе заб’е...
Край запаветны людзьмі ператвораны - у турму,
Госпадзі, дзе ты е?..
Калі ў іх патрапляюць кулі, чаму гэтак мне баліць?
(Я не баюся смерці, Госпадзі, ты аб чым!)
Я не знала, што паліш... "Астру", як колісь мой дзед паліў...
Пасядзі са мной побач, Госпадзі, памаўчы...
24.02.2022