Выбары-дурыбары

Dec 12, 2010 13:29

 Пасьля абеду прыемна назіраць задаволеныя, ледзь не лагодныя твары настаўнікоў: усё зроблена-усё ўкінена! Але настрой у іх хутка псуецца, бо я вяртаюся з прапанаваным сэкрэтаркаю бінокалям і шыльдаю, якая сьведчыць пра дазвол. Ізноў хваля абурэньня й кпінаў. Адна з настаўніц кажа, што гэна ўжо дыягназ. Іншыя, што фарс ды камэдыя. Адказваю, што толькі для іх, а для мяне выбары - рэч сур’ёзная. А бінокаль - адэкватная рэакцыя на добрую параду. Усе лаюцца, але адбіраць не насмельваюцца.

Невядома ці былі тыя “назіральнікі” ад улады ўвогуле назіральнікамі: ані бэджоў, ані назіраньня.

Апроч мяне нікому, відаць, гэныя выбары не патрэбныя. Падліку прагаласаваўшых ніхто не вядзе. Нават уладных назіральнікоў няма, дык як-жа яны будуць сьцвяржаць, што ніякіх парушэньняў не было? Выбарцы йдуць вяла, нягледзечы на тое, што настаўнікі сёньня ходзяць па кватэрах і ўпрошваюць дзеля Бога прыйсьці на ўчастак, то бок аказваюць ціск на выбарцоў падчас галасаваньня, тым больш, што дзеці гэных выбарцоў навучаюцца ў вышэйзгаданай школе, дзе йдуць выбары. Ды ‘шчэ ў дзень галасаваньня!

Шмат хто нават ня ведае сваіх кандыдатоў і пытаецца, за каго трэ’ падпісвацца. Нават у бінокаль нічога не відаць. Па-добраму, трэ’ было-б сыйсьці, бо насамрэч ні пра якое назіраньне тут нават і не вядзецца: нічога не бачна.

За гадзіну да канца пачынаюць зьбірацца “назіральнікі”. Першым прыходзіць маладзён ад Беларускага Гэльсінскага Камітэту, за ім падцягваюцца “вэтэранка”, “Белая Русь”, за імі два “давераных твары” уладнага кандыдата. Камэра й бінокаль выклікаюць у іх (апроч БГК) жах. Ізноў усчынаецца лямант пра парушэньне правоў чалавека і “замінаньне выбарчаму працэсу”, які сьціхае толькі падчас агалошваньня апошніх лічбаў.

Пачынаецца лічэньне. Я ўстаю з-за стала, але адразу да мяне падскоквае старшыня камісіі: забаронена! Чаго так палохацца, усім ужо вядома, что падчас папярэдняга галасаваньня ўсе галасы выбарнікоў за дэмкандыдатоў скрадзеныя! Альбо і ў апошні дзень плянуецца фальсыфікацыя? Я спасылаюся на Выбарчы Кодэкс, які забараняе назіральніку замінаць працы камісіі, а не назіраць; што Кодэкс патрабуе, каб выбарчы працэс быў празрыстым і галосным. Дарэмна! На дапамогу старшыні сьпяшае міліцыянт. Удзьвох яны адціскаюць мяне да астатніх, якія ўжо не лямантуюць, яны папросту РАВУЦЬ! Маўляў, я нікога не паважаю, адбіраю ўва ўсіх вельмі каштоўны час! Канешне, трэба бегчы сьвяткаваць “ашаламляльную перамогу”, “паляна”-то чакаць ня будзе! Яшчэ двойчы раблю высілкі хаця-б колькі наблізіцца ў бок складальнікоў бюлетэняў, захінутых нядробнымі целамі старшыні і міліцыянта, і зноў безвынікова. Хаця-б пабачыць, што яны там у глыбіні памяшканьня робяць, мо даўно ўжо выпіваюць ды сілкуюцца... Паварочваюся да “калегаў” і раблю ўголас заяву: той факт, што назіральнікі гвалтам пазбаўляюцца магчымасьці бачыць падлік галасоў, дае падставу лічыць, што на дадзеным участку робіцца фальшаваньне вынікоў выбароў. Зразумела, мая заява сустракаецца сьмехам і кпінамі “сьведкаў фальсыфікацыі”.

Даюць некалькі лічбаў. У мяне за дзесяць гадзін назіраньня (2 гадзіны я патраціў на абед і паездку дадому) на ўчастку заўважана усяго 278 выбарцоў. Значыць, за абед прыйшло 55, ну няхай з усімі статыстычнымі памылкамі 60 выбарцоў. Нічога падобнага! За той час, што мяне нe было, на ўчастак “прыйшло” ажно 1295 душ! Гэна на 11,8% болей, як на два суседнія падобныя ўчасткі прыйшло людзей разам! Нічога не зьмянілася за 14 год. Як сьпявае НРМ, ты не чакай, сурпрызаў ня будзе. “Ніхто не чакае і ты не чакай!

выбары, Наш горад, калябаранты, настаўнікі Ілжы, акупанты, navicki, ганьба краіны, навіцкі, сорам нацыі, Радзіма, Юрась Навіцкі, ліміта

Previous post Next post
Up