Як жа даўно я тут не быў!
Што хацелася напісаць за гэты час - перадумвалася ў галаве, але так і застанецца маім.
Хадзіла на вянчанне аднакласніцы - самае чыстае, шчырае і прыгожае вяселле з усіх, на якіх была. Абодва прыгожыя, чыстыя, шчаслівыя, шчыра вераць у высокае, і сям'я будзе моцная і назаўжды - я ведаю. Шчыра за яе рада, яна - ілюстрацыя песні "Флёр" "Для того, кто умел веріть". У мяне так ужо не будзе, бо на маёй сасне зашмат шышак, але дастаткова проста ведання, што так бывае, нават у цяперашні час. Яшчэ на 9 траўня выпадкова трапілі на саматужную экскурсію ў Курапатах - проста апынуліся там у гэты час. Цяжка было слухаць і ўяўляць, хоць амаль усё і так ведала.
Зараз грызу моркву пярэднімі зубамі - ну чыста трус (у карэнных - справа дзірка, куды морква трапляе і я баюся даламаць памяць пра зуб, злева зноў баліць, але я забіваю, бо ўжо не маю магчымасці паправіць), медытую на ландышы - лёгкім дотыкам тканіны слоік з-пад "Хрэна баярскага" у мяне ператварыўся ў мілую вазачку. Трэба яшчэ нарваць недзе, а тое пахнуць слаба, іх зусім мала, а айчым кажа, што за гэта могуць пасадзіць. Ну так, у маёй краіне прынята саджаць за любоў, а гэта - мая любоў з дзяцінства, да фанатызму.
Медытацыя на дыплом... Чацверты дзень не магу адужаць рэкламу, скончыліся маральныя сілы і няма натхнення. Роўна праз тыдзень папярэдняя абарона, а ў мяне чортава куча розных недаробак і недапісак, а на працы праца бясконцая і тэрміновая адначасова.
Але песімізм, паніка, змрочнасць амаль зніклі, іх выгналі дзмухаўцы, трава, каштаны, нават капец эканомікі ўспрымаю без істэрыкі, чамусьці грэе думка, што маці гэта перажыла ў 90-я, а што перажыта - тое не страшна. Чакаюцца змены... У крытычных сітуацыях усё робіцца больш праўдзівым