Львоў-Карпаты

May 01, 2014 17:51


Вось і вярнулася з невялічкага веснавога падарожжа.
У таварыстве сяброўкі ўпершыню пабачыла Карпаты, схадзілі на гару Парашку.  Маршрут падказаў сябра сябра сяброўкі і навігатар у "лапатушцы" (тэлефоне) - ад Сколе, хіба пачатак было адшукаць цяжка, паказання сябрасябрасяброўкі, навігатара і дзядзькі з шынамантажу цалкам супярэчылі логіцы. Ваду, дарэчы, таксама па навігатары шукалі, а спуск да яе па крутым схіле, з чапляннем пальцамі басых ног за тлустую зямлю, стаў свайго роду медытацыяй.  Узнагарода - ледзяныя вадаспадзікі, яскрава-жоўтыя кветкі, "вада з вытокаў ракі". І чарговы доказ сабе, што я не забітая баягузка, а на нешта здольная. Карпаты апынуліся зялёнымі, пухнастымі, такімі, што хочацца пагладзіць. Удалечыню - горы, горы, што ўрэшце пачынаюць здавацца адбіткамі аблокаў. Дождж прайшоў вакол нас колам. Кветкі, сонечныя букі, у нядзелю на маршруце - багата людзей, а вось вяртанне пасля ночы на гары падорыла амаль поўнае бязлюддзе, пару казуляў на схіле і паляну шчаўя. Ночылі ля Парашкі, за суседняй вяршыняй, у абмен на забранае смецце гара падорыла цудоўную ўтульную палянку, якую мы толькі крыху ўпрыгожылі. Тысячазоркавы гатэль. Уночы нехта хадзіў вакол намёта, а мы, дурненькія, спалохаліся, хаця гэта і была нейкая малеча лясная ("Дзве дзяўчыны? А не страшна? А там жа мядзьведзі!"), але пасля спалі соладка і шчасліва. Адчула, што было б радасна хадзіць там шмат дзён, загартоўваць цела і медытаваць,  медытаваць... У непадрыхтаваных нас ногі балелі яшчэ дні тры, па Львове пасля хадзілі, як качкі. Львоў у гэты раз падаўся надта людным, стан быў крыху тлумны, але ж сустрэча з Украінай - радаснай, як з роднай. Гулялі, фоткаліся, мерзлі, смяяліся, сяброўка паказала дужа класную кавярню - "Дім легенд", а я нарэшце прыдбала замок на ровар. Аўтастоп на Радзіму пасля Луцка не заладзіўся, накасячылі з пераходам мяжы, згубілі час, на Беларусі ды пад ноч наш рух наогул заглох, давялося ночыць недзе пад Бярозай, дый уранку спын быў нязвыкла цяжкім, дзякуй толькі за чароўны золак, росы, жаўрукоў над полем. Штотанетак ці з намі, ці з людзьмі стала (ці з М1?). Меркаванні беларускіх кіроўцаў пра Украіну дык наогул уражваюць, у галовах людзей нейкі хорар ("Львоў? Дык там жа вайна!!", "Вось Украіна пагрузла ў карупцыі, і Расія спрабуе крыху прыціснуць іх (карупцыю??) там, дапамагчы"), нават сведак Іеговы, які вёз нас да Ратна, у многім больш адэкватны.
У адным чалавечку момантамі, нечакана да шакаванасці, пабачыла тое, мусіць, чым мяне папракала іншая блізкая сяброўка, нібы люстэрка. Зразумела, над чым працаваць. Ну і канешне ж памятаць, што эмоцыі і асоба - не адно і тое. А наогул гэта было добрае ачышчэнне ад нядаўняга болю (хоць ён і прыходзіў водгукамі), часткова - вяртанне ў зыходны пункт, навучанне многаму. Дзякуй за вандроўку!




Сонечны шлях


Ранак ля лагера


Каганец


Львоўская вуліца.... "Ужо і так дома" (с)


Львоўскія дворыкі




Я.Колас, М.Ромка, Я.Купала... )) (дзень на хлебе і вадзе, або Луцкая аб'яздная)

што такое шчасце?, сябры, бясконцы шлях і шум дарог, дык вось як!, rrainboww

Previous post Next post
Up