"Людзі на балоце" і совы па-за ім.

Mar 27, 2014 18:24

На выхадных гуляла па балоце Дзікое ля вёсачкі Залессе - упершыню па сапраўдным. Хаця гісторыя-та мусіць быць не пра балота канешне, а пра соваў, бо гэта савіны летнік (яшчэ парадокс - ну які ж летнік ў канцы сакавіка, хаця і цёпла было, як у халоднае лета;)). Соваў мы такі бачылі - шыракакрылы сілуэт барадатага сыча (ён з намі нават пагутарыў) на яліне ў ранішнім сутонні. Слухалі вечар у лесе, у запаветных месцах, лес поўны пахаў, зорак, песняў журавоў, напружана намагаліся выслухаць і палічыць соваў.  Але балота, пэўна, засталося ледзь не самым яскравым уражаннем - крыкі журавоў (бінокль, хутчэй бінокль!), фантастычна смачныя журавіны на паверхні вады, дзіўныя воклічы бекаса, і ласі!, пара ласёў - мажныя, магутныя, калматыя і хуткія істоты метрах у 30! Зрэдку тырчаць выспы сухой зямлі з соснамі, дзіковымі лежакамі, такія надзейныя і ўтульныя. Усёй скурай прачула слова "дрыгва", ацаніла трапнасць, сустракалася лайт-версія багны. Ёсць вялізныя пласты, на якіх адносна цвёрдая паверхня пад слоем вады ператвараецца ў сапраўдны батут, які гайдаецца, дрыжыць, захапляе і з нязвычкі крыху палохае. Калі першы раз правалілася па пояс у вакенца з чорнай вадой - спалохалася, ну і фоцік у кішэні вымак, але ж як адчула, што жыву! На выспе выліла па пары літраў вады з ботаў, старанна выціснулі шкарпэткі, джынсы... Ды на наступным пераходзе, самым доўгім, паправальваліся ўжо амаль ўсе, з кампаніі сухімі выйшлі трое - было там такое непрыемнае месца, дзе "батут" стаў тонкім і ненадзейным, ператварыўся ў плывучыя купіны, якія скідваюць, варта толькі стаць не на самую сярэдзіну (а ног-та не хапае!), а паміж купін кіёк сыходзіць у ваду амаль цалкам.
Дзве раніцы запар прачыналіся рана пасля позняга сыходу і ішлі глядзець звяроў: першы раз марылі пра зуброў, але пазнавата выйшлі, бачылі толькі ліску на полі, птушак, нечыя сляды, пабегалі за журавамі, але ўперліся ў высокую ваду ў лесе. Другі раз двойчы "пагутарылі" з савой, бачылі, чулі блізка рохканне дзічкоў, ды заселі на назіральнай вышцы на мяжы балота і леса чакаць сонца. Усё спявала на розныя галасы, міма праляцелі чаплі, а нам спачатку падалося, што гэта журавы, толькі чаму задам наперад?))
Журавы спадабаліся дужа, такія цудоўныя хвасты. Шмат каго бачыла ўпершыню, многіх - блізка, а калі ідзеш ці едзеш з арнітолагамі, якія ведаюць усе імёны, наваколле ажывае, усе безыменныя птушачканейкая ператвараюцца ў тых, пра каго чытала ў дзяцінстве, проста цуд нейкі. Жывы свет.
Пакуль былі на падвор'і, на буслянку прыляцеў бусел, урачыста паведаміў пра сваё вяртанне, прыгожа выгнуўся і тэрмінова пачаў рамантаваць гняздо, а на наступны дзень да яго далучыўся другі, яны скрыжавалі шыі, выцягнуліся, заклекаталі, пасля пяшчотна пашчыпалі адзін аднаго за шыі і заняліся вырашэннем дэмаграічных пытанняў)
Недалёк ад сядзібы спаткала зачараваны сасновы гай, поўны старых заімшэлых камянёў, падаруначак ледавіка. Лес лекуе, ацаляе, прасвятляе, натхняе.
А ў вечар перад нашым ад'ездам на двор прыйшлі дзве тутэйшыя бабулькі і сталі спяваць. Сумленна ўсё запісала (чооорт, неабходна ў экспедыцыю, забылася зусім, як наладжваць кантакт, "разводзіць" на цікавосткі), шкада, каляндарных песняў ніякіх так і не выпытала, казалі - не памятаюць, але трапілася некалькі прыгожых дзявочых, ды пара рэкруцкіх.
Ах, ледзь не забыла, па дарозе на летнік, дзякуючы памылковым каардынатам у навігатары ("ааа, так тут недалёка!") заехалі нарэшце ў Камянец, палазілі па вежы - даўні гештальт.
Карацей, летнік зайшоў выдатна, і людзі добрыя, разумныя, вясёлыя і сумленныя, мясціны казачныя, і ежа смачная)) Нібыта ўмылася ад працоўнага тыдня, толькі цяпер горад падаецца яшчэ больш шумным і надзіва задушным. Але ж і тут вітаю траву і першае лісце, ой, лапушкі павылазілі, да зднайшла тут ля працы пусты поўны сонца скверык, куды можна схавацца на абедзе, шкада толькі - шумна.

бясконцы шлях і шум дарог, мая краіна, вечныя цэннасці, людзі, што такое шчасце?, імпрэзы, прыгажосць, гляджу навокал

Previous post Next post
Up