Перад

Apr 02, 2013 18:51


Заўтра забіраю візу, у нядзелю ад'язджаю ў Варшаву на два тыдні. Ліхаманкава і безнадзейна падбіраю "хвост" татальна недаробленага макета на працы. Мне падаецца, што за час, што мяне не будзе, адбудзецца ўсё самае цікавае. Канцэрты, імпрэзы, яшчэ нешта. Вясна, нарэшце. Не чакаю ад'езду як цуду, салодкай прыгоды, як бывае перад адпачынкам. Можа таму што еду адна (а мы памятаем, што я істота не тое што сацыяльная, ну а нейкая парная, не ўмею вандраваць самотна, мне падабаецца дзяліцца эмоцыямі, найлепшымі ўражаннямі з некім - з любымі сяброўкамі, з каханкамі), можа таму, што еду не адпачываць, а вучыцца, "ад выдавецтва" - нібыта дарослая, цягніком, у гатэлі жыць (а не спынам па флэтах). Вось цікава, я калі-небудзь здолею ўспрымаць сябе сапраўды дарослай? Нібы цела змянілася, набраўся нейкі досвед, а ў сярэдзіне сядзіць малое дзяўчо нявызначанага ўзросту, але дакладна з іншага боку барыкады.

Хаця пэўна ж пасталею за паездку і набяруся бясцэннага і разнастайнага досведу, і можа калі-небудзь зразумею, навошта. Ну напрыклад, польская мова, жывая, навучанне якой на курсах катастрафічна завальваецца праз тую ж паездку і той жа "хвост".

Позна вяртаючыся з працы, слізгаючы абцасамі па прымаразку, згадваю мінулую вясну, падпрацоўку і познія самотныя вяртанні, пах вясны, які даваў сілы, сам-на-сам з зоркамі, начная вясна, і надзеі, неспраўджаныя дагэтуль - роўна на тым жа месцы мой воз, што ў працы, што ў дачыненнях з няздзейсненым каханнем. Ну хіба трошкі лепш, але каму ад таго сапраўды лепш? Вось гукалі вясну, гукалі, ну і дзе, дзе? Калі я ўжо працягну намаганні не наехаць роварам на кожную сметніцу?

успамінкі, асабістае, бясконцы шлях і шум дарог, вона працює

Previous post Next post
Up