Усё ж нарадзіла справаздачу па нашай незвычайнай вандроўцы.
Зноўку гэтае загадкавае адчуванне, калі трымаеш мрою ў руках. Роўна тры гады таму на Купаллі я, кідаючы на дуб вянок, перавязаны паловай звязанай Марай стужачкі, загадвала завязаць другую палову на Эйфелеву вежу. Гэтае абяцанне прымусіла настаяць на Парыжы як абавязковай частцы праграмы, і вось… Другая частка скарэння Еўропы) на гэты раз - у таварыстве блізкага чалавека.
Першы палёт. Такіх феерычных адчуванняў ужо не будзе, але гэтыя - запомняцца назаўжды. Парыж. Інтэлігентны, пазітыўны і гасцінны французік Бэн, які з сваім сябрам-кельтам Полем да таго наведваў Беларусь і вучыць рускую мову (амаль пераканала кельта вучыць беларускую) - “папідесят”. Басанож па гарачых ходніках. Купанне ў фантане перад Эйфелевай вежай. Месцы-легенды з дзіцячых мрояў. Уражанні, якія не змяшчаюцца ў дні ні па аб’ёме, ні па моцы. Прахалода выпадковага касцёла - глыбіня аргана. Старажытная моц Нотр-Дама. Чараўніцтва Мон-Мартра. І зусім там не натоўп арабаў, і няма кучаў смецця, як пужалі, а негры хоць і ёсць - больш, чым у нас - але досыць культурныя і глядзяцца арганічна. Файны горад, мы зірнулі толькі адным вочкам - што паспелі за два з паловай дні. Спадзяюся вярнуцца.
Тулуз. Бязмежна гасцінны выпадковы спадрожнік-спыншчык, які працуе са скуранымі кнігамі - рэстаўруе старыя і робіць новыя. Сустрэліся на трасе, ён запрасіў нас на ноч, прывеціў, накарміў, наступным ранкам павадзіў па гістарычным цэнтры. Ружовы горад Францыі. Касцёл з высачэзнымі скляпеннямі і мошчамі Фамы Аквінскага, якім некалі ва ўніверы плех праелі. Касцёлы, дамы, якія дагэтуль прыналежаць сем’ям, што пабудавалі іх стагодзі таму. Эмпірычным шляхам засвоілі асаблівасці французскага спыну. Засталося стойкае жаданне паездзіць па Францыі тыдзень-другі, палюбіла яе і жыхароў.
Барселона. Сонца. Гасцінны гей-гішпанец з парай-палякам, у якіх, акрамя нас, жылі яшчэ 4 туркі і расеец. Светлы і спагадлівы чалавек, зусім не манерны, у тысячу разоў чысцейшы душой і больш варты павагі за вядомых мне гамафобаў. Мора, горка-салёныя хвалі, якім амаль навучылася не трапляцца ў пашчу. Адным вечарам Дані павёў нас з туркамі на стары форт, а пасля, праз паркі, - глядзць шоў фантанаў. Моманты, дзеля якіх існую… Гэта было так нечакана (хаця і лагічна): вада спускаецца з даўгой лесвіцы, песціць лёгкае святло, пачынае ціха бурліць у вялікім фантане і раптам… слупы вады ў неба і найлюбімейшы голас - “Barcelona” Queen. Песня, якая гучала ў вушах, калі збіраліся. Мы сядзелі блізка, спевы ліліся на нас разам з пырскамі, вопратка вымакла, а пачуцці былі настолькі шырэйшымі за маю маленькую істоту, што я папросту разравелася, і пры тым не магла не смяяцца.
Гішпанскі спын, бязлітасны (як і папярэджваў Сяргей Сматрычэнка) і амаль бессэнсоўны. Першыя 600 км за 5 гадзін, а пасля - 6 гадзін чакання на спёцы. Ноч на апельсінавай плантацыі, баўгарскі дальнабоец, які размаўляў па-расейску і захапляўся рэдкай праваслаўнай царквой. Яшчэ сотка - і намертва без лапіка ценю, вакол асфальт і пад 50 спёкі. Паля трох гадзін дабраліся прыгарадным траваем да суседняга курортнага мястэчка і адтуль, сашкрэбшы ўсё паменянае (у Еўропе рэальна праблемы з абменнікамі, а ў нас былі - дарожныя чэкі і даляры…), начным аўтобусам апошнія 300 км да наступнай мэты.
Гранада. Інтэрнацыянальная ўпіска: грачанка, якая адразу ж з’ехала, і пара палякаў. З імі не гулялі. Гішпанцы падаліся яшчэ больш недаверлівымі, калі мы шукалі мабілку патэлефанаваць. Апыталі дзясяткі 2-3, і ў паловы не было апарата, у паловы - грошай. Цяжка мне ўявіць такое тут. Цэнтар прыгожы, але бачылі мелькам. Арабскі квартал зачараваў, блукалі вечар па вузкіх вулачках, кафля, сады на дахах. На сметніку знайшла карціну. Спадабалася, прывезла ў Беларусь. Думаю, як нацягнуць холст на падрамнік прынамсі і павесіць. Алямбра - старажытная арабская фартэцыя. Неверагодная па памерах, прыгажосці ўнутранай аздобы - казачныя карункі разьбы, якіх не бачыла дагэтуль, кафля, разнастайнасць садоў (вада праведзена з гор у вялікай колькасці).
Мястэчка кіламетрах у 100 ад Гранады (Канэта дэ лас Тора, неяк так). Бясконцыя аліўкавыя плантацыі. Чужая шумная сям’я, і я не ў сваёй талерцы, залішняя, не разумею ані слова, самотная сузіральніца. Гішпанія знутры. Керамічныя распісныя талеркі і збанкі, умураваныя ў сцены, патыё, ноччу, пасля +50 С удзень, - абяцаныя яшчаркі на сценах.
Малага. Крамкі. Пляж з раскалённым пяском: +52, бруднае мора, якое падаецца халодным. Ноч у арэапорце на падлозе, палёт, які амаль цалкам парспалі, і сядзелі не разам.
Кракаў. Чароўныя паненкі на ўпісцы, мілыя светлыя дзяўчаткі. Пачуццё - быццам амаль дома: мова амаль зразумелая, прырода знаёмая. Цмок, Вавель, і велічны Касцюшка на кані, і невыказальная дасада - ну чаму на Радзіме яму такі помнік не паставяць? Кацяня, трусік, вечар на шырокім бальконе, імбіранае піва - любоў навечна.
Доўгая дарога дадому (с) была сапраўды доўгай: палякі хоць і падбіраюць насамрэч няблага (у сярэднім паўгадзіны чакання; хоць адзін раз заліплі на 4 гадзіны, ды яшчэ па цемры не ўзялі), але на шляху ад Кракава да Берасця траса праходзіць праз месты і мястэчкі, і сярэдняя хуткасць перасоўвання ў выніку атрымліваецца 50-60 км. Пратэрмінавалі Валодзе візу на дзень, памежнік не ўзяў штрафа, і не афармляў нічога, а толькі на словах сказаў, што год не дадуць шэнгенскай візы. Дзіўна неяк.
Радзіма сустрэла залевай, ветрам, М1 не апраўдала спадзяванняў, а дома выключылі гарачую ваду.
Намагаюся пераканаць маці, што зваліць за мяжу на жыхарства пры мершай жа магчымасці - не ёсць усесусветнае шчасце, і нават не мае энсу.
Зараз мой кампаньён з'ехаў у Крым на 2 тыдні, а я зноўку не маю часу ні на што, бо прынамсі гэты тыдзень ужо разадраны на неверагодныя сустрэчы з старымі-старымі і дарагімі-дарагімі людзьмі. Зноўку маці будзе сварыцца, што не бываю дома. Але ж так супала. Такі мой жнівень…