Амаль пра Эрнэста

Jul 04, 2012 14:12

  Каб перажыць наноў, зразумець, адкуль зъявілася мая даўняя мроя, якая цяпер так блізка, узялася перачытваць у транспарце “Свята, якое заўжды з табой”. Запоем, забыўшыся на прафесійную лексіку па-ангельску, якую хацела не тое што вывучыць - перагледзець, на ўсю іншую інфармацыю для прачытання літаральна ў бліжэйшыя тры дні, я п’ю сказы, як піла гранатавы сок з віном на крымскай гальцы, асветленай свечкамі, паміж Морам і скалой. Усё ж такі захапляюся Хэмінгуэем. І ўжо не важна, навошта я ўзялася яго перачытваць. Да мяне прыйшла яснасць успрымання. Ажыла. Яснасць з смуткам і асалодай, ураўнаважанымі адносна адно аднаго, як і ў жыцці, як жыццё, як маё жыццё. Я рада, і астатняе ўжо не мае значэння.
Дарэчы, варта было б перачытаць многія Кнігі, якія я чытала ў юнацтве і не памятаю ўжо нічога, акрамя ўражання, яны надта глыбока леглі. Цікава пеаасэнсаваць.
Гэты месяц прайшоў пад знакам раскрыцця нераскрытага раней патэнцыялу і нарыхтоўкай скрыпеню. Першая спроба была на Купаллі, мы нарвалі па вялікім букеце духмяных прыгожых кветак, я даведалася пра ферментаванне гарбаты, але зрабіла няправільна. На выходных ездзіла ў вёску (спыніла, усе на Пікнік.by, а я - у вёску па зёлкі, затое машынка трапілася вельмі правільная, для мяне, і дужа прыемна і хутка даехала), там набрала яшчэ, і іншых зёлак, не ўсіх, што хацела, але - скрыпень, рамонак, чабор, маліна, зусім крыху падбелу, крыху календулы, святаяннік, мята, меліса. Зараз - другая спроба ферментацыі скрыпеню і стварэння аўтэнтычнай гарбаткі на зіму.
Пра Купалле, дарэчы. Трапіла у гэтым годзе на тое, на якое жадала некалькі год. Вельмі ўразіў зачын свята. Асалодай было спяваць са ўсімі, раней я ездзіла на розныя Купаллі, але не ведала песняў. Возера, праз якое перапраўляліся на чаўнах, хвалі, чайкі, выспа з разнатраўем і сонечнымі дубамі - гэта застанецца са мной, надоўга, да наступнага Купалля, назаўжды.
Працягваю калупаць CoutchSerfing. З маім роўнем мовы гэта крыху напружна, а тое, дзеля чаго я гэта раблю і праз што я гэта раблю - падаецца наогул абсурдным. Але так трэба, і ўсё будзе, як належыць.
У суботу з’язджаю ў Будапешт (праз Чэхію) на тыдзень. Абсалютна не падрыхтаваная, нават не ведаю, якая там валюта, не ўяўляю мапы, цьмяна здагадваюся пра гісторыю. Няслушна гэтак. Што жа я… Часу ўжо амаль няма.
Сябры, фрэнды, хтосьці з вас бываў у Парыжы? Адпішыце, калі ласка. А, і можа ў каго ёсць сябры ў Кракаве, таксама цікавіць.

спадзёвы, сябры, бясконцы шлях і шум дарог, чытацкасць, мроіва, што такое шчасце?, імпрэзы, rrainboww, прыгажосць, гляджу навокал

Previous post Next post
Up