Ішоў па праспэкце ў Менску - апынуўся ў Маскве 50-х гадоў.

Jun 23, 2007 22:54

Сёньняшні праспэкт Незалежнасьці на некалькі гадзін ператварыўся ў вуліцу Масквы сярэдзіны 50-х гадоў. Каля крамы "Лакамка" ўзнік шапік "Табак", па тратуарах хадзілі дамы з кавалерамі ў тагачасных гарнітурах, а па дарозе праязджалі "Пабеды" з іншымі незвычайнымі для вока сучасьніка машынамі... І толькі камэры й голас рэжысэра вярнуў у рэальнасьць: жыхары Менску маглі назіраць за здымачным працэсам фільма.


Чарговы фільм Валерыя Тадароўскага «Буги на костях» называюць фільмам-мюзіклам. Малады чалавек па імені Мэлс, якога выхавалі ў добрых савецкіх традыцыях, даведваецца пра існаваньне іншага жыцьця, поўнага свабоды, і кідаецца туды з галавой. Тым ня менш, застаецца добрасумленным чалавекам. Ён, нягледзячы на тое, што шматлікія сябры пад ціскам савецкай сістэмы развітваюцца з новым жыцьцём, ня кідае джаз. У выніку - становіцца зоркай сусьветнага маштабу.


Аднак менчукам не пашанцавала паглядзець на танцавальныя сцэны з такімі знакамітасьцямі, як Сяргеем Гармашом, Леанідам Ярмольнікам ці Алегам Янкоўскім. Гэтыя кадры здымаюцца на кінастудыі "Беларусьфільм". А вось буйную сцэну-замалёўку горада здымалі наўпрост на праспэкце.


Гледачоў прасілі не фатаграфаваць, бо бліскавіцы бачны ў кадры, не падыходзіць блізка й не выдзяляцца сваім яскравым аддзеньнем нават на іншым баку вуліцы. Рух па праспэкце быў перакрыты на нейкі час ад плошчы Незалежнасьці да Кастрычніцкай плошчы.


Гэты фільм ужо ўзгадваўся ў навінах ў сувязі са сьмерцю акторкі з масоўкі. Скандал узнік з-за распаўсюду ў інтэрнэт-прасторы інфармацыі, што Натальлю Абрамчук затапталі. Аднак на "Беларусьфільме" аправергнулі гэта: прычына сьмерці - інфаркт.


На гэты раз ніякіх казусаў не адбылося, а жыхары Менску спачатку раздражнёна выяўлялі прычыну перакрытага праспэкта, а пасьля з цікаўнасьцю назіралі за працэсам. Адно, што прашкаджала ня проста глядзець, але й дыхаць, - моцныя выхлапныя газы тагачасных машын: гэта вам не сучасная адпаведасьць нормам.
Previous post Next post
Up