(no subject)

Mar 29, 2015 07:52

Карцела напісаць: як абіраць адзінага, калі няма ніводнага. Гучыць прывабна, але будзе няпраўдай. На мой погляд, на погляд чалавека, які нікому нічога не павінен, грамада мае на цяперашні момант траіх. Тры асобы, трое грамадзян, якія б маглі з высокай ступенню годнасцю ўзначаліць (узбудзіць, стымуляваць, аккумуляваць, прадстаўляць і гэтак далей) лепшае, што ёсць у нашым народзе.
Паспрабую сцісла выкласці свае меркаванні. Буду нумараваць абзацы, але гэта не азначае, что яны вышыхтаваны па ранжыру значнасці. Не, проста для гэтага хутчэй знаходзілася слова, для таго - пазней…
1. Ніводнаму з іх няма патрэбы карыстацца для фотапартрэта пудрай і другой грымёрнай белібердой, каб хоць крышачку стаць падобным на… не ведаю каго… Шварцнеггера, де Ніро, Клінтана, каб выглядаць гламурна, што ўласціва некаторым … Гламур - гэта мана. І калі ты пачынаеш вымалёўваць знакі маны на сваім твары, то тваёй прыгажосці, як некалі спявалі ў частушкам: “Красота твоя в аптеке - рубль двадцать баночка”.
2. Усе яны пакутнікі. Лёс прымусіў сербануць беларускага ліха цераз край. Ніводзін з іх не зламаўся, а ворагі са скуры вылузваліся, каб зламаць. Не выйшла! Гэта вялікі гонар - прыкмета сапраўднай мужчынскасці (не мужыкаватасці).
3. Усе трое валодаюць словам, як вусна, так і пісьмова. Што можа азначаць толькі адно: думаюць, умеюць думаць і гэты разумовы працэс у іх прадуктыўны. Бязмозглых пужальшчыкаў, лыцараў “цвёрдай рукі” на нашым вяку мы пабачылі нямала
4. Адна з галоўнейшых якасцей сапраўднага прэзідэнта - павага да Закону. У мяне саспела ўражанне, што ніводзін з траіх прэтэндаў (па маёй версіі) не прынізіцца да таптання па Закону, да перайначвання яго без дзяржаўных патрэб, да выцірання падэшваў чаравікаў аб Канстытуцыю.
5. Усе яны - беларусы. Беларусы не толькі па пашпарту, а і па духу, па сумленню, выхаванню, памкненнях.
6. Кожны з іх прадстаўляе сваю, асобную плынь чалавечай дзейнасці. І кожны з іх у абранай галіне дасягнуў многага.
Дазвольце назваць маю тройку пайменна.
Мікалай СТАТКЕВІЧ. Вайсковец высокага гарту. Пакутнік з вялікім стажам. Патрэбу ў выкананні правоў чалавека адчуў кожным сантыметрам уласнай скуры, кожнай нервовай клеткай. Чалавек рашучага дзеяння і гатоўнасць супрацьстаяць нечысці без боязні. У палітыцы меў поспехі і няўдачы, ведае, пачым фунт ліха, кошт сапраўдным паплечнікам і прыліпалам.

Уладзімір НЯКЛЯЕЎ. Вялікі паэт. На тле ўсяго таго, што боўтаецца зараз у літаратуры, безумоўна, вялікі творца. Яго імя лагічна ўладкоўваецца ў повязі БЫКАЎ - БРЫЛЬ - БАРАДУЛІН - БУРАЎКІН. Ён здольны стаць беларускім Гавелам. Улады кінулі яго ў жорсткую малатарню здзекаў. Выстаяў і стаў нашмат мацнейшым. Здольны выбудаваць і ацаніць любыя патрэбы інтэлектуальнага, сацыяльнага, гаспадарчага кшталту. Без сумневу, ён аккумуляваў усё лепшае, чым багата нацыя, вакол сябе для кіравання дзяржавай.

Анатоль ЛЯБЕДЗЬКА. Яго часта папікаюць тым, што быў у камандзе Лукашэнкі. Быў, бачыў, адчуў і можа ацэньваць той бок глыбей і мацней, чым астатнія. Мяне ўражвае ягоная кіпучая энергія. Ніхто так не шчыруе ў інфармацыйнай прасторы: улёткі, газеты, тэлеканал, сустрэчы… Ніхто так шматбакова не займаецца самымі рознымі сферамі палітыкі, гаспадарання, побыту людзей. Мне здаецца, што ніхто іншы з палітыкаў не трымае сваю партыю ў такой актыўнай форме.

Ярмошына можа прызначаць любую дату выбараў. Мы ведаем, выбары і на гэты раз праляцяць над нашымі галовамі высока і далёка. І што? Сесці і плакаць, злізваючы салёныя слёзы са шчакі?
Ва ўмовах дзікага гнёту магчымым карысным дзеянням быў бы масавы агітацыйна-арганізацыйны паход за вызваленне Мікалая Статкевіча з няволі. Гэта сорам сорамаў, што кандыдатаў у прэзідэнты гадамі трымаюць за кратамі.
Previous post Next post
Up