(no subject)

Mar 27, 2015 08:38

Канфлікт у рэдакцыі газеты «Белорусы і рынок”, у сувязі з продажам акцый і з’яўленнем новых гаспадароў, новай галоўнай рэдактаркі, падобны на рашучую спробу руйнавання выдання. Гаварыць пра новыя светлыя гарызонты не выпадае, бо і акцыянер Зміцер Новікаў нічога ўцямнага пра свае намеры, пра будучыню газеты ў тэлеінтэрвію БелСАТу не змог сказаць. І рэдактарка сваімі паводзінамі паспела сябе толькі дыскрэдытаваць перад калектывам непавагай да супрацоўнікаў, з якімі і пазнаёміцца яшчэ не паспела, і і няўменнем праявіць азы прафесіяналізму. Прагучыць мо замшэла, па-савецкі (але шчыра, без савецкага крывадушша), у такіх выпадках па-за ўвагай застаюцца журналісты і другія супрацоўнікі.
Газета “Белорусы і рынок” - гэта ж не толькі паперкі аб рэгістрацыі, пячаткі і сцены кабінетаў. Гэтаі яе гонар, яе людзі (якія імёны, Быкоўскі, Алесін, Манёнак!). І вось іх гатовы выкінуць з пляцоўкі падзей, быццам гэта картонныя скрынкі, непатрэбная тара.
Нікому не даю парад, бо яны нікому не патрэбныя. Проста разважаю. Пэўна ж, галоўнаму акцыянеру трэба было пачынаць з размовы з журналістамі, і па-чалавечы, і па-прафесійнаму. Быць пры гэты чэсным, маеш намер увесь мінулы набытак, маральны і журналісцкі капітал размалаціць у друз, то так і скажы, не віляй, не круці… Выбар галоўнага рэдактара пасля такой размовы быў бы лагічным, больш асэнсаваным.
Тэзіс Змітра Новікава, зноў-такі агучаны ў тэлеэфіры, пра тое, што ў эканоміцы чакаюць ад газеты парад, што ж рабіць у крызісным стане, выглядае гэтакім ана-хрэнізмам. Ніхто ад газеты нічога не чакае, бо ўсе ведаюць, што трэба рабіць і без газет. Многае зараз залежыць і ад палітычных складнікаў. Адмова ад палітычнай тэматыкі - крок у бездань. “Белорусы і рынок”, на мой погляд, вызначаліся памяркоўнасцю, яна абыходзілася без шабельных наскокаў і аглабельнай крытыкі. Можна разважаць, каму гэта перашкаджала, мо каму персанальна не дагадзіла, але гэта малаўдзячны занятак…
Бяда ў тым, што няма каму стаць на абарону калектыву ў цэлым і асобных журналістаў у прыватнасці. Усё робіцца нібыта па закону… Усё робіцца, каб асобнае светлае і таленавітае, што ёсць у беларускай журналістыцы, знікала, ніякавела…
Previous post Next post
Up