Нарэшце ў мяне атрымалася (з трэцяй спробы) праесці грошы, што адкладвала на дзень народзінаў. Каб надаць гэтай падзее троху святочнасці, вырашыла адабедаць нечым экзатычным, яшчэ мной некаштаваным у якім-небудзь прыстойным рэстаране. Ах, каб я магла казаць пра прыстойнасць нашых кавярняў ды рэстаранаў маючы на ўвазе толькі іхнюю кухню! Як бы проста ўсё было... Спачатку трэба было адшукаць установу не надта далёкую ад майго дома, каб можна было дабрацца туды пешкі. Потым сярод іх адшукаць з уваходам даступным для вазка. Потым трапіць туды і... ага, аказваецца яшчэ не ў кожнам рэстаране зручныя столікі для такіх нечаканых наведвальнікаў.
Дарэчы пра "трапіць", з прыстойна-даступных абрала піцэрыю "Пицца Браво", калі даведалася, што там гатуюць не толькі піцу, а недзе ў двары існуе адкрытая пляцоўка, бо парадны ўваход ахоўваюць прыступкі. Пасля пэўнага блукання па задворках, я адшукала такі тую пляцоўку, выбрала столік і прымацавалася да яго бокам. Заехаць пад яго не атрымалася, бо па баках стаялі цяжкія лаўкі. Так напаўбокам і каштавала сушы (не зразумела ці спадабаліся) ды піла каву з пірожаным (смачными).
Пакуль вельмі асцярожна, каб не навярнуць на сябе (сядзець было нязручна, адной рукой трымала падстаўку з стравай) частавалася гэтай моднай ежай, успомніла, што ў сераду ў гарвыканкаме ладзілі справаздачу па безбар'ернаму асяродку. Усе гарадскія службы адчытываліся па гэтай справе. Цікава было б пачуць, што яны там гаварылі. Напэўна пра тое, колькі аб'ектаў у гэтым годзе было запланавана абсталяваць безбар'ерным доступам і колькі ўжо зроблена. Ведаю, што да 2015 года плануецца абсталяванне 45 абъектаў. Гэта мала ці многа? І ці можна лічыць нязручныя столікі ў кавярні часткай бар'ернага асяродку?
І напрыканцы хачу падзяліцца добрай навіной, асабліва для тых, хто ў тэме.)) У Бабруйску хлопец-вазочник
выйграў справу ў судзе ў камунальных службаў, - гэта
першы такі выпадак у Беларусі. Спадзяюся, не апошні...