Агонь уначы - Ніна Мацяш

Jun 23, 2012 01:37

Няма святла.
            Відаць, абрыў на лініі -
Вятрыска ж круціць, нібы ашалеў.
Прыклала ноч свае далоні сінія
Да шыб, дрыжачых пад гундосы спеў.

А мне - утульна, нечакана хораша,
Прыціхшы, слухаць буру і сябе,
Ступаць за думкай без шчымлівай горычы,
Як аратай за плугам пры сяўбе.

Ды раптам сэрца працяло трывожнае:
А што, калі з дарогі хто зблудзіў
Ці проста страшна стала падарожнаму,
Што ў непагадзі ён зусім адзін?..

Асмалак свечкі леташняй каляднае
Шукаю ў скрынцы вобмацкам хутчэй -
І вось ужо з акна майго выглядвае
Скупы агеньчык, добры гном начэй!

Шыбуй сюды, знявераны і стомлены!
Тут рук сяброўскіх шчырае цяпло.
І падалося мне:
                  сам шквал надломлены
Быў гэтым кволым, прызыўным святлом.

Калі ў сваёй дарозе, часам здрадлівай,
Згублю з-пад ног збалелых цвёрды грунт,
Я так хацела б, каб і мне здагадліва
Агеньчык нечае душы спагадлівай
Выратавальна ў вочы зазірнуў.

вершы, Ніна Мацяш, святло ў цемры

Previous post Next post
Up