(no subject)

Sep 20, 2011 00:45


Пачыналася ўсё на Далёкім Усходзе на пачатку 90-х. Маладая сямейная пара з-за жончынай хваробы не магла мець дзяцей. Але менавіта жанчына вельмі хацела дзіцёнка і муж, каб суцешыць яе пагадзіўся на ўсынаўленне. На сямейнай радзе вырашылі дзейнічаць самастойна, без дапамогі дзяржавы. (Бацька маладой жонкі быў даволі ўплывовай у горадзе асобай і ўся "аперацыя" была праведзена з ягонай дапамогай.) Хлопчыка літаральна купілі ў сапраўднай маці амаль адразу пасля нараджэння і аформілі родным сынам прыёмнай маці. Назвалі хлопца Іллёй. Любілі яго, асабліва маці і бабуля, гушкаліся, але нядоўга. Малечы яшчэ не было і году, - маці з бабуляй загінулі ў аўтамабільнай катастрофе. Дзеду і таце хлопчык быў не патрэбен. (А па дакументах яны былі самымі сапраўднымі для Іллі.) Тады малады бацька прывёз хлопчыка ў Беларусь, тут у вёсцы пад Мінскам жылі ягоныя бацькі, а сам вярнуўся да дому і назаўсёды знік з далягляду жыцця дзіцёнка.

Ілля бабулю называў мамай, а дзеда дзедам. Таце ён пісаў лісты і віншавальныя паштоўкі, заўсёды безатказныя. Выхоўвалі хлопчыка дзед з бабай, любілі як роднага, але ж яны не былі не псіхолагамі, ні педагогамі, а хлопчык быў цяжкі. Першы раз ён сышоў з дому яшчэ ў дашкольным узросце, нарабіў перапалоху ва ўсёй вёсцы і ў сям'і. Адшукалі, вярнулі, сварыліся, забаранялі сыходзіць без папярэджаня. Але праз пэўны час усё паўтаралася.

Калі сям'я прадала свой дом і гаспадарку ды перабралася ў Бабруйск, Іллі было 12 год. Мяне папрасілі пазаймацца з ім ангельскай мовай, бо ў вёсцы хлопчык вывучаў нямецкую. Вучыцца Ілля не хацеў, але ангельскую мы за год паднялі на даволі высокі ўзровень. Я спачатку давала яму заданні на дом, але потым зразумела, што ўсё трэба вучыць на месцы, так і рабілі. Наогул мы з ім пасябравалі, можа таму і ўрокі праходзілі паспяхова. Хлопчык быў жывы, разумны, непаседлівы і даволі адкрыты, прынамсі пад час нашых сустрэч. Упадабаў мой кампутар, хоць там не было яго любімай гульні Конра страйк. Усіх дзяцей, што да мяне прыходзілі (пляменніц, іх сяброў і г.д.) я навучыла маляваць патртэт клоўна ў Paint-е. Малявалі аднолькава, а клоўн атрымліваўся ў кожнага свой. Клоўн Іллі быў нейкі злавесны, не добры. Тады падумала, што гэта з-за ягонага захапленнем гуртом Кароль і Шут ды ўсім панкаўскім антуражам.

Знік Ілля ў верасні 2004 года. Бабуля з дзедам, сваякі абышлі ў пошуках хлопца ўсё што маглі, - дарма. Ні сябры, ні аднакласнікі нічтога не ведалі. Міліцыя таксама шукала ці рабіла выгляд, што шукае. І нарэшце адшукала. У 2008 годзе бабулі Іллі пазванілі з міліцыі, - у закінутым будынку былых складоў знайшлі косткі і чэрап, па іх меркаванню гэта Ілля. Паабяцалі правесці дадатковую экспертызу і паведміць родным аб яе выніках.

За гэтыя чатыры гады адсутнасці хлопца бабуля трымалася толькі малітвамі за яго і верай, што Бог абароніць Іллю ва ўсіх туляннях ды ў свой час верне да дому. Яна пісала ў перадачу "Жди меня", абышла ўсіх імаверных яго новых знаёмых, яна бегала ў міліцыю да следчага пасля кожнага маўклівага званка тэлефона. А аднойчы ёй пазванілі з іх вёскі і сказалі, што Ілля званіў былой аднакласніцы. Гэтыя весткі для яе былі як лісты з фронта, - жывы! А тут гэты чэрап. З міліцыі ёй так і не пазванілі.

Пра вынікаў экспертызы яна даведалася значна пазней. Гэтым летам яна нарэшце выршыла ўсяць спраўку, што Ілля знік без весткі, каб не плаціць за яго налог на дом. Пайшла ў міліцыю і даведалася, - хлопец у іх лічыцца памёрлым, бо экспертыза паказала, што чэрап і косткі належаць Іллі. Жанчыне растлумачылі так, хлопец у вас быў праблемны, клей нюхаў (магчыма і нюхаў, бабуля гэта дапускае, бо апошнія месяцы ён звязаўся з кепскай кампаніяй),  залёг аднойчы з мяшком на галаве ды і памёр. А ў 2008-м годзе гэтыя закінутыя склады вырашылі знесці, так і адшукалі парэшткі.
Бабуля плача, мы ж не ведалі пра тыя склады, мы ж у Бабруйску ўсяго год жылі... Яна нават не ведае дзе яго пахавалі.

Цікава было б даведацца, што з сябе ўяўляе гэтая экспертыза.

жыццё, міліцыя, блізкія людзі

Previous post Next post
Up