Рознае + нацюрморт з грушай

Dec 02, 2010 02:34

Там - паўсюль снег, пакуль 'шчэ белы і чысты. Ён першы, ён нечаканы, яму радыя, пакуль.

Там - хутка перавыбары прэзідэнта і пра гэта не казаў толькі гультай. Столькі шуму, а дзеля чаго? Ой, Божухна, даруй мне маю няверу... пайду і прагаласую за Рымашэўскага, каб не было мучыцельна больна потым за асабістую бяздзейнасць.

Тут - адзінота, яна бліжэй за выбары і снег з нелюбімымі маразамі, бо ўнутры. Так адбываецца, калі адчужэнне, непаразуменне і крыўды ў важных і дарагіх табе стасунках пераходзяць мяжу невяртання і навокал становіцца пуста. І ты думаешь які адсотак тваёй віны ў гэтым, што можна было б зрабіць, каб захаваць?

Тут - зацягнуўшаяся барацьба, найперш з сабой, за свабоду быць сабой і любіць сябе як ёсць. Адсюль і пэўныя канфлікты ў стасунках. Перажываю. Хачу, каб усё правільна было і завісаю ў няправільнасці. Ага, барацьба за свабоду мець свой адсотак няправільнасці і жыць спакойна. Ці магчыма такое?

Тут - у адной з віртуальных вандровак па арт-галерэях натрапіла на сайт амерыканца David Cheifetz. Прыгожа растаўлены посуд, садавіна\гародніна, кветкі. Цытрусавыя і кветкі ззяюць, быццам колерам мастак вырашыў перадаць водар,  вінаград і шкляны посуд нечым падобныя адзін на аднаго, а грушу з апошняга нацюрморта я бы з'ела. Хачу грушу. А лепей дзьве!








жывапіс, david cheifetz, выбары, я, зіма, снег

Previous post Next post
Up