Пытанні, пытанні, пытанні

Nov 24, 2010 01:12


Заўсёды чытаю блог Сьвятланы Рамонак на tut.by. Дзяўчына (ёй год 17) піша таленавітыя вершы, называе іх слэмам (не надта ведаю, што гэта такое, але мне падабаецца) і фэнтэзійныя апавяданні на тэму бел. фальклёру. Але пішу пра яе не дзеля піяру блога. Сёння яна напісала пост-разважанне на тэму чаму мы адмаўляемся гаварыць па-беларуску з мноствам пытанняў. У каментарыі я заўважыла, што каб не звярнулі беларусізацыю 90-х, большая частка гэткіх пытанняў адпала бы сама сабой. Дзяўчына на гэта адрэагавала наступным пастом у якім просіць распавесці як адбывалася беларусізацыя? Што вы памятаеце з тых часоў і як гэта на вас паўплывала?

Што мне адказаць? Як сядзела на сваёй канапе і слухала Беларускую Маладзёжную з якой аднойчы даведалась, што Францыск Скарына раней за Фёдарава надрукаваў пераклад Бібліі? Ці як узахлёб чытала часопіс Крыніца з беларускамоўнымі коміксамі і фоткамі карцін Ісачова? Як глядзела праграму "Крок" ды паседжанні вярхоўнага савета з выступамі Пазьняка і адкрывала для сябе тутэйшую Атлантыду? Купляла шматтомнік Караткевіча, плакала над лёсам яго герояў, чытала ў часопісе "Маладосць" Ермаловіча і Геніюш, не разумеючы шмат словаў, перапісвала ў сшытак усе беларускамоўныя вершы, што трапляліся ў рукі, вучыла словы, шмат словаў. Я не чула ніводнага беларускага слова навокал сябе, не сустрэла ніводнага аднадумца ў той час, таму, баюся, што не маю права распавядаць пра беларусізацыю 90-х. Хаця, ведаю, што яна была, бо знаёмы вучыўся ў тыя часы ў палітэхе і лаяўся з-за пераходу выкладання на беларускую мову. Нешта ж было? А што канкрэтна? Дапамажыце адказаць ці самі адкажыце... А можа яе ніхто не зварачваў і я не маю рацыі? А можа яе ўсё ж і не было? о_О

мова, 90-е, дапамога, піяр

Previous post Next post
Up