Такая вось гісторыя

Jan 26, 2010 16:00


Яна сама абрала сабе імя. Бацькі збіраліся назваць нованароджаную дзяўчынку Аксанай, але немаўля, замест звычайнага дзіцячага у-а, крычала: “ін-га-ін-га-ін-га”. Якая тут Аксана?

У сям’і яе звалі Інгушай. Да дванаццаці год усё ішло як мае быць, а потым раптам паднялася тэмпература, пачалі балець суставы, балець няспынна. Напалохала Інгуша маці з татай ды бабуль, кінуліся да дактароў. Тыя паставілі дыягназ - реўматоізны артрыт. Канешне ж лячылі, дзяўчына вырасла ў туляннях па розных клініках, там і вучылася паміж аперацыямі ды рознымі працэдурамі. У яе руйнаваліся і касцянелі суставы, працэс ішоў з запаленнем і большай ці меньшай боллю. Часам боль адпускала, асабліва ўлетку пасля гарачых сонечных ван. Тады жыццё падавалася святочным і лёгкім, здавалася, што ўсё ў яе атрымаецца і мары спраўдзяцца.

А жыццё ж паласатае, за гарачынёй лета настаюць халады. Пасля школы Інга паступіла ў ўніверсітэт на нейкі эканамічны факультэт. Але вытрымала там не доўга, занадта цяжка аказалася бегаць па аўдыторыях ды паверхах. Кінула.

Мы з ёй пазнаёміліся, калі яна прыйшла ў нашу царкву. (Усе мае сябры даінэтаўскай пары адтуль.) Невысокая, худзенькая дзяўчына з доўгімі светла-рудымі валасамі, маўклівая і сур’ёзная. Потым я даведалася, што сур’ёзнасць ішла ад хваробы, а не ад характару. Інга не любіла сур’ёзнасць, строгасць, шэрасць і нуду-маркоту ва ўсім. Таму слухала толькі вясёлую музыку, глядзела толькі камедыі і меладрамы з хэпіэндамі. Яна вельмі любіла танчыць. Любіла ўсё яркае і бліскучае. Любіла шакалад і дзяцей. Дзеці яе таксама любілі, мае дзяўчынкі лічылі яе за роўную сабе і сумавалі, калі доўга з ёй не бачылісь.

У яе і хрысціянства было святочнае, толькі радасць, толькі перамога ў Хрысце, толькі любоў і пяшчота. Пра пакуты і цярпенні хрысціянскага жыцця яна гаварыць не любіла, хаця ў сваіх цярпеннях трывала даволі стойка.

Мы былі з ёй мала ў чым  падобная. Інга магла назваць класічную музыку старызнай, а беларускую мову непрыгожай і грубай, чым несказана мяне крыўдзіла. Я таксама яе крыўдзіла, бо не магла і блізка слухаць яе дыджяў ці хрысціянскі рэп. Яна казала, што ад мяне нясе холадам. Мы спрачаліся, крыўдзіліся, але ніколі не сварыліся. Яна была маёй вельмі блізкай сяброўкай. Яна была.

Маці плакала ў слухаўку: “Яе сёння перавялі з рэанімацыі, дактары сказалі, што ёй палепшала. А яна памёрла. Навошта яны мяне падманулі?” Як было ў гэта паверыць? 18 студзеня гэтага года Інгу пахавалі, ёй было 34 гады.

Спачатку было вельмі больна, малілася, плакала. А потым, неяк адразу ў сэрца прыйшоў спакой і разуменне, што яна ўжо не належыць нам. Яна ў лепшым свеце, у святле недасягальным і ёй там добра. Няма чаго плакаць…

жыццё, успаміны, чалавек, хвароба

Previous post Next post
Up